21 Верасень, пятніца

Вы тут

Рускі тэатр дае парады, як зарабіць мільён еўра


Самы складаны жанр — камедыя — увасобіўся ў новай пастаноўцы Рускага тэатра «Як стаць багатым». Мітусня, пікантныя абставіны, адносны хэпі-энд пабудаваны на, можна сказаць, класічнай схеме такога тыпу сюжэтаў: галоўны герой дзеля грошай ідзе на авантуру, яго планам увесь час перашкаджае нешта крайне бязглуздае, але, нягледзячы на ўсё, ён застаецца пераможцам. Прэм'ера спектакля адбылася ў драматычным тэатры імя Горкага 26 і 27 мая і паказала лёгкую гісторыю, дзе не можа здарыцца нічога дрэннага. Праўда, галоўны — камедыйны — складнік пастаноўкі альбо аказваецца занадта для XXІ стагоддзя заезджаным, альбо губляецца ў «непастаўленай» беганіне.


Галоўнага героя завуць Блэз Д'амбрые, ён выкідае 17 тысяч еўра за арэнду кватэры ў цэнтры Парыжа, піша карціны, выглядае іранічным, то-бок недурным, мужчынам і ў цэлым падаецца рэспектабельным персанажам. Пакуль не разумееш, што чэк на 17 тысяч долараў выпісаны з пустэчай на банкаўскім рахунку, карціны нікому з патэнцыйных пакупнікоў не патрэбны, а кватэра ў Парыжы арандавана, каб правярнуць аферу. Са сваёй каханай Жэнеўевай Блэз Д'амбрые прыдумаў план, згодна з якім ён павінен ажаніцца з дачкой багатага бізнесмена Клебера Карлье, што можа прынесці вялізны прыбытак.

Так пачынае разварочвацца клубок заганаў і распусты не самага пурытанскага грамадства, у асяродку якога ў выніку расцвітае сапраўднае каханне. Адсутнасць маральных арыенціраў назіраецца літаральна ў кожным персанажы (апроч двух). Шлюбная нявернасць, наяўнасць некалькіх палюбоўнікаў ці палюбоўніц, карыслівасць альбо звычайная неразумнасць адкрываюцца ў гуллівых паваротах сюжэта як жартаўлівыя ўмовы для камедыі палажэнняў.

Затое галоўнаму герою мы не прыпісваем адмоўныя характарыстыкі, таму што ў планаванні падману яго быццам вядзе за сабой прадпрымальная каханка-манекеншчыца.

Блэз Д'амбрые, летуценны мастак, у прынцыпе ўвесь час згаджаецца на ролю вядомага, але сваю слабасць пры гэтым кампенсуе вынаходлівасцю і выкрутлівасцю. Колькасць камічных сітуацый, якія галоўны герой правакуе не па сваім жаданні, але ў якіх становіцца цэнтральным рухавіком, робяць з Блэза найбольш сімпатычнага персанажа.

Другім «чыстым» героем становіцца правінцыйная дзяўчына Мары, па замове дасланая адпаведным агенцтвам для абслугоўвання кватэры, дзе на два тыдні прапісаўся Блэз. На пачатку з Мары звязаныя жарты, што базуюцца на нявіннасці ў вялікім горадзе, артадаксальнай цётцы і прадказальнай прастадушнасці, але ў выніку ўсё перакрываецца яе прадпрымальнасцю, сур'ёзнасцю і натуральнай эмпатыяй да галоўнага героя.

У гэты час аказваецца, што Клебер Карлье з'яўляецца палюбоўнікам Жэнеўевы, што апроч яе ў багача ёсць стасункі з гарачай іспанкай Пепітай, што ў Жэнеўевы, апроч Клебера і Блэза, ёсць нейкі бландзін, што жонка і дачка Клебера таксама маюць свае «прагрэсіўныя» інтарэсы. Карацей, сюжэт паказвае цэлы клубок узаемасувязяў, дзе кожная становіцца сімвалам падману і эгаізму.

