Вы тут

Беларускі арт-праект з Венецыянскага біенале цяпер у Мінску


Арт-праект «Стол», які прадстаўляў Беларусь на найпрэстыжнейшай міжнароднай мастацкай выстаўцы — Венецыянскім біенале, а потым экспанаваўся ў парыжскай галерэі Frаnсіs Bаrlіеr, цяпер можна ўбачыць у Мінску. 1 лютага праект, аўтарамі якога з'яўляюцца мастак Раман Заслонаў, прадзюсар Віктар Лабковіч і рэжысёр Сяргей Талыбаў, быў паказаны гасцям на ўрачыстым адкрыцці ў Цэнтры сучасных мастацтваў на праспекце Незалежнасці.


Гэта некалькі скульптурных і жывапісных твораў, але галоўнае — 32-хвіліннае відэа ў цёмным пакоі, дзе за адным сталом адбываюцца каля дваццаці міні-сюжэтаў. Пасля апетытнага нацюрморта першым персанажам з'яўляецца сам мастак Раман Заслонаў перад сваімі інструментамі. Аказалася, жыццё, што мы праводзім за сталом, — надзвычай разнастайнае. Тут няспраўджаныя надзеі старога лавеласа, драма жанчыны, да якой не прыйшлі на спатканне, развагі аб жыцці, сляпое каханне і нават смерць перад такой жаданай вячэрай. Кожная замалёўка — у іх сыгралі беларускія акцёры тэатра і кіно — імкнецца трапна перадаць пэўныя, калі можна так іх назваць, жыццёвыя здарэнні. Усё гэта паказваецца ў нейкай пазачаснай візуальнай манеры. Хоць тут і з'яўляюцца знаёмыя цукеркі і некаторыя іншыя тыповыя рэчы ў рэквізіце, тым не менш адзенне, посуд, самі колеры ствараюць свет штучны, які аўтаматычна, з-за таго, што яго складана звязаць з сучаснасцю, адсылае да антуражаў мінулага. Сваю ролю адыгрываюць гукі, якія падстройваюцца пад кожны новы сюжэт пры тым, што асноўны матыў застаецца нязменны.

Сам Раман Заслонаў — ён з'яўляецца аўтарам ідэі, але адзначае, што ўдзел трох аўтараў раўназначны, — расказаў, што задумка стварыць нешта падобнае з'явілася ў яго больш за пяць гадоў таму. Яго суаўтары далучыліся да «Стала», бо таксама зацікавіліся ідэяй, але ніхто з іх не меркаваў, што аднойчы іх твор выставіцца ў Венецыі ці Парыжы. Тое ж з акцёрамі і здымачнай групай, якія, па словах Рамана Заслонава, удзельнічалі ў рабоце «чыста з любові да мастацтва». Але ў выніку «Стол» перамог у конкурсе на стварэнне куратарскай канцэпцыі беларускага павільёна на 57-м Венецыянскім Біенале і паехаў прадстаўляць краіну на прэстыжнай міжнароднай выстаўцы.

«У Венецыі цікавасць да праекта праявілася з самага пачатку, — кажа Раман Заслонаў. — Камісія, якая прысуджае Залатога льва і на ацэнку нацыянальных павільёнаў мае недзе пяць хвілін, у нас затрымалася на пятнаццаць. Ім спадабалася, яны сказалі, што ў нас атрымалася стварыць рамантычную атмасферу, хоць звычайна яны нічога не кажуць, проста глядзяць і сыходзяць. Рэакцыя публікі была непрадказальнай, але па-свойму цікавай і часта станоўчай. Гэта было меркаванне не толькі гледачоў, але і прафесіяналаў — крытыкаў, куратараў, мастацтвазнаўцаў, арганізатараў біенале, што да нас траплялі. Усе былі здзіўленыя, што наш маленькі павільён на не самай прахадной вуліцы, на невялікім канале аказаўся быццам у цэнтры — за сем месяцаў выстаўкі гэта сфарміравалася ў агульнае меркаванне».

У Парыжы, дарэчы, месцам экспазіцыі стала галерэя Frаnсіs Bаrlіеr, якая знаходзіцца ў цэнтры горада, за дзвесце метраў ад Елісейскага палаца і за пяцьдзясят ад аўкцыённага дома «Крысціс», на вуліцы, дзе размяшчаюцца адны з вядучых галерэй свету.

У гісторыі праекта спрацавала магія лічбаў. Талерка, якая звычайна разбіваецца на пачатку здымак, у выпадку са «Сталом» была разбітая 1 лютага 2016 года, у гэты ж дзень праз год Раману Заслонаву паведамілі, што праект перамог у, назавём гэта так, нацыянальным конкурсе. Яшчэ праз год «Стол» распачаў сваю працу ў Цэнтры сучасных мастацтваў у Мінску.

«Для мяне і маіх суаўтараў сустрэча з мінскай публікай, напэўна, самая важная і хвалюючая, таму што мы — адсюль, тут вучыліся, тут выраслі, тут жывём. Стаўленне нашай публікі — гэта, напэўна, самае дарагое, што ў нас ёсць. І мы ёй давяраем, думаю, яе рэакцыя павінна быць прыкладна ў тым жа рэчышчы, што ў наведвальнікаў у Венецыі і Парыжы».

Арт-праект «Стол» будзе выстаўляцца ў Цэнтры сучасных мастацтваў да 27 лютага.

Ірэна КАЦЯЛОВІЧ

Загаловак у газеце: Больш за дваццаць сюжэтаў за адным сталом

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.