Вы тут

Як беларускія каратысты рыхтуюцца да Еўрапейскіх гульняў


У алімпійскую праграму 2020 года МАК уключыў пяць новых відаў спорту — бейсбол (софтбол), каратэ, сёрфінг, спартыўнае скалалажанне і скейтбордынг. Галоўнай прычынай іх з'яўлення ў праграме з'яўляецца папулярнасць сярод спартыўнай грамадскасці і масавасць. Сёння больш падрабязна мы пагаворым аб каратэ, таму што яно будзе прадстаўлена на ІІ Еўрапейскіх гульнях у Мінску, гэты турнір стане своеасаблівай рэпетыцыяй перад Алімпійскімі гульнямі ў Токіа. Пра тое, як від спорту развіваецца ў нашай краіне і хто прадстаўляе Беларусь на топ-турнірах, расказалі старшы трэнер нацыянальнай каманды Анатоль Кур'яновіч (на фота) і генеральны сакратар Беларускай федэрацыі каратэ Дзмітрый Бурынскі.


Шлях каратэ да Алімпійскіх гульняў быў доўгі і не сказаць, што лёгкі, ён пачаўся з 1999 года, калі від спорту канчаткова прызнаў Міжнародны алімпійскі камітэт. Каб трапіць у праграму Гульняў, неабходна выканаць сотні патрабаванняў алімпійскай хартыі, у каратэ гэта атрымалася толькі ў 2016 годзе. Вялікі ўплыў на МАК аказала тое, што гэты від спорту неверагодна папулярны ў свеце, каратэ развіваецца на ўсіх кантынентах. Напрыклад, на апошніх чэмпіянатах свету ў Францыі, Германіі і Аўстрыі спаборніцтвы абавязкова праходзілі на 15-тысячных арэнах, і ўсе яны збіралі аншлагі. «Калі вы бачылі, запоўненую «Мінск-Арэну», то ўяўляеце, што адбывалася там, — расказвае старшы трэнер нацыянальнай зборнай Беларусі па каратэ Анатоль Кур'яновіч. — Квіткі на турнір былі раскуплены за два тыдні да старту, кошт у перакупаў даходзіў да 150 еўра, хоць у касах білеты можна было набыць за восем еўра. Падчас спаборніцтваў гледачы сядзелі нават на прыступках».

У Еўропе найбольш паспяховыя краіны ў гэтым відзе спорту — Францыя, Італія, Іспанія і Турцыя, у Азіі — Іран, Японія і Малайзія, добра развіты ён таксама ў Аўстраліі, Бразіліі і ЗША. У чэмпіянаце свету па каратэ звычайна прымаюць удзел прадстаўнікі 100 краін, на чэмпіянаце Еўропы — 50.

Калі казаць пра саміх спартсменаў, то трапіць на турнір прэм'ер-лігі (спаборніцтвы вышэйшага ўзроўню) не так проста. У іх могуць прымаць удзел толькі 64 спартсмены, у турнірах узроўню ніжэй — серыі А, колькасць атлетаў не абмежаваная. «Ды і ў Беларусі каратэ — гэта досыць папулярны від спорту, — расказвае генеральны сакратар федэрацыі Дзмітрый Бурынскі. — Апошні чэмпіянат краіны прайшоў пры поўных трыбунах. Важна, што каратэ развіваецца ва ўсіх абласцях, нават у такіх невялікіх кутках, як Узда, Вілейка, Іўе, Лагойск».