Таму натуральна — калі ў спектаклі ўжо пайшоў такі дыдактычны матыў, — што злосная афера Блэза і Жэнеўевы не атрымліваецца, у тым ліку таму, што сам галоўны герой «расце» падчас спектакля і больш у такім спосабе заробку не мае патрэбы.

Відавочна таксама, што сама чысціня Мары, якая трапіла ў заганную французскую сталіцу і закахалася ў Блэза, паспяхова, гуляючы, вырашае пытанні, прыцягвае грошы і «арганізоўвае» цэлы мільён еўра.

У спектаклі, пастаўленым Сяргеем Кавальчыкам па п'есе Клода Манье «Блэз», захоўваецца адзінства месца: усе камічныя сітуацыі ўласна і адбываюцца ў кватэры з пустым барам. Але тут ёсць незлічоная колькасць дзвярэй, у якіх героі ўвесь час блытаюцца, што дазваляе абыграць прастору дзякуючы цэламу шэрагу загадкавых памяшканняў, падзеі ў якіх мы бачыць не можам.

Пастаноўка «Як стаць багатым» мае быццам іранічную падаплёку, але на грунтоўную базу і падсэнсы не прэтэндуе. Відаць, Сяргей Кавальчык хацеў пацешыць публіку і толькі, таму сабраў «найбольш бяспройгрышныя» жэсты і гумарэскі, якія насамрэч выглядаюць заезджанымі, а ў спектаклі з невытрыманым рытмам і паўзамі — нават наіўнымі. У тым сэнсе, што яны маюць выглядаць смешнымі, але такімі не з'яўляюцца. Зрабіць некалькі аднолькавых рухаў, разрываючыся паміж тэлефонам і дзвярыма, у якія звоняць, ужо не смешна. Таксама, як паспешліва хаваць сваіх гасцей, калі нехта стаіць, лічы, на парозе. Як стукаць дзіўнаватую гаспадыню кватэры падносам па галаве, каб яна адключылася і, пажадана, замаўчала. І стукаць паўторна. І яшчэ раз.

Нездарма камедыя лічыцца адным з самых складаных жанраў, бо спалучыць усе тэатральныя складнікі такім чынам, каб кожная гумарыстычная сцэна зайграла сапраўды смешнымі палажэннямі, вымагае вялікіх высілкаў.
Галоўную і ў гэтым выпадку, вядома, надзвычай адказную ролю, бо на ёй трымаецца ўвесь спектакль, выконвае Уладзімір Глотаў. Акцёр, што татальна зацёрся ў недапрацаваных рытміцы, жэстах і целарухах, хоць патэнцыял да безумоўнай камедыйнасці мае. Няма ў галоўным героі і, прабачце, стрыжня, які павінен аб'ядноўваць увесь кругаварот персанажаў і вызначаць іх. Фармальна яны, канешне, усе вызначаюцца праз стасункі з Блэзам, але пакуль Д'амбрые ніяк не выстаўляе свой характар наперад, усе ролі тут — роўныя.

Спектакль «Як стаць багатым» сваю выключна забаўляльную функцыю такім чынам выконвае толькі напалову, і вяртацца ў гэтую кватэру з пустым барам, каб не апраўдаць свае надзеі на гамерычны смех, не хочацца. «Як стаць багатым» — пастаноўка, што павінна была стаць проста камедыяй, але і камедыяй не стала.

Сафія ПАЛЯНСКАЯ

Загаловак у газеце: Багатым стане беззаганны

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Чаму ў Беларусі варта аптымізаваць колькасць сельсаветаў

Чаму ў Беларусі варта аптымізаваць колькасць сельсаветаў

І павышаць эфектыўнасць работы мясцовых органаў улады.

Грамадства

Якіх педагогаў  хочуць бачыць дзеці ў аб'яднаннях па інтарэсах?

Якіх педагогаў хочуць бачыць дзеці ў аб'яднаннях па інтарэсах?

​Для сістэмы дадатковай адукацыі ўласцівы адкладзены ў часе эфект.

Грамадства

Чым здзіўлялі арганізатары Фестывалю навукі?

Чым здзіўлялі арганізатары Фестывалю навукі?

Толькі Ньютан і толькі хардкор!