Вы тут

Беларускія кінематаграфісты разышліся па двух лагерах


На шчасце альбо на жаль, не бывае так, каб наконт нейкай з'явы склалася агульнае меркаванне. Вось, напрыклад, у нас на фоне зацяжнога крызісу айчыннага кінематографа, бяссілля нацыянальнай кінастудыі і сцэнарнага голаду з'явіўся незалежны кінематограф, прынамсі, больш адчувальны незалежны кінематограф. Ён, у адрозненне ад «Беларусьфільма» з яго ідэалагічнымі і камерцыйнымі задачамі, уступае ў сувязь з рэальнасцю, выкарыстоўвае магчымасці мовы, знаходзіць цікавыя падыходы, часам дэманструе нешаблоннае мысленне, адгукаецца на актуальныя тэмы і ў цэлым абяцае беларускаму кіно светлую будучыню. Думаеце, незалежны кінематограф як з'ява выклікае толькі станоўчыя водгукі? Натуральна, не.


«З 8 Сакавіка, мужчыны!», «Беларусьфільм».

Падкрэслю, што гаворка ідзе не пра асобныя фільмы, а пра феномен ці, скажам, тэндэнцыю ў цэлым. Так, часам тое, што мы бачым з незалежнага, і кіно назваць нельга, але менавіта ў гэтай сферы апошнія некалькі гадоў назіраецца ўрадлівая актыўнасць. І калі на адным баку фільмы «Сляды на вадзе», «З 8 Сакавіка, мужчыны!» і серыялы для ў першую чаргу расійскага тэлеэкрана, незалежныя карціны з больш цвярозым поглядам на навакольную рэчаіснасць я прымаю як манну нябесную. Нават з іх недасканаласцю здаецца, што якая-ніякая будучыня нашага кіно стаіць за неўладкаванай, але свабодай, а не за ржавай ледзь паваротлівай сістэмай дзяржаўнага фінансавання.

«Граф у апельсінах» Улады Сяньковай.

Праўда, мяркуючы па ўсім, такая расстаноўка сіл затрымаецца на нашай тэрыторыі яшчэ надоўга: распрацаваны Міністэрствам культуры рэзанансны праект указа Прэзідэнта «Аб мерах па стымуляванні развіцця кінематографа» аказаўся ўказам аб мерах па стымуляванні развіцця «Беларусьфільма», што пацвердзіла Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю, да якога ад усёй кінасупольнасці звярнулася Майстэрня сацыяльнага кіно. Майстэрня, дарэчы, кінасупольнасць і аб'яднала, калі праект указа быў на кароткі тэрмін вынесены на грамадскае абмеркаванне, дамаглася адтэрміноўкі апошняй магчымасці ўнесці ў яго свае прапановы, арганізавала некалькі сустрэч прадстаўнікоў сферы кінематографа, сфарміравала папраўкі і адправіла іх на разгляд. Вынікі, якія хутка мусяць стаць вядомымі, пакажуць, у якой ступені голас непасрэдных дзеячаў кінаіндустрыі ўлічваецца пры лёсавызначальных рашэннях.

«Сляды на вадзе», «Беларусьфільм».

А пакуль цікава назіраць, як у гэтай сістэме адны паблажліва адзываюцца пра «безнадзейны» «Беларусьфільм» (і гэта лагічная выснова), а іншыя кажуць, што ў фільмах, напрыклад, нацыянальнага конкурсу кінафестывалю «Лістапад» (а ён збірае ў сабе найлепшае беларускае кіно, і абсалютную большасць яго праграмы складаюць незалежныя карціны) «няма прафесіі». А самае любімае, калі нехта, хто мае дачыненне да «афіцыйнага лагера», трыумфуе пасля адмоўных рэцэнзій на незалежныя работы.

«Заўтра» Юліі Шатун.

Але, калі зірнуць праўдзе ў вочы, самыя цікавыя фільмы, нягледзячы на тое, што дзяржаўныя грошы ў асноўным застаюцца на «Беларусьфільме», сапраўды ствараюцца незалежнымі маладымі аўтарамі. Я не ведаю, ці трэба тлумачыць, што карціна «Заўтра» Юліі Шатун, якая сёлета стала найлепшым ігравым фільмам нацыянальнага конкурсу кінафестывалю «Лістапад», з любога пункту гледжання цікавейшая за баявік нацыянальнай кінастудыі. Што на найпрэстыжнейшым фестывалі дакументальнага кіно ІDFA ў Амстэрдаме беларускае кіно прадстаўляе Настасся Мірашнічэнка з карцінай «Дэбют», створанай аўтаномна ад фінансавай падтрымкі дзяржавай. Што ў простым фільме Вольгі Дашук «Партрэт» для Белсата больш ідэі, чым у знятым на кінастудыі яе ж фільме «Сяргей Плыткевіч. Чалавек з фотаапаратам».

«Падарунак Санта-Клауса» з альманаха «Мы» «Беларусьфільма».

Здаецца, можна было б кансалідавацца: маладыя і перспектыўныя аўтары рабілі б свае праекты на Нацыянальнай кінастудыі. Трэба сказаць, нешта на гэтай ніве «Беларусьфільм» сапраўды імкнецца рабіць, але дазвольце не паверыць у паспяховасць гэтай ідэі: тыя, хто меў стасункі з кінастудыяй, вяртацца туды звычайна не хочуць; тыя, хто не меў гэтых стасункаў, таксама аддалі б перавагу іншым магчымасцям, а новы альманах дэбютаў «Мы», не так даўно прадстаўлены «Беларусьфільмам», пацвердзіў, што нават работа на кінастудыі маладых і перспектыўных не заўсёды дае належны вынік.

«Душы мёртвыя» Віктара Красоўскага.

Справа ў тым, што архаічная сістэма, якой, нягледзячы на расхваленую рэканструкцыю, з'яўляецца нацыянальная кінастудыя, ужо даўно не ўпісваецца ў сучасны свет. Пакуль уся Еўропа жыве з пітчынгамі, фондамі і кінацэнтрамі, а некаторыя ўвогуле заглядваюць у далёкую будучыню і прадракаюць знікненне аўтарскага мастацтва і перамяшчэнне ўсяго кіно ў інтэрнэт, гэта значыць разважаюць нават не сучаснымі, а наватарскімі канцэпцыямі, мы ж маем «Беларусьфільм». І праект указа па кінематаграфіі мысліць усё тым жа ўчарашнім днём — не развіццём кіно, а кароткай падтрымкай дзяржаўнай кінафабрыкі.

Здавалася б, відавочна, што «Беларусьфільм» — гэта нязграбная сістэма мінулага, што трэба даваць грошы маладым кінематаграфістам, што хоць нейкая свядомасць перамясцілася ў пакуль нетрывалае, але незалежнае кіно. А потым абсурд, што мы назіраем у стаўленні дзяржінстытуцый да айчыннага кіно, становіцца зразумелым, калі разглядаць яго ў простай логіцы — нежаданні ўкладвацца ў доўгайграючыя арыентыры, а імкненні да большай імавернасці, што беларускае кіно зможа зарабіць грошай. Серыяламі яно і заробіць, але беларускі кінематограф так і застанецца бясслаўнай чорнай безданню.

Ірэна КАЦЯЛОВІЧ

katsyalovich@zviazda.by

Загаловак у газеце: Незалежнае кіно супраць «прафесійнага»

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.