Вы тут

Прэзідэнт правёў нараду па пытаннях развіцця зімовых відаў спорту


Учора Прэзідэнт Беларусі, Прэзідэнт Нацыянальнага алімпійскага камітэта Аляксандр Лукашэнка правёў нараду па пытаннях развіцця зімовых відаў спорту. У час зацікаўленай размовы абмеркавалі іх сённяшні стан з улікам вынікаў Алімпійскіх гульняў у Пхёнчхане, а таксама заглянулі на чатыры гады наперад — як мы зможам прадставіць краіну на зімовых Гульнях у Пекіне.


Аляксандр Лукашэнка адзначыў ролю спорту не толькі для здароўя людзей, але і ў якасці прыярытэтаў дзяржаўнай палітыкі. «Калі гаварыць аб зімовых відах, то ў кожным рэгіёне ёсць лядовыя арэны, пабудавана па некалькі трас, якія зімой выкарыстоўваюцца для лыжных гонак, летам — для лыжаролераў. Дадзены даручэнні аб будаўніцтве ўсесезонных аб'ектаў для лыжных трэніровак у Раўбічах і Мінску», — падкрэсліў Прэзідэнт.

Аднак на зімовых Гульнях-2018 нашы спартсмены заваявалі толькі тры медалі. «Гэта вынік сур'ёзных праблем у рабоце ўсёй спартыўнай галіны», — лічыць кіраўнік дзяржавы. На спаборніцтва такога ўзроўню едуць не проста выступаць, а перамагаць. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што «не ўсе нашы прадстаўнікі паказалі рэзультаты, якія мы мелі права ад іх чакаць». Напрыклад, хакеісты ўвогуле не трапілі на Алімпіяду, праваліўшы другую запар кваліфікацыю. У мужчынскім біятлоне вынікі засмучальныя, у жаночым — не бачна, хто прыйдзе на змену Дар'і Домрачавай і Надзеі Скардзіна. Прэзідэнт папрасіў даць прынцыповую ацэнку развіццю зімовых відаў спорту ў Беларусі.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што спорт — гэта «кроўная справа» губернатараў. Нездарма прадстаўнікі ўсіх аблвыканкамаў і сталічнага гарвыканкама ўдзельнічалі ў нарадзе. Міністр спорту і турызму Сяргей Кавальчук адзначыў, што пытанне вынікаў будзе стаяць, пакуль мы не зменім свае адносіны да спорту і не выбудуем дакладную сістэму планавання і забеспячэння кіравання ад міністэрства да кожнага раёна. Да ліпеня плануецца завяршыць стварэнне самастойных падраздзяленняў спорту на ўзроўні раёнаў. У верасні на базе Віцебскага рэгіёна мяркуецца правядзенне семінара па зімовых відах спорту: сабраць спецыялістаў з усёй краіны і ацаніць гатоўнасць да новага сезона.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што ў падрыхтоўцы маладых павінны актыўна ўдзельнічаць былыя спартсмены, якія ведаюць гэту справу як ніхто. Зараз для юных талентаў існуюць магчымасці праявіць сябе. Гэта і «Снежны снайпер» па біятлоне, і «Залатая шайба» па хакеі.

Пры гэтым, гаворачы пра хакей, Прэзідэнт дакладна адзначыў, што «шалёных грошай не будзе, будзем плаціць за вынік», і без яго заробкі большымі, чым у мінулым сезоне, не атрымаюць. Важны момант у развіцці айчыннага спорту — свае спаборніцтвы, бо без гэтага, як сказаў Аляксандр Лукашэнка, перспектывы не будзе.

Першы віце-прэзідэнт НАК Андрэй Асташэвіч расказаў, што апошнім часам намецілася развіццё кёрлінга ў краіне. Пры тым, што ў нас дастаткова магчымасцяў, каб ён стаў масавым. На сёння гэты від спорту развіваецца толькі ў сталіцы і Мінскай вобласці, заняткі праходзяць на канькабежным стадыёне «Мінск-Арэны». Таксама Андрэй Асташэвіч прапанаваў павялічыць адказнасць федэрацый за дасягненне планаваных вынікаў.

Гаворачы пра біятлон, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што «мы не можам страціць гэты від спорту», а таксама спытаў у старшыні Беларускай федэрацыі біятлона Андрыяна Цыбульскага, чаму на Алімпіядзе спартсмены выступілі не на належным узроўні. Старшыня адказаў, што сёлета сітуацыя па мужчынскім біятлоне павінна выправіцца.

Наконт лыжных гонак далажыў Андрэй Каваленка, старшыня Беларускай федэрацыі лыжных гонак. Ён адзначыў, што такое выступленне на Гульнях стала вынікам памылкі трэнерскага штаба: спартсмены прыйшлі выматанымі як фізічна, так і маральна. Новы падыход будзе ажыццяўляць новы трэнерскі штаб нацыянальнай каманды, будуць мінімізаваныя замежныя зборы, ёсць дамоўленасць аб трэніроўках на расійскіх базах. Прэзідэнт падкрэсліў, што з гэтай «ямы» трэба выбірацца. Кожнаму профільнаму спартыўнаму цэнтру да канца лета неабходна закупіць снегавыя пушкі і ратракі.

Аляксандр Лукашэнка, падводзячы вынікі, высока ацаніў барацьбу параалімпійцаў на Гульнях у Паўднёвай Карэі. «Лічыце, што я ваш адданы балельшчык», — сказаў Прэзідэнт. Адносна дзіцячага спорту, кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на тое, што «ўсе павінны разумець: ніякіх поспехаў мы не даб'ёмся да таго часу, пакуль не створым эфектыўную сістэму выхавання атлетаў. Спартсмен — ключавое звяно. Менавіта ён, яго патрэбы і праблемы павінны быць у фокусе нашай увагі. Задача губернатараў — стварыць на месцах для дзяцей усе ўмовы, уцягнуць іх у заняткі спортам». Да гэтага важна падключыць і іх бацькоў.

Прэзідэнт паставіў задачу мець стратэгічную праграму па кожным відзе спорту на 10—15 гадоў. Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што «старшыня федэрацыі сумесна з кіраўніком назіральнага савета і галоўным трэнерам нацыянальнай каманды — вось таксама «тройка», якая адказвае за развіццё канкрэтнага віду спорту. Прымайце неабходныя рашэнні ў рамках заканадаўства, у межах бюджэтнага фінансавання».

Надзея АНІСОВІЧ

Фота БЕЛТА

Загаловак у газеце: Больш, чым спартыўны інтарэс

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.