Вы тут

Прывітанне астраханскага перакладчыка


У Элісце (Расія, Калмыкія) у выдавецтве «Джангар» выйшла кніга перакладаў беларускай паэзіі — «Беларускі матыў».


Пад адной вокладкай — арыгінальныя творы Францыска Скарыны, Янкі Купалы, Уладзіміра Дубоўкі, Рыгора Барадуліна, Міхася Пазнякова, Таццяны Сівец, Юліі Алейчанкі і пераўвасабленні іх на рускую мову. Аўтар перакладаў — астраханскі паэт Юрый Шчарбакоў. Яго добра ведаюць у Расіі як апантанага прапагандыста нацыянальных літаратур. Пісьменнік — лаўрэат І Міжнароднага конкурсу перакладаў цюркамоўнай паэзіі «Ак торна», усерасійскай літаратурнай прэміі «За вернасць слову і Айчыне» імя А. Дэльвіга, прэмій «Традыцыя», «Рускае поле», імя Курмангазы Сагырбаева.

У Астрахані і недалёкай ад яе Калмыкіі ствараецца сапраўдны цэнтр мастацкага перакладу. Летась, у верасні 2017 года, у Астрахані прайшоў міжнародны конкурс мастацкага перакладу сучаснай паэзіі «Дружба народаў — дружба літаратур!». 105 паэтаў перакладалі на рускую мову вершы аварскай, азербайджанскай, грузінскай, інгушскай, калмыцкай, казахскай, лакскай, нагайскай, табасаранскай, татарскай, туркменскай, чачэнскай, беларускай паэзій. З беларускіх твораў для конкурснага перакладу абралі адзін твор Юліі Алейчанкі. У намінацыі «Пераклад з беларускай» перамаглі Ірына Ворах, Галіна Нікалаева, Таццяна Легкадзімава. Яшчэ раней Астраханскае абласное аддзяленне Саюза пісьменнікаў Расіі правяло перакладчыцкія конкурсы «Каспій — мора дружбы» і «Жыві, мова, скарб зямны!».

Юрый Шчарбакоў — руплівы збіральнік сяброў, генератар многіх ініцыятыў у развіцці сувязяў розных нацыянальных літаратур. Зборнікі паэтычных перакладаў, здзейсненыя астраханскім літаратарам, пабачылі свет у Маскве, Элісце, Махачкале, Грозным, Астрахані. За творчую работу перакладчык адзначаны расійскім ордэнам Дружбы, многімі літаратурнымі прэміямі.

— Перакладчыцкія сувязі дапамагаюць развіваць асабістыя стасункі. Мне давялося ўзяць удзел у адным з мінскіх сімпозіумаў «Пісьменнік і час», — расказвае Юрый Шчарбакоў, — дзе і завязаліся стасункі з беларускімі паэтамі. Лістуюся са сталымі майстрамі, з паэтычнай моладдзю. Раюся, што выбраць найлепей як перакладчыку. Захоплены вершамі Таццяны Сівец, Юліі Алейчанкі. Зазіраю ў паэтычную спадчыну мінулых дзесяцігоддзяў. Вельмі падабаюцца вершы народнага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна. Мару пра новыя кнігі перакладаў беларускай паэзіі. «Беларускі матыў», які пабачыў свет у Элісце, — толькі пачатак маёй творчай дарогі як перакладчыка да Беларусі, да беларускага мастацкага свету. Вось і сёлета збіраюся ў Мінск на кніжную выстаўку-кірмаш, на традыцыйны сімпозіум літаратараў «Пісьменнік і час». Мяркую, што будуць новыя сустрэчы, будуць новыя адкрыцці беларускага мастацкага слова.

У апошнія гады беларускую літаратуру актыўна прадстаўляюць у розных рэгіёнах Расійскай Федэрацыі, увогуле на постсавецкай прасторы. З’явілася шмат пісьменнікаўсяброў, якія імкнуцца нешта добрае зрабіць у справе знаёмства з паэзіяй і прозай Беларусі. У Татарстане — Рэнат Харыс і Роберт Мінулін. У Чачні — Адам Ахматукаеў і Лула Куні. У Чувашыі — Валеры Тургай. Ва Удмурціі — Вячаслаў Ар-Сяргі. У Калмыкіі — Эрдні Эльдышаў і Рыма Ханінава. А ў Таджыкістане надзвычайную руплівасць праяўляе Ато Хамдам. У Літве спрыянне перакладам беларускай дзіцячай літаратуры аказваюць Вітаўтас Жэймантас і Яронімас Лауцюс. У Казахстане надзейнымі сябрамі беларускай літаратуры выступаюць Святлана Ананьева, Любоў Шашкова, Кайрат Бакбергенаў. У Туркменістане — Максат Бяшымаў, Бягуль Анабаева, Агагельды Аланазараў.

Алесь КАРЛЮКЕВІЧ

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Спорт

Уладзімір Шантаровіч: Кажуць, я — геній, і мне гэта вельмі не падабаецца

Уладзімір Шантаровіч: Кажуць, я — геній, і мне гэта вельмі не падабаецца

Як трэнер пабудаваў сістэму, якая выхоўвае алімпійскіх чэмпіёнаў.

Грамадства

Як дзяўчаты з асаблівасцямі развіцця ўпершыню ствараюць модную калекцыю

Як дзяўчаты з асаблівасцямі развіцця ўпершыню ствараюць модную калекцыю

У лістападзе ў Мінску пройдзе Беларускі тыдзень моды.

Культура

Віктар Альшэўскі: І з фанеры можна стварыць нешта выключнае

Віктар Альшэўскі: І з фанеры можна стварыць нешта выключнае

У «высокім» арт-асяродку таксама ёсць месца жарсцям і інтрыгам. 

Грамадства

Дзень маці адсвяткавалі ў Нацыянальным цэнтры ўсынаўлення

Дзень маці адсвяткавалі ў Нацыянальным цэнтры ўсынаўлення

Папяровыя кветкі, маляўнічыя паштоўкі, песні, танцы і мора праніклівых, ласкавых слоў.