Вы тут

Як прайшоў фестываль авіяцыйнага спорту пад Мінскам


Ужо чацвёрты год запар аэрадром Баравая збірае прафесійных спартсменаў, людзей, улюбёных у неба, і проста аматараў маляўнічых відовішчаў. Сёлета ўжо ў першы дзень фестывалю, які праходзіў на мінулых выхадных, быў пастаўлены рэкорд па колькасці наведвальнікаў. І гэта не дзіўна, бо магчымасць убачыць шоу такога ўзроўню можна назваць унікальнай.


На верталёце — па ваду

Чым жа здзіўлялі арганізатары? Па-першае, верталётнымі гонкамі. Акрамя таго, што гэта і так вельмі цікава і прыгожа, напружанасці дадавала яшчэ і тое, што яны былі часткай этапу Кубка свету.

Наогул, самі спаборніцтвы пачаліся яшчэ 23 ліпеня, акрамя 4-га этапу Кубка свету па верталётных гонках, на аэрадроме Баравая таксама прайшоў 16-ы чэмпіянат свету па верталётным спорце. Усяго ў спаборніцтвах прынялі ўдзел 36 экіпажаў з Беларусі, Расіі, Украіны, Польшчы, Аўстрыі, Германіі і Кітая. Падтрымка роднага прастору прынесла плён: беларуская каманда заняла ў выніку другое месца, да таго ж экіпаж Аляксея Мачанскага і Антона Данчанкі заваяваў «бронзу» ў асабістым заліку.

Адной з самых відовішчных дысцыплін у верталётных гонках стаў слалам. Адначасова паміж сабой спаборнічаюць дзве каманды. Кожны экіпаж складаецца з двух чалавек: пілота, які кіруе верталётам, і аператара, які кіруе... вядром. Сутнасць практыкавання ў тым, каб з дапамогай вядра на доўгай вяроўцы набраць вады з бочкі, пранесці яго праз 12 умоўных варот і з дакладнасцю апусціць на стол, па магчымасці не расплюхаўшы ваду. Вядро закранула вароты — штраф, пры ўстаноўцы на стол расплюхалася занадта шмат вады — штраф, упала вядро — адно з самых грубых парушэнняў, максімальны штраф. Дарэчы, выражаецца ён у дадатковым часе. Так што эмоцыі падчас спаборніцтваў панавалі не жартоўныя. Здаецца, што адна з камандаў далёка наперадзе, але вось яна занадта доўга не магла прымасціць вядро, і выйграюць сапернікі. Або экіпажы ідуць упоравень, але на самым апошнім этапе вядро кранаецца адных з варот. Ух! Самы пацешны момант, калі ў канцы верталёты ў прамым сэнсе раскланьваюцца адзін аднаму, а потым пілоты радасна вітаюць натоўп, які спяшаецца ўзарвацца апладысментамі.

Будучыня ўжо настала

Не менш напружана праходзілі і спаборніцтвы сярод парашутыстаў. Нягледзячы на тое што надвор'е было спякотнае, нярэдка наляталі моцныя парывы ветру. Паколькі спартсмены скакалі па чарзе, забяспечыць адзіныя для ўсіх умовы было проста немагчыма, таму прыходзілася праяўляць усе сакрэты прафесійнага майстэрства па максімуме. Парашутысты прызямляліся проста поруч трыбун, так што можна было не толькі адразу ж даведацца пра вынікі, але і ўбачыць усе эмоцыі на тварах спартсменаў. Тым больш што яны былі вельмі розныя — бо дакладнасць скачкоў вымяралася з розніцай да сантыметра. Аўтаматычна выбывалі з далейшых спаборніцтваў тыя, хто перавысіў адлегласць усяго толькі ў 16 сантыметраў ад патрэбнай кропкі.

На некалькі дзесяцігоддзяў наперад перамяшчала зона дрон-рэйсінгу. Калі вы ніколі не бачылі гонкі дронаў ужывую, то проста ўявіце сабе любы фантастычны фільм пра высокатэхналагічную будучыню. Калі максімальна спрасціць апісанне тэхналогіі, то пілоты надзяваюць спецыяльныя акуляры віртуальнай рэальнасці, у якіх бачаць выяву з камеры, усталяванай спераду на дроне, і з дапамогай джойсціка кіруюць яго перамяшчэннем па зададзеным маршруце. Пры гэтым хуткасць такая, што не заўсёды за ім магчыма ўсачыць нават позіркам, набліжэнне распазнаеш толькі па характэрным гудзенні. Не абыходзіцца і без «траўмаў» — перыядычна дроны сутыкаюцца ў паветры, пасля чаго выбываюць з гонкі. Але аказалася, што гэта яшчэ не ўсё, што могуць прапанаваць аматары маладога віду спорту. Велізарнае ўражанне на гасцей фестывалю зрабіла начная гонка дронаў. Агні зіхацелі як падчас феерверку!

І хлеб, і відовішчы, і зона для гадаванцаў

Але, як вядома, чым больш з'яўляецца варыянтаў цікавага баўлення часу, тым больш патрабаванняў узнікае да ўзроўню арганізацыі. Як кажуць, і хлеба, і відовішчаў. Што да хлеба, то на выбар наведвальнікаў была прадстаўлена велізарная разнастайнасць вулічнай ежы: ад мексіканскіх закусак да ўпадабаных моладдзю бургераў, ад спецыфічна пасмажанай бульбы да крафтавага марожанага. Дарэчы, алкаголь на свяце не прадавалі. Гэта быў адзін з фактараў, які прыцягнуў безліч сем'яў з дзецьмі. І малым сапраўды было, дзе разгуляцца! Цэлыя гарады з канструктара, атракцыёны і нават магчымасць пасядзець за штурвалам сапраўднага верталёта. Гэтая зона ў дзяцей, якіх становіцца ўсё складаней здзівіць, выклікала найбольшую цікавасць. Яны былі гатовыя пакорліва стаяць у чарзе, абы далучыцца да агульнай любові — неба.

Дарэчы, колькасць цацак авіятэматыкі на квадратны метр была неймаверная! Паветраныя шары, бірулькі і значкі, мадэлі... нават аквагрым на шчоках у ахвотных і то з'яўляўся тэматычны. І праўда, не натхніцца было складана. Тыя, хто хацеў не толькі паглядзець, але і глыбей пагрузіцца ў тэму, маглі наведаць музей авіяцыйнай тэхнікі. Акрамя гэтага, можна было далучыцца і да лекторыяў — так, напрыклад, прадстаўнікі Беларускай федэрацыі авіяцыйнага спорту (БФАС) расказалі аб планах на найбліжэйшы час, напрыклад пра ўнікальнае кругасветнае падарожжа.

Вы не паверыце, але не забыліся нават пра хатніх гадаванцаў. Па-першае, з імі можна было свабодна праходзіць на фестываль, чым і скарысталася вялікая колькасць сабакагадоўцаў, па-другое, для іх было прыгатавана мноства актыўнасцяў. Дарэчы, сімвалам самога фестывалю зноў стаў чатырохногі авіятар, гэтым разам сабака з мянушкай Элі.

Завяршалі абодва вечары выступленні вядомых музыкаў: у суботу хэдлайнерам стаў беларускі гурт Lіtesound, у нядзелю — расійская група «Піца». Увогуле застацца абыякавым падчас гэтага свята было проста немагчыма. А колькі шчаслівых здымкаў у гэты дзень было зроблена, проста не пералічыць!

Дар'я КАСКО

Фота БЕЛТА

Загаловак у газеце: #ПРАНЕБА і шчасце

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.