Вы тут

Лаўрышава forewer


Лаўрышава forewer

Каторы год запар на падворку Свята-Елісееўскага Лаўрышаўскага мужчынскага манастыра збіраюцца школьнікі старшых класаў і студэнты самых розных устаноў адукацыі.

Адны з іх жывуць у будынку, які належыць манастыру, другія выбралі для сябе трошкі больш экстрэмальнае пражыванне ў намётах, але таксама пад шатамі абіцелі Святога Елісея Лаўрышаўскага. І першыя, і другія прытрымліваюцца манастырскіх парадкаў, харчуюцца ў трапезнай, выконваюць малітоўныя правілы, апранаюцца адпаведна. Толькі гэта не паломнікі, хоць можна было б так падумаць. Разам з самымі апантанымі настаўнікамі гісторыі — Ірынай Калбасінай з Калінкавіцкай гімназіі і Ірынай Радзецкай са Слонімскай СШ № 2 — і пад кіраўніцтвам Тэльмана Маслюкова яны ўтвараюць моладзевы гісторыка-пошукавы летнік. Зрэшты, пастаянныя чытачы “Маладосці” ды і ўвогуле цікаўныя асобы павінны ведаць пра існаванне на Навагрудчыне і такога манастыра, заснаванага яшчэ ў XIІІ стагоддзі, самага першага мужчынскага манастыра на нашай зямлі, і такой вось ініцыятывы, якая, пачынаючыся некалі з дабраславення намесніка манастыра айца Яўсевія і пад патранатам прафесара Сяргея Рассадзіна, адзначае сёлета 20-годдзе.

Лозунг летніка — “Трымаць гісторыю ў руках” — цалкам адпавядае яго дзейнасці, самай што ні ёсць археалагічнай, навукова-практычнай. Штодня на працягу некалькіх тыдняў дзяўчаты і хлопцы, змяняючыся (адны ўдзельнікі прыбываюць на змену другім, бо такі парадак: санітарныя нормы не дазваляюць, напрыклад, жыць у намёце больш за дзесяць дзён), літаральна трымаюць яе, нашу гісторыю, у сваіх маладых і спрытных руках — то ператрасаючы і літаральна прасейваючы скрозь пальцы зямлю, у якой, можа здарыцца, знойдзецца нешта (сёлета — кавалкі старой керамікі і савецкая манетка 1930 года), то выкопваючы з гэтай зямлі тое, што яна хавала ў сабе на працягу цэлых стагоддзяў  (летась — каменны падмурак манастырскай капліцы ХVІ стагоддзя на тэрыторыі старых могілак), то слухаючы паважаных навукоўцаў, якія, уявіце сабе, прыязджаюць сюды, да зусім яшчэ юных, пакідаючы свае акадэмічныя кабінеты, не іначай як толькі па той прычыне, што лічаць гэтых юных сваімі калегамі, а працу іх — вартай самай сур’ёзнай увагі.

Да гасцей летніка, якія бываюць тут часта не толькі з навуковымі, але і з іншымі даволі сабе разнастайнымі мэтамі — ад чытання вершаў да спявання песень, — далучаюцца і рэдактары “Маладосці”, для якіх наведванне ўчастка работ, пагружэнне ў яе з пункту гледжання карэспандэнта, напісанне новых артыкулаў пра знаходкі і меркаванні, а таксама прэзентацыя часопіса ў час па абедзе — ужо таксама традыцыя.

Гэтым разам візіт да нашых сяброў адбыўся 18 ліпеня. Удзельнікам летніка былі прадстаўлены свежыя выпускі часопісаў “Маладосць” і “Бярозка”, чыталіся вершы, загадваліся гістарычныя і літаратурныя галаваломкі, дарыліся паштовачкі і закладкі на памяць. Кожны атрымаў у рукі “Маладосць” з аўтографам паэткі і хрысціянскай журналісткі Аксаны Ючкавіч, сяброўкі выдання. Разыначкай сустрэчы і яе сёлетняй адметнасцю стала прэзентацыя часопіса “Вожык”. Яго мастацкі рэдактар, намеснік галоўнага рэдактара Аляксандр Каршакевіч не толькі насмяшыў вясёлымі моўнымі замалёўкамі ў пачатку сустрэчы, але гэтаксама па-добраму рассмяшыў (замалёўкамі ўжо ў прамым сэнсе) і ў канцы яе — сяброўскімі шаржамі на студэнтаў і вучняў, падоранымі на памяць пра гэты дзень.

А нам на памяць пра гэты дзень застаюцца прыемныя ўражанні і светлыя эмоцыі, якія мы ўкладзём у будучыя публікацыі. Першая — ужо ў жніўні, інтэрвью з айцом Яўсевіем.

Святлана ВОЦІНАВА

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.