Вы тут

Рамонтнае кафэ


Мы жывем у эпоху спажывецтва (або кансьюмерызму, як цяпер кажуць). Тавары сёння не толькі разнастайныя, але і даступныя. Гэта тычыцца і цэн, і дастаўкі: патрэбную рэч прывязуць на дом у любы зручны час. Наогул, у людзей XXI стагоддзя занадта шмат цацак, адзення, тэхнікі і нават мэблі. Рэчы хутка становяцца непрыдатнымі, псуюцца, выходзяць з моды і… трапляюць на звалкі. Індустрыя танных тавараў пастаўляе часам настолькі няякасныя рэчы, што, можна сказаць, яны адразу вырабляюць смецце. Ці трэба гаварыць пра тое, што такі стыль жыцця, хуткае і празмернае спажыванне шкодзяць навакольнаму асяроддзю? Што звалкі ўжо перапоўненыя, а месцаў для новых палігонаў няма? Каб змяніць сітуацыю, трэба пачаць з сябе. У гэтым перакананыя многія грамадскія дзеячы і простыя грамадзяне. Неабходна не толькі правільна ўтылізаваць адходы, якія ўтварыліся, але і менш купляць. Але што ж рабіць са старымі рэчамі?

Абавязкова рамантаваць! Такая простая канцэпцыя набыла сёння новы сэнс – абароны навакольнага асяроддзя і змены «свядомасці спажыўца» на «чалавека свядомага спажывання». Гэта ідэя лягла ў аснову сусветна вядомага трэнду Repair Café – месца, дзе працуюць майстры розных профіляў (па рамонту мэблі, бытавой тэхнікі, ровараў, адзення, абутку і інш.). Repair Café ўпершыню ўзнікла ў Амстэрдаме у 2009 годзе (яго заснавальніца – мясцовая жыхарка Марціна Постма). З таго часу рамонтныя кафэ з'яўляюцца ў розных краінах па ўсім свеце (Аўстралія, Егіпет, Японія, Вялікабрытанія, Канада, ЗША, Венесуэла і многія іншыя). Сёння іх налічваецца каля 400.

У такіх кафэ ёсць свае правілы, якія адлюстроўваюць канцэпцыю трэнду. Напрыклад, усе работы выконваюцца бясплатна, на добраахвотнай аснове (падтрымаць майстроў можна, ахвяруючы сродкі ў фонд). Наведвальнікі могуць рамантаваць рэчы самастойна, але спецыялісты заўсёды дапамогуць і падкажуць. Пры гэтым Repair Café працуюць не пастаянна – такія сустрэчы праводзяцца перыядычна, напрыклад, раз у два месяцы.

Але ёсць і мінусы такой дзейнасці: рамонтнікі-добраахвотнікі ў такіх кафэ не заўсёды дастаткова кваліфікаваныя, і, паколькі яны працуюць бясплатна, наведвальнік павінен быць гатовы да пэўных складанасцяў. Ні арганізатары рамонтнага кафэ, ні спецыялісты па рамонце не нясуць адказнасці за канчатковы вынік і не даюць ніякіх гарантый. Наведвальнікі, якія прынеслі зламаныя рэчы для рамонту, робяць гэта з доляй рызыкі. Спецыялісты маюць права адмовіць у рамонце.

Рэалізацыя гэтай ідэі ў Мінску крыху трансфармавалася – усе ўдзельнікі-спецыялісты Repair Café прыйшлі кваліфікаваныя (арганізатары запрашалі прафесіяналаў), і самастойна ніхто з наведвальнікаў свае рэчы не папраўляў. Тым не менш, паслугі па рамонце падчас аднаго дня існавання кафэ былі абсалютна бясплатнымі, і можна было выпіць кубачак кавы або гарбаты падчас чакання. Майстры мінскага “рамонтнага кафэ” не толькі чынілі, але і распавядалі пра сваю справу, давалі парады, як падоўжыць жыццё рэчаў. Дзецям, якія прыйшлі на мерапрыемства, было цікава назіраць за працэсам рамонту, а пенсіянеры пыталіся, калі адкрыецца наступнае “кафэ”.

