Вы тут

Агляд літаратурных часопісаў


Часам чалавек пакутуе ад адзіноты, шукае шляхі, што выведуць яго ў стракаты свет людскіх стасункаў, вялікіх спраў і дробных здзяйсненняў. Часам — наадварот: замыкаецца ў вузкім пакойчыку ўнутранага свету, дзе ўсё неабходнае заўсёды пад рукой, а большага і не трэба. І калі чалавек выходзіць «на шырокі прастор», і калі хаваецца пад коўдрай уласных ілюзій і фобій, ён аднолькава мала можа ведаць пра наваколле, бо сучаснасць не ў вонкавых аздобах, а найперш у ладзе мыслення. І гэта як мага лепей ілюструецца мастацкай прозай, змешчанай у лютаўскіх часопісах.


Пароль вечнасці

Анатоль Разановіч знаёміць нас з апавяданнем «Помста» з цыкла «Ліхія 90-я». Няспраўджаныя мары, зламаныя лёсы, п’яныя пасядзелкі былых аднакласнікаў, скрадзеныя грошы, махлярства і гвалт… І тая самая помста — жорсткая і самазнішчальная ў прамым сэнсе слова. Такая класічная карцінка, паводле якой і ўяўляюць «ліхія» 1990-я нават тыя, хто ў той час яшчэ і не нарадзіўся. Дзеля чаго задумаў пісьменнік гэты напамін-вяртанне? Даўно вядома: пра якія б далёкія часы і краіны ні пісаў творца, галоўнай тэмай усё адно застаецца сучаснасць. А што стала мосцікам у дзень сённяшні — кантраст альбо паралель — застаецца вырашаць чатычу.

А вось Таіса Супрановіч у апавяданнях пад агульнай назвай «Наўкола людзі» пераходаў паміж успамінамі галоўнай гераіні і днём сённяшнім, бадай што, не пакідае. Гераіня гартае старонкі свайго жыцця, галоўнае ў якім — дзеці, і не выводзіць сюжэт ні ў якія шырокія далі. Чарнобыль, Афган, незваротнае змены ў беларускай вёсцы — прабягаемся па гэтых этапных момантах мімаходзь, так бы мовіць, у пераказе. Вядома, гэтае не такое ўжо і далёкае мінулае для многіх сапраўды ёсць часткай біяграфіі. Толькі людскія партрэты, застыглыя ў часе, няварта ўвесь час выносіць у галоўную залу мастацкай літаратуры, калі яны ўжо толькі маўчаць альбо паўтараюць сказанае.

Як слушна зазначае Віктар Гардзей у вершаванай падборцы, што адкрывае лютаўскі нумар «Полымя», «сягоння іншы час і другая імша». Сапраўды, пісьменніку, што жыве ў сучаснасці, добра было б усё-ткі разумець, пра што тая імша і хто прыходзіць яе слухаць. Мо тады ўдалося б убачыць рэальны, а не ўяўны твар свайго чытача.

Віктар Гардзей крочыць сцежкамі ўспамінаў, вядзе за сабой удумлівага чытача ў гушчары моўнага багацця: у радках паэта адчуваеш сапраўдны смак мовы, дзе розныя сэнсавыя адценні не супярэчаць адно аднаму і арганічна спалучаюцца і ў глыбіні, і ў лёгкай іроніі.

Пасля псіхалагічна цяжкога апавядання А. Разановіча нізкі вершаў Віктара Яраца і Марыі Кобец — нібы адхланне. Спавядальна-настальгічныя інтанацыі В. Яраца, прыцярушаныя снежнымі завеямі (бо снег «ідзе» амаль у кожным вершы), перадаюць боль ад усведамлення незваротнасці мінулага. Так, усе нашыя словы, выказаныя і непрамоўленыя, нязменна застаюцца ў мінулым, знікаюць у бездані часу. Ды ўсё ж застаецца надзея, што хаця б прызнанні — «вечнасці людской пароль».

Марыя Кобец прапаноўвае паэтычную нізку з выразнымі рэлігійнымі матывамі. У цэнтры асэнсавання — тэма, якая ўсё часцей становіцца асноўнай у сучасным мастацтве розных жанраў: страта каштоўнасных арыенціраў чалавекам. Лірычная гераіня адчайна канстатуе:

Прызвычайваюся да крывадушнага атачэння,

Ды ледзь-ледзь вытрымліваю відавочнае

— Я — ў ліку астатніх сотняў тысяч.

Аднак агульныя інтанацыі не скрушныя, выйсце, ратаванне і прасвятленне магчымыя шляхам спасціжэння біблейскіх ісцін.

Калекцыя сняжынак

Часопіс пакуль яшчэ аб’ядноўвае аўтараў, народжаных прынцыпова рознымі эпохамі. 10 гадоў — розніца даўжынёй у пакаленне, але рэчаіснасць пачала змяняцца так імкліва, што народжаных у пачатку 1980-х і ў пачатку 1990-х раздзяляе такая вялікая колькасць культурных, сацыяльных, ментальна-светапоглядных адрозненняў, што часам паразуменне паміж імі — справа няпростая.

