22 Верасень, субота

Вы тут

Кампазітар Канстанцін Яськоў: Да маёй музыкі трэба дакрануцца


Сучаснасць кінула выклік класічнай музыцы. Часы Шапэна, Бетховена і Моцарта прайшлі, і сёння прадстаўнікоў гэтай прафесіі мала хто ведае, асабліва з аматараў «папсы». Нягледзячы на гэта, беларускую класічную музыку працягваюць ствараць сапраўды апантаныя, сярод іх — малады кампазітар і выкладчык Канстанцін ЯСЬКОЎ, творы якога можна пачуць у некаторых спектаклях, філарманічных залах і на ўласных альбомах аўтара. Сёлета ён стаў яшчэ і наватарам — першым у Беларусі паспрабаваў свае сілы ў папулярнай за мяжой музычнай форме Composer іn resіdence.


— Канстанцін, музыка ў якасці прафесіі была вашым свядомым выбарам?

— Мае бацькі яе выкладаюць, таму іншага лёсу, напэўна, не было. Хоць да апошняга моманту ў мяне былі пытанні, якую прафесію выбраць, але вырашыў, што трэба ісці менавіта гэтым шляхам. Я вучыўся ў Гродзенскім музычным вучылішчы як піяніст, а паралельна вывучаў кампазіцыю ў Віталя Радзівонава, дарэчы, мне яна падабаецца больш за выкананне музыкі: заўсёды бачыў тут шмат плюсоў у выглядзе ўласнай творчасці.

— Як лічыце, у нас разумеюць каштоўнасць айчыннай музыкі?

— Сітуацыя ў нас такая, што трэба прывіваць любоў да яе. І думаю, што спачатку варта рабіць гэта мэтанакіравана, каб пасля працэс стаў натуральным. Перакананы, што ў праграме кожнага калектыву павінен быць хоць невялікі твор беларускай музыкі, і не абавязкова стары, а часам прэм'ерны. Не сакрэт, што ў дзяржаўных калектываў ёсць план па канцэртах: можна дадаць туды і беларускую музыку — з такіх крокаў пачынаецца пазнаванне айчыннай творчасці. Любоў у гэтым сэнсе — адноснае паняцце, а калі дапамагчы слухачу дайсці да беларускай музыкі спачатку дырэктыўна, ужо праз 5-10 гадоў вынікі будуць заўважныя, а айчынныя творы пачнуць пазнаваць, яны будуць звыклымі для вуха. Бо як можна любіць ці не любіць тое, да чаго не дакранаешся?

У нас проста не ведаюць, што беларуская музыка — выдатная, зараз яна вельмі розная і дакладна не горшая за замежную.

— Вы старшыня Асацыяцыі маладых беларускіх кампазітараў. Чым займаецца арганізацыя?

— Мы ўваходзім у Беларускі саюз музычных дзеячаў, і, хоць наша асацыяцыя зараз не вельмі актыўная, у нас ёсць некаторыя прыватныя ініцыятывы. У пералік праектаў, да якіх маем дачыненне, уваходзіць некалькі культурна-сацыяльных ініцыятыў накшталт «Музыкі ў метро», калі ў метрапалітэне можна было паслухаць Баха і іншых кампазітараў. Мы дапамагалі арганізаваць акцыю да дня нараджэння Шапэна сумесна з Польскім інстытутам у гандлёвым цэнтры «Сталіца». Таксама падтрымалі выданне зборніка дзіцячых фартэпіянных п'ес.

— Вы сталі першым беларускім кампазітарам, які паспрабаваў сябе ў форме Composer іn resіdence: напісалі твор для Камернага аркестра Беларусі...

— Такая практыка вельмі цікавая, але плён прынясе, толькі калі будзе паўсюднай: гэтая форма павінна быць у кожным калектыве са штогадовай зменай кампазітара, па конкурсе ці валявым рашэнні кіраўніка. Напрыклад, для заходніх тэатраў гэта абавязковы спосаб супрацоўніцтва, бо напісаць оперу ці балет — тытанічная праца. А тут творца працуе толькі над гэтым праектам і адкідвае ўсё астатняе, за гэта яго забяспечваюць грашовай падтрымкай. Нашы кампазітары гатовыя пісаць музыку бясплатна, а калі ім будуць яшчэ хоць колькі плаціць — вынік будзе неверагодны! Упэўнены, што такую форму трэба ўвесці як абавязковую і гэта вырашыць шэраг праблем: калектывы будуць мець новы рэпертуар, а кампазітары — працу.

— Пісаць для вялікай групы музыкантаў — вельмі адказна. Ці лёгка аркестр пайшоў на кантакт?

— Гэта вельмі прафесійны калектыў, які многаму мяне навучыў: хоць бы таму, што мне шмат чаму яшчэ трэба вучыцца! Мне пашанцавала з аркестрам: там ёсць касцяк музыкантаў, паміж якімі заўважная моцная сувязь, яны працуюць як адзіны арганізм, разумеюць і адчуваюць адзін аднаго ў прафесійным плане. Вакол гэтага калектыву ёсць асаблівая аўра, і я змог уявіць, якую музыку ім было б цікава іграць, які твор раскрыў бы аркестр у большай ступені. Такое вывучэнне, паглыбленне ў атмасферу таксама істотнае для кампазітара, каб ён разумеў, як дзейнічае гэты арганізм. Таму Composer іn resіdence важны яшчэ і з гэтага пункту гледжання, хоць ёсць небяспека, што кантакт паміж аўтарам музыкі і выканаўцамі не ўсталюецца. Але гэта не мой выпадак: я прыслухоўваўся да парад Яўгена Бушкова і прапаноў музыкантаў.

