Вы тут

Як тры пакаленні сям'і працуюць на адным заводзе


Працоўная дынастыя БАБІНОВІЧАЎ склалася яшчэ ў сярэдзіне мінулага стагоддзя. Вось ужо тры пакаленні гэтай сям'і шчыруюць на Мінскім трактарным заводзе. Толькі ўявіце: іх агульны працоўны стаж налічвае 178 гадоў! Бацькі і дзеці расказваюць, што іх прывяло ў сферу машынабудавання, і як работа дапамагла сустрэць сваіх палавінак.


Брат з сяст­рой: Аляк­сандр і На­дзея.

Да машын цягнула з дзяцінства

На прахадной сустракаемся з Таццянай Мікалаеўнай. Чакаем са змены мужа. Сама Таццяна выйшла на пенсію два гады таму, але работнікі завода дагэтуль добра яе памятаюць: ледзь не кожны другі падыходзіць павітацца.

— Мікалаеўна, як справы?

— О, Мікалаеўна! Даўно не бачыліся.

«Гляджу, мужчыны нашы з узростам усе «пашырэлі», — жартам заўважыць пасля Таццяна. А калі сур'ёзна, то ў транспартным цэху жанчына адпрацавала 39 гадоў, таму і з калектывам у добрых адносінах. «На Таццянін дзень мне чалавек дзесяць з былых калег патэлефанавалі павіншаваць. Не забываюць», — дзеліцца яна.

А вось якраз і муж падышоў — Уладзімір Уладзіміравіч. Пакуль дзеці яшчэ на рабоце, гутарым з парай пра гады, праведзеныя на заводзе.

Працоўная дынастыя Бабіновічаў пачалася яшчэ з бацькоў Уладзіміра. На трактарны завод яны ўладкаваліся ў 1950 годзе. Хоць самі не мінчане: ён — з Бярэзінскага раёна, яна — з Чэрвеньскага. Іх вёскі знаходзіліся побач. Але маладыя сяляне, як і многія ў той час, рваліся ў сталіцу. На заводзе яны пазнаёміліся, там жа і адпрацавалі да самай пенсіі. Бацька быў транспарціроўшчыкам у механічным цэху, а маці — кіроўцам электрапагрузчыка ў транспартным.

Уладзімір Уладзіміравіч на МТЗ прыйшоў у 1974 годзе, адразу пасля школы.

— Маці калісьці прывяла сюды, паказала, на чым катаецца, — я і загарэўся. Вось ужо 43 гады ў адным цэху працую: спачатку слесарам, потым акумулятаршчыкам, — падлічвае мужчына. — Увогуле заўсёды цікавіўся машынамі. Калі ў школу хадзіў, казаў усім: буду кіроўцам.

Таццянін працоўны шлях на заводзе пачаўся крыху пазней — у 1976-м. Сама яна з Мастоўскага раёна Гродзенскай вобласці. Пасля школы год адпрацавала ў ёй жа лабарантам і фізікам, бо настаўніка па гэтым прадмеце ў школе не было. Але да педагогікі душа не ляжала. Шукаць лепшай долі Таццяна паехала ў Мінск, паступіла ў БДУ.

— Але калі нас пасля першага курса сабралі і аб'явілі, што мы будзем настаўнікамі ў вёсцы, я адразу забрала дакументы і прыйшла на трактарны завод, — смяецца наша гераіня. — А куды было падацца? МТЗ быў самым папулярным заводам.

У аддзеле кадраў дзяўчыне далі накіраванне на канвеер. Праўда, пакуль яна праходзіла ўсе камісіі, работнікаў туды набралі. Таму Таццяну адправілі ў транспартны цэх. «Гэта нават лепш, — запэўнілі тады знаёмыя. — А то ад канвеера ты ні на крок не адыдзеш, а так хоць паездзіш па тэрыторыі».

