Вы тут

Гадзіннік для літаратара


Як крочыць у лічбавую эпоху?

Кніга заўжды лічылася скарбам: цяпер хутчэй духоўным, а раней і матэрыяльным. І як бы радасна ні было за кнігу, часам шкада пісьменнікаў — яны амаль заўсёды ў цені ўласных твораў ды прыдуманых вобразаў, адыходзяць на другі план. Зараз пісьменніцкі свет наогул перажывае складаныя часы: супрацоўнікі гэтага творчага цэху ў адзін голас звяртаюць увагу на праблему зніжэння ролі літаратара ў свеце, хоць аптымізму не губляюць. Бо мы ведаем, што першы крок да рашэння праблемы — усведамленне яе існавання. Антон Паўлавіч Чэхаў у сваёй кнізе «Правілы для аўтараў-пачаткоўцаў» пісаў, што дзецям, якія толькі нарадзіліся, трэба казаць: «Не пішы! Не будзь пісьменнікам!», калі не спрацуе — паспрабаваць спагаду, і калі нават гэта не выратуе, то тады варта забыцца, бо пісьменніцтва многія не проста так параўноўваюць з хваробай. І гэтая — адна з тых, што ўваходзяць у спіс невылечных, таму і бессмяротных.


Падчас сёлетняга сімпозіума «Пісьменнік і час», які праходзіць у межах Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўкі, абмяркуюць менавіта гэтыя тэмы: якую ролю выконвае сёння ў свеце пісьменнік, на што можа ўплываць літаратура і як дапамагае абуджэнню нашай грамадскай свядомасці. Акрамя таго, згадаюць на сімпозіуме галоўныя здабыткі мінулага года, абмяркуюць 500-годдзе беларускага кнігадрукавання ды гістарычную значнасць дзейнасць асветніка Францыска Скарыны, вымераюць вагу сусветнай літаратуры ў плане развіцця цывілізацыі ды супрацьпаставяць папяровую кнігу лічбавай версіі. У сімпозіуме бяруць удзел пісьменнікі больш як з 20 краін, якія вырашылі разабрацца ў гэтых вострых, ды, больш за тое, надзённых пытаннях, прывезлі ў Беларусь свой прафесійны ды жыццёвы досвед, маюць на мэце ўсталяваць літаратурныя сувязі, умацаваць стасункі паміж дзяржавамі, ды, зразумела, знайсці на форуме новых сяброў.

Аляксандр Карлюкевіч, міністр інфармацыі Рэспублікі Беларусь:

— Сёлета сімпозіум праводзіцца чацвёрты раз, ён вырас з простай і значнай для Дня беларускага пісьменства пляцоўкі як круглы стол беларускіх і замежных пісьменнікаў пад агульнай тэмай «Літаратура як шлях адзін да аднаго». Абазначаючы тэму сімпозіума «Пісьменнік і час», можна выкарыстаць загалоўныя словы «Літаратура ў культурнай прасторы свету». Я хачу выканаць адну прыемную місію: за гэты працоўны год у нас склаўся камунікат з пісьменнікамі, якія актыўна ўдзельнічалі ў рэалізацыі перакладных праектаў, дапамагалі прасоўваць беларускае мастацкае слова за мяжой, таму хочацца ўзнагародзіць гэтых людзей. Выказваю падзяку Даяне Лазаравіч, якая пераклала на сербскую мову «Вянок» Максіма Багдановіча; Юрыю Шчарбакову, старшыні Астраханскага аддзялення Саюза пісьменнікаў Расіі; Валерыю Тургаю, перакладчыку не толькі беларускіх паэтаў, але і кітайскіх класікаў; Рыме Ханінавай, якая шмат робіць для беларуска-калмыцкага літаратурнага супрацоўніцтва.

