Вы тут

Алег Ждан: Хацеў бы напісаць яшчэ раман пра маці


Алег Аляксеевіч ЖДАН заўсёды глыбока імпанаваў мне сваёй рэдкай працаздольнасцю, сваёй сціпласцю — і гэта на фоне несумненнага літаратурнага поспеху. А яшчэ сваім стылем — мову яго твораў маскоўскі крытык Ніна Пісарчык на партале Проза.ру назвала мовай гарманічнай, а пра напісанае ім за многія гады зазначыла: гэтая літаратура працягвае лепшыя традыцыі рускай класікі.


— Паважаны Алег Аляксеевіч, у маладыя гады вы пераспрабавалі сябе ў розных прафесіях: былі слесарам, інжынерам-дыспетчарам у Карагандзе і Брацку, рабочым Мінскага трактарнага завода, рэдактарам на тэлестудыі і на «Беларусьфільме»... Ці было гэта ўсё ўсвядомленай, мэтанакіраванай дарогай да пісьменніцтва? І калі сталі прызнаным літаратарам, аўтарам многіх добрых кніжак, ці атрымалі вы (і ці атрымліваеце) задавальненне ад галоўнай прафесіі свайго жыцця?

— 60-я гады мінулага стагоддзя — асаблівы час у жыцці маладых людзей. Было неяк няправільна сядзець на адным месцы, калі толькі і чуваць пра цаліну, пра вялікія будоўлі... Так, заканчваючы Магілёўскі педінстытут, я ўжо пісаў апавяданні, і калі выпраўляўся ў сваё крыху дзіўнае падарожжа, то спадзяваўся ўбачыць нешта асаблівае. Дзіўнае — таму, што грошай на падарожжа не меў, даводзілася недзе спыняцца, зарабляць і тады ўжо рухацца далей. Так мы з прыяцелем апынуліся ў Цеміртау ў Казахстане, затым праз Алматы ў Ташкенце, адтуль трапілі ў Іркуцк і Брацк. Не магу сказаць, што працаваў і пастаянна шукаў сюжэты. Хоць так і адбылося: убачыў і напісаў гісторыю свайго суседа па інтэрнаце, і апавяданне з'явілася ў «Літаратурнай Расіі» пад назвай «Санька, Туся і брыгадзір».

А праца на трактарным заводзе, здавалася, наогул не мае дачынення да планаў літаратурнага характару. Зноў жа, трэба было недзе зарабляць на жыццё і недзе жыць, а тут давалі інтэрнат. Аднак менавіта аб гэтым перыядзе я пазней напісаў кнігу «Па абодва бакі прахадной», выдадзеную ў Маскве ў «Маладой гвардыі». Яна выйшла тыражом сто тысяч экзэмпляраў і была прададзена ў Маскве і Мінску за некалькі дзён.

Ці атрымліваю я задавальненне ад сваёй літаратурнай прафесіі? Так, асабліва калі прыходзіць новая ідэя, калі нешта атрымліваецца і чую адабрэнне ад калег, ад чытачоў.

— Нават у новых для літаратара ўмовах? Калі, як сказаў галоўны рэдактар «Раман-газеты» Юрый Казлоў, раней пісьменнік быў уладаром дум, а сёння аказаўся ў ар'ергардзе грамадства...

— Не, з Юрыем Казловым я не згодны, у ар'ергардзе грамадства сябе не адчуваю. Быць уладаром дум я і не марыў, проста хацеў пісаць аповесці і апавяданні, і каб людзі іх чыталі і атрымлівалі задавальненне. Іншым разам такія падарункі лёсу здараюцца і сёння, у новых, як вы сказалі, умовах.

Бываюць і засмучэнні ад гэтай прафесіі. Напрыклад, адна дама абурылася, што я напісаў апавяданне «Сабачы бог» ад імя жанчыны. Што ж, тэрыторыя жанчын — запаведная тэрыторыя, мужчынам трэба быць асцярожнымі... Але ж іншыя жанчыны паставіліся да гэтага апавядання вельмі станоўча. Яшчэ адна чытачка, з Санкт-Пецярбурга, беларуска, паведаміла ў дачыненні да майго гістарычнага рамана «Князь Мсціслаўскі», што Уладзімір Караткевіч пісаў лепш. Паставіла мяне ў абсалютны тупік: ці можна так параўноўваць? Гэта як сённяшняга паэта параўноўваць з Пушкіным.

— Не магу не запытацца. Ад сваёй эліты людзі сёння чакаюць нейкай маральнай, нават духоўнай праграмы, з якой вырастае ўсё астатняе. Але пра які духоўны фундамент можна гаварыць, калі амаль да ўсяго, да чаго прыкладвае руку інтэлігенцыя, у сучаснікаў столькі прэтэнзій — да кінамастацтва, якое амаль перастала быць мастацтвам, да інтэрнэту, што ператвараецца ў інфармацыйную сметніцу, нават да літаратурных тэкстаў, прыпраўленых мацяршчынкай?.. Што адбываецца — замена каштоўнасцяў?

