Вы тут

Што будзе з пенсіямі працоўных мігрантаў?


Мінпрацы і сацабароны расказала аб пенсійным забеспячэнні работнікаў дзяржаў — членаў ЕАЭС.

Пасля стварэння ЕАЭС беларусам стала прасцей уладкавацца на працу ў дзяржавах, якія з'яўляюцца членамі Еўразійскага эканамічнага саюза. А паколькі чалавек заўсёды шукае, дзе лепш, тут жа актывізавалася працоўная міграцыя. Колькасць беларусаў, якія выехалі на работу ў Расію па афіцыйных заключаных дагаворах і кантрактах, у 2014—2017 гадах склала крыху больш за 21 тысячу чалавек. Гэта звесткі МУС. Але спецыялісты кажуць, што насамрэч працоўных мігрантаў нашмат больш. Пры гэтым расіяне таксама прыязджаюць да нас і ўладкоўваюцца тут на работу. А што ў такім выпадку будзе з пенсіямі працоўных мігрантаў — якая дзяржава павінна іх плаціць?


Каб зняць гэтыя пытанні, зараз ідзе работа над падрыхтоўкай Дагавора аб пенсійным забеспячэнні работнікаў дзяржаў — членаў ЕАЭС. Між тым спецыялісты ўжо пачынаюць спрэчкі вакол яго. У прыватнасці, ёсць меркаванне, што беларусы, якія працуюць у Расіі, адлічваюць узносы і робяць уклад у фарміраванне расійскага пенсійнага фонду. Пры гэтым у большасці выпадкаў дажываць свой век нашы суайчыннікі вяртаюцца на радзіму. Некаторыя эксперты робяць выснову, што ў выніку гэта прывядзе да ўзрастання нагрузкі на наш Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва.

У сувязі з гэтым Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Беларусі выступіла з тлумачэннем будучых падыходаў да пенсійнага забеспячэння работнікаў дзяржаў — членаў ЕАЭС.

Базавы прынцып, пакладзены ў аснову праекта Дагавора, — прынцып прапарцыянальнасці, тлумачаць у Міністэрстве працы і сацабароны. Гэта азначае, што ў перыяд работы ўзносы выплачваюцца ў пенсійны фонд дзяржавы, на тэрыторыі якой яна выконваецца. А дзяржавы — члены ЕАЭС прымаюць на сябе адказнасць па фінансаванні будучых пенсій работнікам-мігрантам за перыяды працы на сваёй тэрыторыі (як было б, калі б гэтыя грамадзяне пражывалі ў краіне працаўладкавання). Гэта значыць, Беларусь будзе выплачваць пенсію за перыяды работы на сваёй тэрыторыі, а пенсіі за перыяд працы ў іншых дзяржавах — членах ЕАЭС будуць выплачвацца з пенсійных фондаў гэтых дзяржаў.

Спецыялісты міністэрства адзначаюць, што на сучасным этапе прымяненне прапарцыянальнага прынцыпу апраўдана з пункту гледжання інтарэсаў дзяржавы ў цэлым: пры вяртанні мігрантаў на радзіму выдаткі на пенсіі за «замежны» стаж застаюцца за краінамі, у якіх вялася працоўная дзейнасць (калі пры гэтым выплачваліся пенсійныя ўзносы), і не ўскладаюцца на краіну пражывання пенсіянера. У той жа час работнікам даецца права на атрыманне пенсійных выплат ад кожнай з дзяржаў, на эканоміку якіх яны працавалі. Такі прынцып апрабаваны міжнароднай практыкай і выкарыстоўваецца многімі краінамі пры заключэнні міжнародных пенсійных пагадненняў.

Калі ж пералічваць («пераводзіць») унёскі за перыяды працы на тэрыторыі дзяржаў — членаў ЕАЭС у пенсійны фонд краіны па ранейшым месцы жыхарства работніка, як прапануюць некаторыя эксперты, гэта можа прывесці да нарошчвання пенсійных абавязацельстваў краіны месца пражывання. Да таго ж забяспечыць і пракантраляваць выкананне заканадаўства аб выплаце ўнёскаў работнікамі — нерэзідэнтамі Рэспублікі Беларусь немагчыма, дадаюць спецыялісты Мінпрацы.