— Як вынік вы прадставілі містэрыю «Кросны Макошы», у якой праявілася ваша любоў да беларускай народнай творчасці...

— Так, фальклор заўсёды быў для мяне крыніцай інспірацыі, народная музыка натхняе мяне інтанацыйна. Я дакладна ведаў, што гэта будзе твор для народнага голасу і аркестра, Бушкова таксама захапіла ідэя ўвесці народны тэмбр, знак нацыянальнай культуры. Хацелася напісаць жаночы твор, таму што беларуская традыцыя спеваў дзесьці на 80 працэнтаў жаночая, як і тэматыка песень. Таму было цікава стварыць абагульнены вобраз беларускай жанчыны ў народнай культуры: ідэя кола і кругавароту зразумелая кожнаму і актуальная, а кола каляндарнае тоеснае колу чалавечага жыцця, і прырода таксама развіваецца па гэтай схеме. Цыклічнасць прыроды і жыцця жанчыны вельмі падобныя і ў беларускім фальклоры, а жаночы пачатак заўсёды быў тоесны зямлі — яны абедзве даюць жыццё. Разам з салісткай Эвелінай Шчадрыной мы вельмі доўга выбіралі песні для праекта, як, дарэчы, і назву: хацелася, каб яна была звязана з духоўнай сферай, і слова «кросны» падалося мне трапным — ткацтва заўжды было сакральным працэсам з сімвалічным значэннем.

— А якія яшчэ тэмы натхняюць на музычныя творы?

— Рэальнасць, але гэта шырокае паняцце. Творчы працэс для мяне — лесвіца, а першая яе прыступка — імпульс з боку, напрыклад заказ ад кагосьці. І я прыблізна ведаю, якім павінен быць склад кампазіцыі: якім можа быць гучанне інструмента ці голасу. А далей пачынаю шукаць тэму, якая была б сугучнай кантэксту. У апошні час мяне натхняе штосьці звязанае з простымі рэчамі — важна, каб у творы была выразная ідэя і мінімальныя сродкі, такі аскетызм. Мне падабаецца эстэтыка «новай прастаты», і я знаходжу ў ёй шмат ідэй. Думкі выражаюцца максімальна лаканічна і дакладна.

Я б сказаў, слухач павінен ледзьве не дакрануцца да майго твора, каб ён разумеў, пра што размаўляю з ім на музычнай мове.

— Разам з класічнай музыкай вы цікавіцеся і электроннай — напісалі два альбомы...

— Я ўспрымаю электроніку ў якасці сродку: чаму б не выкарыстаць усе магчымасці? Прычым з дапамогай камп'ютарных праграм можна дасягаць самых неверагодных мастацкіх эфектаў і перадаваць новую эстэтыку, якая не ўласцівая акадэмічнай музыцы. Гэта цікава і прагрэсіўна, а такога гучання ніколі не дасягнеш праз акустычныя інструменты. Таму электроніка — цэлы сусвет, і калі займацца ёй сур'ёзна, то можна пісаць музыку наогул без акустычных інструментаў і яна будзе не горшай, са сваёй эстэтыкай і падыходамі. Альбомы, якія выпусціў, не зусім самастойныя: я ствараў іх з беларускім электронным музыкантам Аляксандрам Цурко, менавіта ён «уцягнуў» мяне ў электроніку, мы стварылі разам два эксперыментальныя праекты. Я выкарыстоўваю электроніку і сам, напрыклад, калі агучваю фільмы падчас фестывалю «Кінема».

— Кажуць, што ў літаратуры існуе абмежаваная колькасць сюжэтаў. А што з музыкай? Яна — бясконцая?

— Музыка можа быць гучнай і ціхай, у ёй ёсць кульмінацыі і спады, вось і ўсе формулы. Але і кампазітар, і дасведчаны слухач цікавіцца, як гэтая формула іграе ў дадзенай сітуацыі і ў канкрэтнага чалавека — мастацтва кампазіцыі менавіта ў вывучэнні такіх схем і заключанае. У гэтым сэнсе музыка невычарпальная, як і іншыя віды мастацтва.

Маргарыта ДЗЯХЦЯР

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

75 год таму пачалося вызваленне Беларусі

75 год таму пачалося вызваленне Беларусі

23 верасня 1943 года, савецкімі войскамі быў вызвалены ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў першы населены пункт Беларусі — раённы цэнтр Камарын.

Грамадства

Каму і чым дапаможа ТЦСАН

Каму і чым дапаможа ТЦСАН

Ад дапамогі дома пажылым і да стварэння крызісных пакояў для ахвяр хатняга гвалту.

Грамадства

Маштабныя вучэнні прайшлі ў краіне

Маштабныя вучэнні прайшлі ў краіне

Актыўная фаза камандна-штабнога вучэння Узброеных Сіл прайшла ў Беларусі ў верасні.