— Многае элементарна проста. Тэлебачанню трэба запоўніць час, а якаснага прадукту мала, вось і ставяць што ёсць — любоўныя серыялы, прымітыўныя дэтэктывы. Не думаю, што ад гэтага здараецца разбурэнне душ. Выключыў тэлевізар — і ўсё пайшло разам з карцінкай. Змяненне каштоўнасцяў калі і адбываецца, то вельмі павольна. Душы людзей абаронены маральнымі прынцыпамі сваіх сем'яў, родных і блізкіх людзей. А галоўнае — мінулых пакаленняў. Тое ж самае і з мацяршчынкай: пройдзе некалькі гадоў, і яна будзе выклікаць толькі неўразуменне. Так што дарэмна стараюцца яе прыхільнікі, шмат чытацкіх сімпатый на ёй не заробіш.

— У самым пачатку сваёй творчасці вы распрацоўвалі дзве тэмы — жыццё рабочага, гараджаніна і быт людзей правінцыйнага гарадка. Ніхто не будзе зменшваць важнасць гэтых тэм, асабліва пасля знаёмства з вашымі апавяданнямі беларуска-рускага парубежжа. З часоў Шукшына я не адчуваў такога задавальнення ад пазнавальных характараў «маленькіх людзей», ад сакавітай мовы. Але хачу спытацца вось аб чым. Вы раптам павярнуліся да гістарычнай тэмы, напісалі раманы і аповесць аб далёкім мінулым сваёй роднай прырубежнай Мсціслаўшчыны. Чым растлумачыць такі паварот? Быў сацыяльны заказ ці нейкі душэўны парыў, бо там — Радзіма?

— Менавіта — Радзіма. Больш за паўвека жыву ў Мінску, але мінчанінам лічу сябе толькі па прапісцы, душа мая па-ранейшаму — там. На вуліцах старога горада, каля ракі Віхры, каля Святога возера з яго легендай, у лясах Лютні... І гэтак не толькі я. У Мінску існуе мсціслаўскае зямляцтва, мы сустракаемся адзін раз на год — тэмпература цела павышаецца пры сустрэчах! Нас многа і мы нічога не забылі.

Калі захапляешся літаратурнай творчасцю і жывеш у такім дзіўным горадзе, як Мсціслаў, бачыш навокал сляды і прыкметы мінулага, немагчыма не падумаць пра тое, каб неяк іх адлюстраваць, увасобіць.

Кінафільмы мы глядзелі ў езуіцкім касцёле (пазней — Мікалаеўскім саборным храме), легендамі падсілкоўваліся на Замкавай гары і каля касцёла кармелітаў, на рэчку бегалі па тэрыторыі разбуранага Тупічэўскага манастыра, грыбы збіралі ў Дуброве, што на палове шляху да Пустынскага манастыра, у школу хадзілі міма царквы Аляксандра Неўскага... А магутныя сярэдневяковыя муры езуіцкага манастыра?! Як тут не прыйдуць у галаву гістарычныя сюжэты? Дзіўна, што такім багаццем не зацікавілася кінастудыя «Беларусьфільм». Але, дзякаваць богу, зацікавіўся Выдавецкі дом «Звязда».

— У здзіўляючым па сабраных фактах і іх мастацкім вырашэнні гістарычным рамане «Князь Мсціслаўскі» вы ставіце свайго героя — князя Міхаіла Жаслаўскага — перад дылемай: адкрыць вароты войскам рускага цара, якія асадзілі горад, і тым самым выратаваць гараджан ад разні ці трымаць асаду, не будучы ўпэўненым у дапамозе ад Вялікага Княства Літоўскага. А пасля прыняцця цяжкага рашэння, калі ён упусціў у горад аблогу, паўстала іншая дылема: якому гасудару прысягаць? Нашым сучаснікам часта даводзіцца вырашаць такія трагічныя задачы? Калі часта, то атрымліваецца, што кніга да гэтага часу падручнік жыцця?

— Мяне моцна бянтэжыць думка, што мастацкая літаратура можа быць падручнікам. Галоўны наш настаўнік — само жыццё, больш ніхто не можа чалавека навучыць. Зусім іншыя задачы ў белетрыстыкі: выхоўваць мастацкі густ, пашыраць лексіку чытача, выклікаць у душах добрыя пачуцці, прымушаць задумвацца над праблемамі быцця. І не апошняя задача — дастаўляць задавальненне ад чытання. Не я паставіў князя Жаслаўскага перад жорсткай дылемай, а жыццё. І рашэнне ён прыняў правільнае. Пазней, у 1654 годзе, жыхары вырашылі біцца з войскамі князя Трубяцкога — завяршылася ўсё масавай гібеллю мсціслаўцаў. «Пабіта больш за дзесяць тысяч чалавек», — гэта прызнанне самога цара Аляксея Міхайлавіча. Лічы, амаль усё насельніцтва горада.

