Вы тут

Як дажыць да ста і не стаміцца?


Гэтымі днямі я шмат думаю пра жыццё і смерць. І зусім не выпадкова. Толькі за апошнія паўгода памерла некалькі маіх знаёмых ва ўзросце да 60 гадоў...


«А колькі нежывых людзей сустракаецца на вуліцах, — прымушае задумацца глыбей Святлана Зэрэ, стваральніца Вышэйшай жаночай школы. — Нежывых не ў прамым сэнсе, а ў пераносным. Яны фізічна жывыя, але энергетычна ад іх вее смерцю, вочы патухлыя, інтарэс да жыцця страчаны».

Нядаўна муж прапанаваў паглядзець натхняльны фільм пра Акінаву. Гэты японскі востраў — сусветны рэкардсмен па колькасці доўгажыхароў.

Кардыёлаг Макота Сузукі пераехаў на сонечную Акінаву з Токіа ў 1972 годзе. Сталічны медык сутыкнуўся з нечаканай праблемай: большасць з яго падапечных... не мела патрэбы ў лячэнні, нават калі ім ужо споўнілася 100 гадоў. «Я чуў, што ў адной вёсцы жыве стагадовая Камэ Сан. Паехаў туды на аўтобусе. На прыпынку сустрэў пажылую жанчыну. Яна ішла з вялікімі кашамі за спінай. Запытаўся ў яе: «Дзе мне знайсці Камэ Сан?» — «Гэта я». Мы сталі размаўляць, і аказалася, што яе суседцы нядаўна таксама споўнілася 100 гадоў. Гэта было неверагодна. Два стагадовыя чалавека жылі на адной вуліцы і былі абсалютна здаровыя». Сёння Макота Сузукі — герантолаг з больш як саракагадовым стажам. Ён сцвярджае, што генетыка ды клімат маюць значэнне, але не вырашальнае. Таму працягласць нашага жыцця ў руках кожнага з нас.

Пасля прагляду фільма я вывела для сябе формулу выключнага здароўя і доўгажыхарства акінаўцаў.

Па-першае, на востраве прытрымліваюцца старадаўняй традыцыі Хара Хачы Бу — «не трэба запаўняць страўнік поўнасцю, заўсёды пакідайце крыху месца». Хамамота Хейсаа, у свае 78 гадоў ён адзін з запатрабаваных выкладчыкаў баявых майстэрстваў на Акінаве, кажа: «Я ем усё, але ніколі не аб'ядаюся. Каб я мясам аб'еўся, такога наогул ніколі не было». Як вынік, мясцовыя доўгажыхары практычна не хварэюць на рак страўніка.

Па-другое, працягнуць жыццё могуць дружная сям'я і шырокае кола зносін. Ёхене Шыге 100 гадоў. Амаль увесь вольны час доўгажыхарка бавіць на пляжы. «Мы тут з суседзямі часта збіраемся. Сядзім на пяску, размаўляем. Калі няма вялікіх хваляў, я з суседкай у мора выходжу. Я яшчэ сама грабці магу. Яшчэ мы з аднавяскоўцамі разам спяваем караоке. Для таго каб доўга жыць, каб не стаць «агароднінай», трэба да ўсіх добра ставіцца, не трымаць ні на кога зла, мець шмат сяброў. Асабіста я застаюся адна, толькі калі ем».

Яшчэ адным унікальным складнікам акінаўскага доўгажыхарства з'яўляецца ікегай. У прыватнасці, 93-гадовы Ямакава Фуміясу не ўяўляе свайго жыцця без спорту. Фірменнае практыкаванне доўгажыхара — стойка на галаве. Яго акінавец упершыню выканаў у 40 гадоў. «Рэгулярна бегаць я пачаў у 55. У 69 даведаўся, што ў нас праводзяцца спаборніцтвы для пенсіянераў па лёгкай атлетыцы. З тых часоў я ў іх удзельнічаю». У сціплай кватэры доўгажыхара не знойдзеш прадметаў раскошы. Галоўная каштоўнасць — калекцыя спартыўных узнагарод. За апошнія 20 гадоў дзядуля 139 разоў падымаўся на п'едэстал. Зараз рыхтуецца ўстанавіць рэкорд па кіданні молата для пажылых. Галоўная ж мара — выйсці на бегавую дарожку ў 100 гадоў. «Я не займаюся атлетыкай для здароўя. Я здаровы менавіта таму, што атрымліваю задавальненне ад любімай справы. Гэта тое, дзеля чаго я жыву. У нас на Акінаве гэта называецца ікегай».

Вучоныя, якія рабілі фільм пра акінаўскіх доўгажыхароў, здзіўляліся: «Мы ні разу не чулі ад герояў, што яны пакутуюць ад старасці. Нават у стагадовым узросце гэтыя людзі працягваюць строіць планы на будучыню».

Для параўнання: мая бабуля апошнія 10 гадоў жыцця штораз, калі я прыязджала да яе, паўтарала адну і тую фразу: «Відаць, унучанька, апошні раз з табой бачымся...»

Надзея ДРЫНДРОЖЫК

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Пра ўрокі іншай мовы і шчасце, калі ў доме гаспадар.

Грамадства

Птушкі, людзі, цытаты з класікаў: хто, як і навошта расфарбоўвае гарады

Птушкі, людзі, цытаты з класікаў: хто, як і навошта расфарбоўвае гарады

 Карэспандэнт «Звязды» сустрэлася з мастаком Аляксандрам Благіем.

Грамадства

На лячэнне і паляванне. Што прыцягвае замежнікаў у Беларусі?

На лячэнне і паляванне. Што прыцягвае замежнікаў у Беларусі?

​Беларускія санаторыі перасталі быць месцам адпачынку пераважна пажылых людзей.

Грамадства

Што адбываецца ў Юравічах?

Што адбываецца ў Юравічах?

Пасля трагедыі людзі размаўляюць з журналістамі на ўмовах ананімнасці