Лола Званарова, літаратуразнаўца, крытык (Расійская Федэрацыя):

— Сёння прынята крытыкаваць савецкую эпоху, але я ўспамінаю часы, калі вучылася ва ўніверсітэце: тады жыхары Расіі добра ведалі беларускую літаратуру. Вялікай падзеяй для гісторыі эстэтыкі стаў выхад у 1972 годзе ў Маскве нарыс аб гісторыі і эстэтычнай думцы Беларусі, у расійскім выдавецтве «Маладая гвардыя» выйшла кніга прозы Уладзіміра Бутрамеева, што сведчыла аб тым, што ў беларускай літаратуры з’явіўся празаік маштабу Фолкнера. У многіх тэатрах тады ішла пастаноўка па творы беларуса Аляксея Дударава «Радавыя», праводзіліся круглыя сталы на тэму беларускай літаратуры, у часопісах друкаваліся артыкулы, пераклады вершаў беларускіх паэтаў. На жаль, сёння беларуска-расійскія літаратурныя сувязі больш слабыя ў параўнанні з тымі часамі. Шкада, што перастаў выходзіць дадатак да літаратурнай газеты «Лад», што знаёміў расіян з беларускай літаратурай, якая сёння мала каму вядомая. Я ўпэўненая, што варта прадумаць падрабязны план мерапрыемстваў для ўмацавання сувязяў літаратараў, падрыхтоўку анталогіі. Хтосьці з Беларускіх эмігрантаў трапна назваў Беларусь «Папялушкай Еўропы»: са сваім унікальным менталітэтам і культурай ваша краіна — сапраўдная прынцэса. Хацелася б, каб гэта зразумелі паўсюль.

Мікалай Чаргінец, старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі:

— Кніжная выстаўка дазваляе нам шукаць штосьці новае шляхам камунікацыі, парадаў ці нават спрэчак, але галоўнае — паказвае дасягненні сучаснай кнігі, якая патрабуе больш увагі ад грамадства, бо свет раздзіраюць канфлікты. Саюз пісьменнікаў Беларусі заўжды займаў пазіцыю развіцця культуры з павагай да спадчыны, таму ёсць шмат кніг, прысвечаных гісторыі і традыцыям нашай краіны. З мэтай развіцця літаратуры і павышэння яе ролі і аўтарытэту ў грамадстве мы заключылі пагадненні аб супрацоўніцтве больш чым з 30 краінамі, падпісалі дагавор аб супрацоўніцтве з арабска-афрыканскім аб’яднаннем. Мы абменьваемся кнігамі, літаратура перакладаецца (кнігі беларускіх пісьменнікаў перакладзеныя на 17 моў, некаторыя творы перакладаюцца на французскую). Літаратурныя сувязі развіваюцца актыўна, чым мы сапраўды ганарымся, і ў пісьменнікаў розных краін, напэўна, адна толькі праблема на ўсіх — у аўтараў невялікія ганарары, хоць існуе дапамога дзяржавы, падтрымка фондаў і асабістая ўвага Прэзідэнта Беларусі да беларускай літаратуры, што вельмі патрэбна таленавітым пісьменнікам, якія паказваюць высокія ідэалы гуманізму.

Матэа Нучы, пісьменнік (Італія):

— Я ўпершыню ў Беларусі і ўжо закаханы ў вашу краіну. І перш за ўсё хачу адзначыць, што ўражаны тым, як у Беларусі працуюць з пісьменнікамі і літаратурай. Я прыехаў сюды таму, што вывучаю, як пісьменнік працуе з часам. Маю на ўвазе час у вузкім, а не філасофскім разуменні — час, у якім мы зараз жывём. Мая галоўная ідэя ў тым, што мы, сучасныя пісьменнікі, — не тое, як мы апісваем, а тое, як мы пішам. На мой погляд, усіх пісьменнікаў гэтага часу, якімі б рознымі мы ні былі, аб’ядноўвае рыса, якая прадстаўляе небяспеку: я кажу пра тое, што нас акаляе, напрыклад, мабільны тэлефон, якім я карыстаюся, але для чалавека гэта занадта проста, таму і небяспечна для літаратуры. Натуральна, простасць і хуткасць перамагаюць не толькі сярод моладзі, але і сярод старэйшых пакаленняў, асабліва што датычыць доступу да інфармацыі. Безумоўна, гэтая простасць мае шарм і прыцягальнасць, але жыццё — рэч складаная. І веліч літаратуры якраз у тым, каб не спрашчаць інфармацыю, а паказваць складаныя бакі жыцця ў прыгажосці вырашэння праблем. Я люблю грэчаскую літаратуру, Гамера ды Платона, і ў грэкаў ёсць выдатная прамова: «Прыгожыя рэчы павінны быць складанымі. Прыгажосць не дастаецца лёгка». Таму я лічу, што літаратура павінна рабіць чытачу выклік, ставіць яго ў сітуацыю крызісу ды задаваць няёмкія пытанні, каб ён разважаў, а не губляў час проста на забаву. На жаль, сучасная літаратура вымушана карыстацца гэтай простасцю, але калі мы будзем змагацца з хуткасцю, то будзем пераможаныя, таму мне падаецца, што пісьменнік сёння павінен працягваць шлях традыцыйнай культуры па сучасных правілах, пакідаючы ў літаратуры яе складанасць.