Што датычыцца праблемы выбару ў сённяшніх рэаліях — што ж, досвед мінулых часоў можа мець значэнне. У тым ліку і апасродкавана, дзякуючы мастацкай літаратуры.

— Вы яшчэ і дзіцячы пісьменнік. Скажыце, мы, дарослыя, за сваёй мітуснёй не губляем цяперашняе пакаленне NEXT? Як нам іх чуць — катэгарычных і рамантычных, па-дзіцячаму пяшчотных і па-даросламу патрабавальных, каб не перарывалася сувязь пакаленняў, каб разумелі нас, чулі?

— На ваша пытанне адказаў адзін з герояў маёй трэцяй кніжкі пра дзяцей і для дзяцей: «Вы яшчэ будзеце ганарыцца намі». Гэта адначасова і назва кнігі, якая толькі з'явілася ў продажы. Канешне, яны будуць лепшымі за нас. Напрыклад, мае сыны лепшыя за мяне — больш дабрэйшыя, разумнейшыя, вытрыманыя. Упэўнены, што дзеці разумеюць нас лепш, чым мы іх. Яны першапачаткова скіраваны на дабро, і бацькоўская (у тым ліку пісьменніцкая) задача такая ж, як у доктара: «не нашкодзь».

— Некалькі кароткіх пытанняў. Ці лічыце вы магчымым вяртанне да страчаных маральных каштоўнасцяў?

— Сапраўдныя чалавечыя каштоўнасці не знікаюць. Хіба менш зараз любові і дружалюбнасці? Канешне, стала больш падману, карыслівасці, магчыма, жорсткасці... Але, я думаю, з цягам часу грамадства справіцца з усім гэтым.

— Ваш любімы пісьменнік...

— Любімых пісьменнікаў няма, ёсць любімыя творы. Іх шмат, не пералічыць.

— Раскажыце пра сям'ю. Вашым блізкім з вамі лёгка, не «прыгнятаеце» сваім аўтарытэтам?

— Якія аўтарытэты ў сям'і? Сям'я — тэрыторыя, дзе ўсе роўныя — і муж, і жонка, і дзеці, і бацькі. Наконт літаратуры ніхто са мной не спрачаецца, а па ўсіх іншых пытаннях — калі ласка, я не супраць. Мой старэйшы сын Дзмітрый жыве ў Англіі, выкладае матэматыку ў Ёркскім універсітэце. Малодшы Андрэй — у Мінску, ён класны праграміст. Не я іх, яны мяне «прыціскаюць» эрудыцыяй, кемлівасцю. У нас з жонкай Нінай Леанідаўнай тры ўнучкі — Лена, Ксенія, Ніколь, — адна за другую прыгажэйшая.

— Ці шмат падарожнічаеце па свеце і ці часта бываеце на малой радзіме, Мсціслаўшчыне?

— Не, я не падарожнік. Для падарожжаў патрэбны час і грошы, так што выбачайце. У Мсціслаўлі — так, бываю даволі часта, асабліва ў грыбную пару. Там у мяне бацькоўская хата.

— «Планку» вы ўзялі высокую — і творчую, і жыццёвую, — а на перспектыву, напэўна, шмат задум?

— Я хацеў бы напісаць яшчэ аповесць ці раман аб маёй маці, Веры Іванаўне Пушкінай. Задача гэтая настолькі складаная, што пакуль замірае пяро. Правільней, замірае душа ад складанасці гэтай задачы.

Звяздоўцы шчыра віншуюць вас, шаноўны Алег Аляксеевіч, з цудоўнай датай — 80-годдзем — і жадаюць здароўя і такога ж творчага даўгалецця і надалей.


Прадстаўляем суразмоўцу

Ждан (Пушкін) Алег Аляксеевіч нарадзіўся ў 1938 годзе ў Смаленску ў сям'і настаўнікаў. Закончыў Магілёўскі педінстытут, пазней — Літінстытут і Вышэйшыя курсы сцэнарыстаў і рэжысёраў у Маскве.

Аўтар некалькіх кніг мастацкай прозы, п'ес, мастацкіх фільмаў, знятых на «Масфільме» і «Беларусьфільме». Актыўна друкуецца ў расійскіх «тоўстых» часопісах. Член Саюза пісьменнікаў СССР і Саюза пісьменнікаў Беларусі.

Піша на рускай і беларускай мовах. Жыве ў Мінску. Працуе ў Выдавецкім доме «Звязда» загадчыкам аддзела прозы часопіса «Нёман».

Уладзімір ХІЛЬКЕВІЧ

Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.