Арганізатары – крэатыўная група культцэнтра “Корпус” Ганна Дапшавічутэ і Марыя Значонак – распавялі, што адна з супрацоўніц, Святлана Гатальская, трапіла на такую майстэрню ў Рызе і прывезла ідэю Repair Café ў Мінск. Упадабаную канцэпцыю адразу ж падхапілі і стварылі першае ў Беларусі рамонтнае кафэ:

– Сёння галоўнай мэтай праекту з'яўляецца экалагічная асвета, накіраваная на тое, каб людзі не выкідвалі рэчы пры першай няспраўнасці. Затым мы плануем пашырыць межы праекту, аб'яднаць людзей, якія маглі б абменьвацца сваім вопытам.

Супрацоўнікі культурнага цэнтра паведамілі, што арганізаваць мерапрыемства ў Мінску было няцяжка.

– Мы проста адкрылі заяўку на ўдзел ў інтэрнэце. Трэба было запоўніць анкету, і гэтага ўжо было дастаткова, каб стаць майстрам Repair Cafe. У нас добрая, наладжаная «сістэма абвесткі», вялікі ахоп у сацыяльных сетках, і мы рэгулярна праводзім выставы, кірмашы. У будынку культурнага цэнтра мы ўсё робім сваімі рукамі, але кансультуемся з многімі майстрамі, таму знайсці ўдзельнікаў-майстроў было лёгка. Зразумела, не кожную паломку майстар адразу выправіць (могуць спатрэбіцца пэўныя дэталі), але вы абавязкова атрымаеце патрэбную кансультацыю, а гэта таксама важна.

Некаторыя сцвярджаюць, што адрамантаваць рэч сёння даражэй, чым купіць новую. Гэта не заўсёды так, усё залежыць ад канкрэтнага выпадку. Напрыклад, калі паправіць мабільны тэлефон з трэснутым сэнсарным экранам дорага, то, зразумела, купіць новы – аптымальны варыянт. Але пры гэтым трэба абавязкова правільна ўтылізаваць стары.

– Заўсёды складана што-небудзь пачынаць, праводзіць упершыню, – дадаюць арганізатары. – Але мы спадзяёмся, што праз некалькі падобных мерапрыемстваў створым групу майстроў, якія будуць удзельнічаць пастаянна. Ды і новы фармат бясплатнага рамонту праз нейкі час стане больш зразумелым для наведвальнікаў. Выгаду мы не ставім сабе за мэту, але, магчыма, у каго-небудзь з майстроў з'явяцца новыя кліенты, рэклама.

Для арганізатараў першага ў краіне бясплатнага рамонту было важна акцэнтаваць увагу на праблеме звалак, на экадружалюбным ладзе жыцця. І яны зусім выпусцілі з-пад увагі дабрачынны характар свайго дзеяння (не сакрэт, што многія людзі не заўсёды могуць дазволіць сабе рамонт, ды і кансультацыі часам нятанныя), якое атрымалася  вельмі цёплым і цікавым. Спадзяёмся, падобныя ініцыятывы распаўсюдзяцца па нашай краіне, і ў выніку грамадзяне не толькі змогуць знізіць аб’ёмы смецця, але і навучацца новаму экалагічнаму мысленню.

 

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Вучоба можа быць у радасць, калі размаўляць з вучнем на адной мове

Вучоба можа быць у радасць, калі размаўляць з вучнем на адной мове

Уявіце сабе сітуацыю: вучань зрабіў у дыктоўцы 20 памылак... 

Калейдаскоп

«Везла сумкі, як падняць, — Сустракаў з вагона зяць...»

«Везла сумкі, як падняць, — Сустракаў з вагона зяць...»

Самае вялікае дасягненне «Звязды» — гэта яе чытачы.

Эканоміка

Горадабудаўнічы пашпарт распрацуюць з улікам магчымых аб'ектаў будаўніцтва

Горадабудаўнічы пашпарт распрацуюць з улікам магчымых аб'ектаў будаўніцтва

Пра гэта гаворыцца ў новай рэдакцыі палажэння аб парадку падрыхтоўкі і выдачы дазвольнай дакументацыі на будаўніцтва аб'ектаў, зацверджанаг

Грамадства

Свята каравая прайшло на Гродзеншчыне

Свята каравая прайшло на Гродзеншчыне

На фестывалі згадалі і даўнюю традыцыю — услаўляць завяршэнне земляробчага года абрадамі ў гонар Багача.