Валерый Тургай, паэт, перакладчык (Чувашыя, Расійская Федэрацыя):

— Я прадстаўляю адзін з самых старажытных народаў Еўразіі, і варта адзначыць, што ў Чувашыі асаблівае стаўленне да беларускага народа. З задавальненнем прыехаў у Беларусь, тым больш што ўжо перакладаў на чувашскую мову творы Францыска Скарыны, Максіма Багдановіча, Навума Гальпяровіча… Мяне зацікавілі нашы літаратурныя сувязі, і я знайшоў унікальны дакумент — яшчэ ў пачатку ХХ ст. Сяргей Палуян напісаў артыкул «Нацыянальнае адраджэнне Чувашыі», гэты тэкст мяне прыемна ўразіў! Мы ганарымся тым фактам, што ў 1941 годзе ў Чабаксарах спыніўся на некаторы час вялікі Янка Купала, у гонар якога ў гэтым горадзе ёсць вуліца, і, мяркую, у нашых сілах усталяваць там мемарыяльную дошку. Акрамя таго, зборнік Янкі Купалы пад назвай «Мара» з перакладамі яго твораў на чувашскую мову захоўваецца ў нашых бібліятэках. Што датычыцца нашых літаратурных сувязяў сёння, то ўсё толькі пачынаецца. Я з задавальненнем займаюся прапагандай беларускай літаратуры ў Чувашыі, і ўсё сімвалічна пачалося з перакладу верша Францыска Скарыны.

Аляксандр Казінцаў, публіцыст, намеснік галоўнага рэдактара часопіса «Наш современник» (Расійская Федэрацыя):

— На жаль, роля пісьменніка ў свеце сёння зніжаецца. Паказальны прыклад: у 2016 годзе Нобелеўскі камітэт прысудзіў прэмію па літаратуры не пісьменніку, а рок-музыку Бобу Дылану. Шведскія акадэмікі хутчэй за ўсё разлічвалі прыцягнуць увагу да ўзнагароды, якая да гэтага часу на працягу 100 гадоў разглядалася як самая прэстыжная. А ў выніку нічога акрамя прыніжэння не атрымалі: рок-зорка нават не мела ласкі прыехаць на ўручэнне. У гэтай сітуацыі згасання цікавасці да літаратуры асаблівую каштоўнасць набывае пісьменніцкае супрацоўніцтва. Ініцыятыва па правядзенні ў Мінску Міжнароднага пісьменніцкага сімпозіума сапраўды неацэнная. У 70-я гады мінулага стагоддзя ў рускай літаратуры існаваў тэрмін «Іркуцкая сценка». У гэтае нефармальнае таварыства ўваходзілі Валянцін Распуцін, Аляксандр Вампілаў ды іншыя выбітныя аўтары. Вось і ў Мінску нараджаецца новая цвярдыня — садружнасць пісьменнікаў, якія імкнуцца прапагандаваць традыцыйныя ідэалы культуры: гуманізм, паразуменне людзей і народаў, імкненне да прыгажосці. Таму з задавальненнем — і не без гонару! — бяру ўдзел у гэтым годным мерапрыемстве.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.