Таксама немагчыма ў перыяд працы чалавека адназначна вызначыць, якую з дзяржаў ён абярэ для пастаяннага пражывання пасля выхаду на пенсію. І тады можа атрымацца так, што грамадзянін, які пераводзіў унёскі ў Беларусь, а пасля вырашыў туды не вяртацца, наогул акажацца без пенсіі.

* * *

Такім чынам, калі дакумент будзе прыняты і ратыфікаваны краінамі — удзельнікамі ЕАЭС, Беларусь будзе несці адказнасць (выплачваць пенсію) за перыяды працы грамадзян гэтых краін на сваёй тэрыторыі. Пенсіі за стаж працы ў дзяржавах — членах ЕАЭС будуць выплачвацца з пенсійных фондаў гэтых дзяржаў. Як падкрэсліваюць у Мінпрацы, гэта значыць, што ў нашай краіне нагрузка на фонд сацыяльнай абароны насельніцтва па фінансаванні пенсій мігрантам будзе не ўзрастаць, а абмяжоўвацца.

Пры гэтым кожная краіна — удзельніца Дагавора ЕАЭС павінна будзе забяспечыць улік працоўнага стажу на сваёй тэрыторыі і выплату заробленай часткі пенсіі (у памеры, прадугледжаным нацыянальным заканадаўствам дзяржавы, дзе працякала работа).

У Мінпрацы адзначаюць, што ўсе базавыя пазіцыі праекта (у тым ліку аб выплаце ўнёскаў у пенсійны фонд дзяржавы працаўладкавання) у цяперашні час ужо дзейнічаюць у рамках Дагавора паміж Рэспублікай Беларусь і Расійскай Федэрацыяй аб супрацоўніцтве ў галіне сацыяльнага забеспячэння (які быў заключаны 24 студзеня 2006 года і ўступіў у сілу 29 сакавіка 2007 года). Гэта значыць, яны ўжо вывераныя больш чым дзесяцігадовай практыкай беларуска-расійскіх узаемаадносін у галіне забеспячэння права на атрыманне пенсій грамадзянамі.

У Еўразійскім эканамічным саюзе пастаўлены мэты актывізаваць інтэграцыйныя працэсы і легальную міграцыю, павысіць адкрытасць нацыянальных рынкаў і стварыць агульны рынак працы. І нормы, што заключаюцца ў Дагаворы аб пенсійным забеспячэнні, павінны спрыяць, а не перашкаджаць вырашэнню гэтых задач. У цэлым, як адзначаюць у Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны Беларусі, галоўнае прызначэнне Дагавора — сфарміраваць механізм, які забяспечваў бы работнікам магчымасць рэалізаваць у поўным аб'ёме пенсійныя правы, заробленыя на тэрыторыі дзяржаў — членаў ЕАЭС, незалежна ад таго, у якой з гэтых дзяржаў яны будуць пражываць, калі выйдуць на пенсію.

Святлана БУСЬКО

Загаловак у газеце: Калі рынак працы — агульны

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Вучоба можа быць у радасць, калі размаўляць з вучнем на адной мове

Вучоба можа быць у радасць, калі размаўляць з вучнем на адной мове

Уявіце сабе сітуацыю: вучань зрабіў у дыктоўцы 20 памылак... 

Калейдаскоп

«Везла сумкі, як падняць, — Сустракаў з вагона зяць...»

«Везла сумкі, як падняць, — Сустракаў з вагона зяць...»

Самае вялікае дасягненне «Звязды» — гэта яе чытачы.

Эканоміка

Горадабудаўнічы пашпарт распрацуюць з улікам магчымых аб'ектаў будаўніцтва

Горадабудаўнічы пашпарт распрацуюць з улікам магчымых аб'ектаў будаўніцтва

Пра гэта гаворыцца ў новай рэдакцыі палажэння аб парадку падрыхтоўкі і выдачы дазвольнай дакументацыі на будаўніцтва аб'ектаў, зацверджанаг

Грамадства

Свята каравая прайшло на Гродзеншчыне

Свята каравая прайшло на Гродзеншчыне

На фестывалі згадалі і даўнюю традыцыю — услаўляць завяршэнне земляробчага года абрадамі ў гонар Багача.