Таму, напрыклад, апавяданне Эміліі Сліхрыцкай (1992 г.н.) «Папсовыя праграмы для вушэй» крыху здзіўляе нават сваёй… канс е р в а т ы ў н а с ц ю . Аўтарка прапаноўвае крытычны агляд тэлевізійных перадач рознага кшталту: тэлепраграмы, разлічаныя на шараговага спажывальніка масавай культуры, нібы вампіры, забіраюць жыццё (час, думкі, эмоцыі) людзей, якія пражываюць кожнае імгненне пад тэлевізар (які стаў настолькі натуральным спадарожнікам вольнага часу, што без яго ўжо не мысліцца ні гатаванне-спажыванне ежы, ні сямейны адпачынак). Уся гэтая відавочная праўда агучваецца павучальна-бацькоўскім тонам, нехарактэрным увогуле для прозы маладых аўтараў. Менавіта пэўным узроўнем канцэптуальнай сталасці найперш вылучаецца апавяданне Эміліі Сліхрыцкай, якая ўрэшце стварае партрэт сярэднестатыстычнага сучасніка. Гэта чалавек у пастцы, які згубіў індывідуальнасць і свабоду выбару ў неабдымным інфармацыйным полі, што жыве навязанымі рэкламнымі бігбордамі прыярытэтамі. Знаёма, праўда?

І тут жа — зусім іншая проза аўтара таго ж пакалення — «Скажоная алегорыя рэфлексіі» Алеся Яфімава (1991 г.н.). Прачытаўшы пачатак апавядання, аматар арыгінальных жанраў і нечаканых тэматычных ракурсаў можа расчаравацца і не пайсці далей першых абзацаў: «Была ноч. Муж і Жонка, лежачы ў ложку, глядзелі нейкі фільм. Мужу фільм спачатку здаваўся цікавым, аднак з цягам часу — усё больш нудным…» Хіба падкажа, што не ўсё тут так проста, як здаецца на першы погляд, вялікая літара ў напісанні: Муж і Жонка. Ці насцярожыць згадка пра Дэвіда Лінча ў невялічкім рэзюмэ пад фотаздымкам аўтара (у тэксце і праўда ёсць некалькі рэфлексійных адсылак да знакамітага серыяла «Твін Пікс»).

Адным словам, цярплівы чытач будзе ўзнагароджаны: тое, што так бяскрыўдна пачыналася з сумеснага прагляду фільма, пераўтварылася ўрэшце ў прывідна-дэтэктыўныя пошукі Жонкі, якой, можа, насамрэч і не было ніколі. А можа, і была, толькі з ёй нешта загадкавае здарылася, і яна знікла / загінула / сышла / дэматэрыялізавалася… У ахвочых ёсць шанец у алегарычным сэнсе парэфлексаваць на гэтую тэму разам з Алесем Яфімавым.

А калі раптам напружаная праца мозга над асэнсаваннем глабальных працэсаў сучаснасці надакучыла, можна (паспрабаваць) прачытаць дэтэктыў Віктара Лупасіна «Акакiй i Паўсекакiй ратуюць хамячка». Адразу варта папярэдзіць, што спасціжэнне аўтарскай задумы будзе няпростае, і ў першую чаргу таму, што і задумы ніякай не было. Сапраўды, для чаго нам гэтыя класічныя літаратуразнаўчыя замарочкі, калі ўвесь свет дагары нагамі? Можна проста пагуляцца рэшткамі сэнсаў, законамі жанраў, укласці ўсё гэта ў пазнавальныя сталічныя рэаліі — і ад душы пасмяяцца. Калі вы толькі не маеце ніякіх асаблівых сантыментаў да хамячкоў, бо аматарам гэтых жывёлінак можа быць і не да смеху.

Алесь Замкоўскі распускае стракатую тканіну штодзённасці на паэтычыя радкі і метафары. Нізка вершаў «Твой прыпынак наступны» — пра тое, што сутнасць чалавека вельмі рэдка супадае з яго прысутнасцю ў гэтым свеце. Нават у снах мы не можам пазбавіцца ад прадвызначанасці лёсу: калі і выбіраем некага ці збіраемся сысці з нейкага маршруту, то ўраз прачынаемся ад шэпту «твой прыпынак наступны». І пачынаецца гэтая бясконцая гісторыя ў дзяцінстве. Дзяўчынка, якая добра пачуваецца, пакуль «лыжкай з алюмінію / рытмічна чэрпае / брудны снег» ды «збірае сняжынкі ў калекцыю / разам з пластыкавымі коркамі / і магнітамі ад ёгуртаў». І калі трэба вяртацца ў звычайнае чалавечае жытло-жыццё, «калі клічуць з-пад жоўтай лямпачкі / жыць у брудны пад’езд», яна не спяшаецца. Пакуль яшчэ не спяшаецца.