За гэтыя гады Таццяна папрацавала на розных спецыяльнасцях: кіроўца электрапагрузчыка, тэхнік па ўліку гаруча-змазачных матэрыялаў, інспектар, старшы дыспетчар. Паралельна завочна скончыла Мінскі палітэхнікум.

— З чырвоным дыпломам, — удакладняе жанчына. — Як мяне з курсавым праектам ганялі! Казалі: «Не можа быць, каб жанчына на адны пяцёркі вучылася!»

Кватэру будавалі ўласнымі рукамі

Раней у транспартным цэху жанчын было працэнтаў дзесяць. «Вядома, з боку мужчын шмат увагі, — прызнаецца Таццяна Мікалаеўна. — Мы так усе сябравалі. У сталовай калі адзін чалавек з нашай кампаніі чаргу заняў, натоўпам да яго далучаліся. І на танцы хадзілі — у асноўным у Парк імя 50-годдзя Вялікага Кастрычніка».

З будучым мужам Таццяна пазнаёмілася ў 1978-м.

— Я тады з арміі прыйшоў, зазірнуў у цэх з хлопцамі павітацца, — расказвае пра тую сустрэчу Уладзімір Уладзіміравіч. — Паглядзеў, што дзяўчына новая ў прыгожай хусцінцы ходзіць, з касой па пояс. Вырашыў, што будзе маёй. Праз два гады, у жніўні, мы ажаніліся.

— Першыя гады замужжа для мяне былі самыя цяжкія, — дзеліцца Таццяна Мікалаеўна. — Начальнік калоны пастаянна ставіў мяне ў трэцюю змену (гэта з 24 гадзін да сямі раніцы), каб дзяцей адразу не завяла (смяецца).

Дэкрэтны ў тыя часы, дарэчы, быў удвая карацейшы — усяго паўтара года. Дзіцячы садок, куды Бабіновічы вадзілі сына і дачку, быў у суседнім доме — з пад'езда ў пад'езд толькі перабегчы. Чэргі ў сад, праўда, таксама былі. А колькі нерваў, каб уладкаваць дзіця ў групу! Але Бабіновічам пашанцавала: «выбіць» месцы ў садку дапамагла калега.

Кватэру сям'я атрымала ад работы. Амаль пяць гадоў работнікі самі дапамагалі гэты дом будаваць. Таццяна расказвае, што кожны будны дзень з чатырох да васьмі яны прападалі на будоўлі. І па выхадных ездзілі, а дзяцей летам на гэты час у вёску адвозілі. Потым пры размеркаванні кватэр гадзіны на будоўлі залічваліся: хто больш адпрацаваў, той і першы ў чарзе. З прэтэндэнтаў на трохпакаёўку Бабіновічы былі шостымі ці сёмымі.

— Цяпер рамонт распачалі: свае агрэхі прыбіраем. Раўнуем сцены, якія самі клалі, — усміхаецца Таццяна Мікалаеўна.

— Спяшаліся, хацелі хутчэй засяліцца, — апраўдваецца Уладзімір Уладзіміравіч.

Ад завода Бабіновічы атрымалі ў свой час і лецішча непадалёк ад Кургана Славы, паміж Слабадой і Дамашанамі.

Муж і жон­ка: Ула­дзі­мір Ула­дзі­мі­ра­віч і Тац­ця­на Мі­ка­ла­еў­на.

Спартыўныя спаборніцтвы і паездкі за мяжу

Пара ўспамінае: у іх маладосці калектыў быў вельмі дружны. Самі суботнікі ладзілі, тэрыторыю завода прыбіралі. Потым начальнік цэха даваў аўтобус — усе ехалі ў лес на пікнік. Паездкі за мяжу арганізоўвалі. Былі ў Прыбалтыцы, адным летам тры разы ў Адэсе пабывалі. Карацей, ёсць, што ўспомніць.

