Сельская гаспадарка становіцца адным з драйвераў эканомікі ЕАЭС і краін постсавецкай прасторы. Пра гэта паведаміў начальнік галоўнага ўпраўлення знешнеэканамічнай дзейнасці Мінсельгасхарча Аляксей Багданаў падчас прэс-канферэнцыі, прысвечанай арганізацыі выстаўкі «Белагра-2018». Паводле яго слоў, перыяд стагнацыі на рынках сельскай гаспадаркі СНД і ЕАЭС паступова заканчваецца.
Аляксей Багданаў адзначыў, што сёння ў развіццё сельскай гаспадаркі ўкладваюцца вялікія рэсурсы, а тэхналогіі, якія прапануе наша дзяржава, і дасягненні аграрнай навукі запатрабаваныя на міжнародным рынку.
«Мы ўскладаем вялікія надзеі на выстаўку «Белагра-2018». Чакаем наплыў наведвальнікаў з краін ЕАЭС, СНД. Традыцыйна выстаўка прыносіць добрыя дывідэнды для Беларусі. Мы знойдзем новыя шляхі для нарошчвання аб'ёмаў экспарту сельгаспрадукцыі, беларускіх тэхналогій», — адзначыў кіраўнік упраўлення.
Таксама ён расказаў, што за мінулы год тавары беларускай мясной і малочнай прадукцыі ў сукупнасці былі экспартаваныя ў 70 краін свету. «Накіраванасць нашай эканомікі на дыверсіфікацыю экспарту працуе і будзе прасоўвацца. У першым квартале сёлета мы нарасцілі экспарт тавараў у краіны за выключэннем Расіі на 34 % больш да ўзроўню мінулага года. Мы спадзяёмся, што выстаўка паспрыяе росту аб'ёмаў паставак», — паведаміў Аляксей Багданаў.
Вядучы форум аграрыяў «Белагра-2018» пройдзе ў аграгарадку Шчомысліца, недалёка ад сталіцы, з 5 па 10 чэрвеня. Чакаецца што сёлета на форум прыедуць 536 кампаній з 28 краін свету (летась іх было 507 з 25 краін).
Як паведаміў намеснік генеральнага дырэктара кампаніі «Мінскэкспа», дырэктар выстаўкі «Белагра-2018» Аляксандр Макаўчык, на мерапрыемстве будуць прадстаўлены тэхніка, тэхналогіі і абсталяванне для сельскагаспадарчай вытворчасці, фермерскіх і цяплічных гаспадарак, аграхімія, сродкі аховы раслін і глебаў, кармавыя дабаўкі, ветпрэпараты і медыкаменты, рыбацкая вёска. Асобную залу зойме экспазіцыя «Белпрадукт» у якой прымуць удзел 114 вядучых вытворцаў харчовай прадукцыі краіны. Па словах Аляксандра Макаўчыка, таксама сёлета малыя фермерскія гаспадаркі прадставяць міні-тэхніку ўласнай вытворчасці — 17 адзінак самаробных трактароў.
Усе ахвотныя змогуць бясплатна адправіцца на выстаўку — для наведвальнікаў будзе арганізаваны трансфер са станцыі метро Малінаўка ў Мінску да Шчомысліцы. Адтуль кожныя паўгадзіны будзе адпраўляцца бясплатны аўтобус.
Ілья КРЫЖЭВІЧ
«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».
Што за таемнымі дзвярыма?