21 Май, панядзелак

Вы тут

Бабулін заплыў


Гэтым фотаздымкам, выкананым маладым фотакарэспандэнтам Ганнай Занкавіч, «Звязда» прэзентуе новую рубрыку «Фота на трынаццатую», пад якой на, вядома ж, 13-й старонцы газеты кожную сераду будуць друкавацца матэрыялы нашых фотакараў — рэпартажы, тэматычныя падборкі, фотафакты з падзей і проста эмацыянальныя моманты з жыцця. Звяздоўскія фоталетапісцы, а іх у штаце рэдакцыі пяцёра, не толькі паспяваюць сачыць за шматлікімі падзеямі, выязджаюць у рэгіёны краіны, ілюструюць матэрыялы сваіх калег, але ўносяць свой уклад і ў творчы працэс стварэння газетнай прасторы, выступаюць з асабістымі тэмамі і фотапраектамі. У скарбонках нашых маладых і сталых майстроў назапашваецца нямала змястоўных здымкаў. Тым больш што ў сучасным жыцці фатаграфія заваёўвае ўсё большую папулярнасць: гаворачы слэнгавай мовай, фотаздымак сёння ў трэндзе. Спадзяёмся, адкрываючы новую фота-старонку, «Звязда» і надалей пойдзе ў нагу з сучаснымі тэндэнцыямі.

Не сакрэт, здымкі, удала схопленыя альбо падгледжаныя ў віры жыцця, не патрабуюць расшыфроўкі і тлумачэнняў. Сама па сабе фатаграфія з'яўляецца і словам, і фактам, і жэстам. Вось і гераіня першапалоснага фотаздымка сваім жыццесцвярджальным жэстам жадае новай рубрыцы цікавага і плённага шляху да чытача.

Такім чынам, гартайце, знаходзьце і глядзіце нашу 13-ю старонку!

Анатоль Кляшчук, загадчык аддзела фотаілюстрацыі


Час мае сваю памяць — гісторыю. І дапамагае захоўваць гэтую гісторыю не што іншае, як фатаграфія. Падзея, пра якую я хачу расказаць, ужо стала гісторыяй, але здымкі нагадваюць мне пра яе і вяртаюць у незабыўную атмасферу спартыўнага азарту.

Гэтай зімой давялося фатаграфаваць незвычайныя спаборніцтвы — плаванне ў ледзяной вадзе. Гэта быў этап Кубка свету па зімовым плаванні, які першы раз праходзіў у Мінску. У тыя дні якраз стаяла марознае надвор'е, на градусніку было 10 градусаў са знакам мінус. Але ні іней на дрэвах, ні пара, якая ішла ад вады, не бянтэжылі ўдзельнікаў у адных плаўках і купальніках.

Мне трэба было перадаць атмасферу спартыўнага свята. Здзівіла тое, што разам з маладымі мужчынамі-плыўцамі былі і прадстаўніцы прыгожай паловы. Больш за тое, на стартавую дарожку выходзілі... бабулі. Некаторым з іх было далёка за 60! Многія з іх прыехалі ў беларускую сталіцу з Расіі, Украіны, Латвіі, Эстоніі і іншых краін, каб паказаць сваю сапраўдную загартоўку. З якім пазітыўным настроем бабулі-«маржы» ішлі на свой чарговы заплыў і давалі нырца ў ледзяную ваду! Суддзі, гледачы і мы — журналісты, фатографы і тэлевізійнікі, — захутаўшыся ў цёплыя курткі і надзеўшы пальчаткі, са шчырым здзіўленнем паглядалі на амбіцыйных, адважных і гордых прыгажунь.

З размовы з 72-гадовай Рымай Васяльчук (яе фота на першай старонцы) я даведалася, што плыўчыха прыехала з расійскага Арла па чарговую ўзнагароду, на яе рахунку ўжо 130 медалёў. І самае галоўнае, што я пачула, — дзякуючы маржаванню гераіня даўно забылася пра свае хваробы.

Не хаваючы эмоцый, я мімаволі пазайздросціла гэтым жанчынам-экстрэмалкам. З якім настроем ставяцца яны да свайго «халоднага» захаплення! Паглядзеўшы на гэтыя здымкі, нехта захоча змяніць жыццё і паспрабаваць сябе ў такой незвычайнай ролі. А чаму б і не?!

Ганна Занкавіч, фота аўтара

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як падлеткі становяцца законапаслухмянымі

Як падлеткі становяцца законапаслухмянымі

У Беларусі чатыры спецыяльныя лячэбна-выхаваўчыя ПТВ закрытага тыпу для падлеткаў. 

Грамадства

Як Калядкі і Хаім Суцін натхнілі дызайнераў «Млына моды»

Як Калядкі і Хаім Суцін натхнілі дызайнераў «Млына моды»

У фінале XXVІІ Рэспубліканскага фестывалю-конкурсу моды і фота прадставілі 87 калекцый, распрацаваных сотняй аўтараў. 

Грамадства

Як пажылому чалавеку не адстаць ад жыцця

Як пажылому чалавеку не адстаць ад жыцця

У сталічным Цэнтры актыўнага даўгалецця нядаўна адкрылася антыкафэ для пажылых людзей. 

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Пра Дзеда Янука і Мурчуню, гасцінец для ўнука і такое кіно.