Праводзілася шмат спартыўных спаборніцтваў: і лыжы, і крос, і спартыўнае арыентаванне. «Зімой, памятаю, мне на біятлоне пяць кругоў штрафных давялося ехаць, бо прамазала, калі страляла па мішэнях, — расказвае Таццяна. — Я і прызавыя месцы займала. Неяк за перамогу на кросе мне падарылі вадалазную маску з трубкай і ластамі».

Але і працаваць даводзілася нямала. Між цэхамі ладзілі спаборніцтвы па паказчыках прадукцыйнасці, праўда, транспартны цэх, дзе працавалі Таццяна і Уладзімір, у іх не ўдзельнічаў, бо лічыўся не асноўным, а дапаможным. Муж і жонка, дарэчы, маюць званні ветэранаў працы.

Якія гады былі самымі цяжкімі?

— Па-мойму, такіх не было, — аптымістычна адказвае Уладзімір.

Любая праца павінна паважацца

Прыкладна праз гадзіну са змены вызваляюцца Аляксандр і Надзея — дзеці Уладзіміра і Таццяны. Абое вырашылі працягнуць сямейную працоўную традыцыю. Хлопец трапіў на завод падчас практыкі ў каледжы. Выбраў месца работы па водгуках бацькоў. Таццяна Мікалаеўна ўзгадвае, як цішком прывяла шасцігадовага Сашу на экскурсію на завод.

— Тата яго на электракары па ўсіх цэхах абвёз, потым ён у мяне сядзеў і друкаваў. Ужо дадому ідзём, а на прахадной пытаюць: «Хлопчык, а ты адкуль?». Кажу сыну: «Бяжы!», — з усмешкай успамінае жанчына.

Аляксандр паспеў папрацаваць і на канвееры, і ў вытворча-дыспетчарскім упраўленні. Нават трактар вадзіць навучыўся: нейкі час спрабаваў сябе ў ролі абкатчыка. Цяпер працуе спецыялістам па продажах у гандлёвым доме МТЗ.

Яго сястра Надзея працуе ў транспартным цэху разам з бацькам. Адпраўляе трактарыстаў на лінію і выдае ім пуцёўкі. А пачынала кладаўшчыком: на завод дзяўчына прыйшла ў 18 гадоў.

— Захацела перайсці на свае грошы, каб і самой зручней было, і маме з татам лягчэй жылося, — тлумачыць яна сваё рашэнне. — Бацькі паклікалі да сябе пад крыло. Штосьці не ведала — званіла маме. А калі працую разам з бацькам на змене, заўсёды спакойна, што, прынамсі, электракарнае аддзяленне нас не падвядзе. Ведаю, што тата ўдвайне будзе старацца, калі дачка на змене (усміхаецца). Увогуле, у нас на заводзе старэйшае пакаленне вучыць маладых.

Дома за вячэрай работу стараюцца не абмяркоўваць — каб мама Таццяна Мікалаеўна не перажывала.

Што цікава: і Надзея, і Аляксандр таксама сустрэлі сваіх палавінак на заводзе. Дзяўчына са сваім мужам працуе ў адным цэху, а хлопец пазнаёміўся з абранніцай на святкаванні Дня машынабудаўніка.

Ці не думала моладзь змяніць работу, паспрабаваць сябе ў іншай сферы?

— Не збіраюся пераходзіць, прывык. Дый многія сябры з каледжа тут засталіся, — адказвае Аляксандр.

— Шчыра, часам прыходзіла такое ў галаву, але бацькі на мяне ўскладаюць вялікія надзеі, таму не хочацца падводзіць. Мне тут камфортна: з людзьмі знаёмая, работу сваю ведаю, — дзеліцца Надзея. — Тое, што нехта лічыць, што працаваць на заводзе непрэстыжна, мяне ніколі не хвалявала. Я ведаю, як мае бацькі шчыравалі на гэтай вытворчасці. Любая праца павінна паважацца і цаніцца.

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ

lubneuskaya@zvіazda.by

Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.