Віка Трэнас працягвае тэму ў нізцы «Бумерангі»:

Няма нічога горшага

за тое, каб быць прыкутым

да ўласнай хаты

трыма ланцугамі,

і гэта не вера-надзея-любоў,

а няшчасце, нястача і боль.

У радках паэткі такая канцэнтрацыя болю, што самы ўражлівы чытач зможа адчуць яго амаль фізічна. Унутраны стан сучасніка, які жыве паміж жаданнем рухацца і развівацца і філасофскім усведамленнем бясплённасці любых людскіх дасягненняў, перададзены глыбокімі метафарамі, і на глыбіню некаторых сягаць небяспечна.

Сістэма адбору

Генадзь Аўласенка, нібы наладзіўшы творчае ўспрыманне на хвалю аўтараў «Маладосці», прапаноўвае два апавяданні «Тэлефон даверу» і «Сістэма натуральнага адбору» (пераклад самога аўтара). Звыклыя словы ў загалоўках — падманка. Гаворка вядзецца пра тэхналогіі будучыні, закліканыя аптымізаваць многія складаныя сацыяльна-грамадскія працэсы. Тэлефон даверу, напрыклад, дзейнічае адваротным чынам. Адмысловая служба атрымлівае сігналы з кватэр і дамоў, дзе мае адбыцца самагубства, і прадухіляе іх такім чынам: спецыяліст тэлефануе меркаванаму самагубцу і… прадстаўляецца самагубцам, якому патрэбна дапамога. Калі размова займее правільны кірунак, то ў выніку чалавек адмаўляецца ад згубнага намеру. Рызыкоўная, але цікавая практыка, праўда, героі Генадзя Аўласенкі пакуль аніводнага разу не правалілі задання.

А вось сістэма натуральнага адбору працуе не так спраўна: хлопец, выбраны сістэмай у якасці пары для гераіні апавядання, чамусьці адпаведанага сігналу не атрымаў, і ўсё пайшло не так… Безумоўна, сам факт звароту пісьменніка да такой ужо амаль рэальнай лічбавай будучыні варты ўвагі. У творах пісьменнікаў старэйшага пакалення гэтага відавочна не стае. Важна толькі не застацца другасным у дачыненні да агучаных і праілюстраваных у творах сучаснага мастацтва сюжэтаў.

Асноўныя матывы паэтычнай падборкі Міхася Пазнякова «Маё багацце» (пераклад на рускую мову Міколы Шабовіча) шчымліва адгукнуцца ў сэрцах тых, хто чакае вясну і сумуе па сонечных днях. Тужлівыя ноткі ў атачэнні родных краявідаў чаргуюцца з аптымістычным сцвярджэннем таго, што сапраўднае багацце чалавека — найперш багацце ўнутранага свету, і знішчыць, забраць яго не можа ніхто.

Зусім па-іншаму асвятляе тэму няўмольнасці часу і бездапаможнасці чалавека перад прысудам лёсу Ізяслаў Катляроў. Тут больш эмоцый, рэзкіх інтанацый, сумневаў, абурэнняў…

А истина все ж неизменна

на каждом житейском веку:

взял в руки фонарь Диогена —

возьми и его клюку!

Герой усё ж спрабуе паспрачацца з незваротнасцю і непазбежнасцю, хаця і выдатна разумее марнасць такой справы (нізка сімвалічна называецца «Когда и вас окликнут соловьи»). Аднак прамоўленае паэтам слова застаецца ў вечнасці — водгаласам, успамінам, цытатай, натхненнем… Тым і жыве літаратура.

***

Дзіўныя скразныя супадзенні можна ўбачыць у лютаўскіх часопісах: пісьменнікі розных узростаў звяртаюцца да стварэння, так бы мовіць, мастацкага праекта будучыні. Прычым не далёкай, касмічна-недасяжнай, а блізкай, зямной і ўжо нават нястрашнай. Такая своеасаблівая падрыхтоўка.

Аднак нямала і кантрастаў. Калі адны празаікі занадта сур’ёзна аддаюць даніну павагі мінулым дням, засяроджваючыся на ўспамінах, то іншыя ўвогуле ігнаруюць само паняцце сур’ёзнасці, як і любое іншае паняцце ўвогуле. Паэты тым часам сутыкаюць ілбамі герояў і абыякавую рэчаіснасць, прычым у апошняй лоб аказваецца значна крапчэйшы. Наваколле, бы тая сокавыціскалка, скарыстоўвае духоўны патэнцыял чалавека ды выкідае на сметніцу. Цешыць тое, што лірычным героям на гэтым сметніку няўтульна. Значыць, ёсць надзея на новыя тэматычныя ўзроўні.

Жана КАПУСТА

Загаловак у газеце: Двубой лірычнага героя і рэчаіснасці

Каментары

А дзе агляд часопіса "Бярозка"?

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.