Вы тут

Людзі з абмежаванымі магчымасцямі вырошчваюць вешанкі


Куды працаўладкавацца чалавеку з інваліднасцю ў маленькім райцэнтры? Тут здаровы і канкурэнтаздольны не заўсёды можа знайсці прыстойную працу. Значыць, людзі з абмежаванымі магчымасцямі тым больш маюць патрэбу ў дапамозе. У Валожыне вырашылі паспрабаваць навучыць іх вырошчваць грыбы вешанкі.


Цяп­лі­ца, у якой вы­рошч­ва­юц­ца грыбы.

Чаму менавіта вешанкі? Справа ў тым, што вырошчванне грыбоў — даступная праца для людзей з інваліднасцю: тэхналогіі дастаткова гнуткія, грыбы хутка растуць,  у цэлым гэты від дзейнасці можа быць канкурэнтаздольны. У Беларусі ўсяго дзве кампаніі вырошчваюць грыбы, асноўная ж частка прадукту ўвозіцца з Літвы і Польшчы, што робіць яго не самым танным. Ёсць яшчэ дробныя вытворцы, але яны ўмовы не дыктуюць.

Быў улічаны і той факт, што Валожынскі раён калісьці аказаўся самым забруджаным у Мінскай вобласці пасля катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. А вешанка — карысны і экалагічна чысты прадукт, больш за тое, яна выводзіць з арганізма радыенукліды.

Таму і ўзнікла ініцыятыва «Валожынскія вешанкі». Адна з асноўных яе задач — навучанне і працаўладкаванне людзей з інваліднасцю. Кіраўнік ініцыятывы загадчык аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў Валожынскага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Ларыса Шчарбачэвіч расказала, што ў праекце ўдзельнічаюць 10 маладых людзей з абмежаванымі магчымасцямі, якія на працягу сямі месяцаў будуць вучыцца вырошчваць грыбы. Усе, хто прайшоў навучанне, атрымаюць сертыфікат адпаведнага спецыяліста. А пасля заканчэння праекта будзе створана сацыяльнае ўнітарнае прадпрыемства па вырошчванні грыбоў, куды працаўладкуюць чатырох чалавек з інваліднасцю.

Навучанне будучых сацыяльных прадпрымальнікаў у стартап-школе праходзіла ў рамках праекта «Валожын без бар'ераў». Мэта гэтага праекта — зрабіць сацыяльныя і рэкрэацыйныя паслугі ў Валожынскім раёне больш даступнымі для людзей з інваліднасцю. Праект фінансуецца ЕС. За перамены ў Валожынскім раёне адказваюць Валожынскі райвыканкам, грамадскае аб'яднанне «Беларускае таварыства інвалідаў», Беларускае грамадскае аб'яднанне «Адпачынак у вёсцы» і Мясцовы фонд садзейнічання развіццю міжнароднага дыялогу і супрацоўніцтва «Інтэракцыя».

* * *

У гэтым праекце тэорыя адразу ж спалучалася з практыкай. Так, вешанкі вырошчваюцца на саломе або на апілках. І, па словах Ларысы Шчарбачэвіч, усё неабходнае для іх вырошчвання хлопцы рабілі самі. Гэта не вельмі цяжкая праца, якая падыходзіць для чалавека, чые фізічныя магчымасці абмежаваны. Спачатку было падрыхтавана месца пад цяпліцу і збудавана сама цяпліца, у якой устанавілі кандыцыянеры з клімат-кантролем. Яны пастаянна падтрымліваюць патрэбную тэмпературу — гэта дазволіць вырошчваць грыбы круглы год. Былі нарыхтаваны дровы для запаркі саломы. Далей хлопцы рэзалі і запарвалі салому, закладвалі яе і міцэлій грыбоў у мяшкі, праз адтуліны ў якіх потым і прарастаюць вешанкі.

Так вы­гля­да­юць ве­шан­кі.

На сённяшні дзень ужо зроблена першая закладка (было закладзена 100 мяшкоў саломы) і нават атрыманы першы ўраджай грыбоў — 60 кг прадукцыі. Цяпер падрастае наступны. Усяго з адной закладкі можна атрымаць тры ўраджаі — гэта лічыцца высокай рэнтабельнасцю.

Сацыяльны праект дзейнічае ў рамках ініцыятывы «Даступная прафесія для моладзі ў сельскай мясцовасці». А бізнес-складнік у яго дапамагла прыўнесці стартап-школа, якая ажыццяўляе падтрымку прадпрымальніцтва ў Валожыне і Валожынскім раёне. Яе эксперты — прадпрымальнікі і інвестары, якія маюць рэальны практычны вопыт, — дапамаглі распрацаваць бізнес-праект і асноўныя элементы будучай справы. Як заявіў адзін з заснавальнікаў стартап-школы Аляксандр Булах, калі гэты праект акажацца рэнтабельным, падобны вопыт можна будзе распаўсюдзіць і на іншыя малыя гарады краіны.

Святлана БУСЬКО

buskо@zvіаzdа.bу

Дарэчы

У Заходняй Еўропе і ЗША вешанкі называюць вустрычнымі грыбамі, яны лічацца далікатэсам. Ёсць меркаванне, што папулярнасць вешанак — гэта следства іх цудоўнага дзеяння на арганізм чалавека, асабліва мужчыны. У паўднёва-ўсходняй Азіі вешанкі выкарыстоўваюцца гэтаксама часта, як і ўжо вядомыя нам грыбы шыітаке.

Вешанкі смачныя і карысныя. Яны змяшчаюць бялкі, вітаміны групы В, С, Е і даволі рэдкі вітамін D2, які дапамагае правільнаму засваенню фосфару і кальцыю. Акрамя таго, вешанкі дапамагаюць знізіць узровень «дрэннага» халестэрыну, нармалізаваць ціск і вывесці радыенукліды.

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.