На Алімпійскіх гульнях спартсмены выступяць у трох катэгорыях: у кумітэ ў жанчын і мужчын, а таксама ў ката. Каб адабрацца на Гульні, каратыстам трэба быць як мага вышэй у сусветным рэйтынгу, а ён фарміруецца на працягу двух гадоў. «У цяперашні час у топ-50 сусветнага рэйтынга ўваходзяць шэсць беларускіх спартсменаў, у сотню — 10 атлетаў. Гэта значыць, у нас добрыя перспектывы і ёсць шанцы адабрацца на Алімпіяду, — адзначае Дзмітрый Бурынскі. — Касцяк зборнай складаюць маладыя каратысты, гэта людзі, якія пачалі паказваць вынікі два-тры гады таму, учарашнія юніёры, якія ўжо зарэкамендавалі сябе добрымі выступленнямі на чэмпіянаце і Кубку Еўропы сярод моладзі. Гэта сведчыць аб станоўчай дынаміцы развіцця. Мы не проста спадзяёмся на добры вынік, а ўсё робім для таго, каб спартсмены змаглі заваяваць ліцэнзіі на Алімпіяду, хоць разумеем, гэта вельмі няпроста, таму што больш за 180 краін удзельнічаюць у гэтым працэсе».

* * *

У Беларусі каратэ таксама папулярнае, хоць нашы турніры пакуль і не збіраюць настолькі вялікай аўдыторыі. Згодна з каляндарным планам, штогод праводзіцца чэмпіянат рэспублікі, кубак, першынство краіны і іншыя турніры, усяго іх каля 15. Спаборніцтвы лакалізіруюцца не толькі ў сталіцы, але і ў абласных гарадах. «Турніры праходзяць практычна кожны тыдзень, бывае нават так, што ў адны выхадныя ў розных месцах праводзяцца буйныя спаборніцтвы і ўсюды збіраюць аншлагі (ад 400 да 600 удзельнікаў»), — падкрэслівае Дзмітрый Бурынскі.

Адметна і тое, што каратэ ў адрозненне ад іншых відаў спорту ў краіне, сёння не адчувае праблем з трэнерскімі кадрамі. «У нас за мяжу ніхто не з'язджае, хоць запрашэнняў было шмат, — з гонарам расказвае старшы трэнер нацыянальнай каманды. — Акрамя таго, у дзяцей гэты від спорту папулярны, таму мы пастаянна праводзім работу па адкрыцці аддзяленняў каратэ ў спецыялізаваных спартыўных установах».

* * *

Уключэнне каратэ ў праграму Еўрапейскіх гульняў таксама можна лічыць пэўным крокам у развіцці. Дзмітрый Бурынскі адзначае, што для гэтага кіраўнікамі Беларускай федэрацыі праводзілася вялікая работа на еўрапейскіх і сусветных кангрэсах, рабочых сустрэчах.

На ІІ Еўрапейскіх гульнях спаборніцтвы пройдуць у шасці жаночых і шасці мужчынскіх катэгорыях, па восем спартсменаў у кожнай, гэта значыць усяго ў іх возьмуць удзел 96 каратыстаў з Еўропы. Беларусы атрымліваюць пуцёўкі на правах гаспадароў, астатнія адбіраюцца на турнір паводле рэйтынга. Дарэчы, паспяховае выступленне на Еўрапейскіх гульнях дазволіць спартсменам набраць кваліфікацыйныя балы для таго, каб трапіць на Алімпіяду-2020.

Падрыхтоўка беларускай зборнай да мультыспартыўнага форуму пачалася ўжо даўно, аднак трэнерскі штаб пакуль не спяшаецца агучваць імёны кандыдатаў на ўдзел у ім. «Ёсць аб'ектыўныя фактары, якія могуць змяніць планы спартсменаў — гэта стан здароўя, траўмы, ды і проста спартыўная форма, у якой спартсмен падыдзе да спаборніцтваў. Круг кандыдатаў пастаянна звужаецца. Еўрапейскія гульні — гэта дадатковая магчымасць для спартсменаў сябе праявіць, а нам гэта дапаможа вызначыцца з імёнамі атлетаў, якія будуць змагацца за алімпійскія ліцэнзіі», — адзначае Анатоль Кур'яновіч.

Спаборніцтвы па каратэ на Еўрапейскіх гульнях — 2019 будуць праходзіць у «Чыжоўка-Арэне». З 28 да 30 верасня гэтага года там пройдзе тэставы турнір, у спартсменаў будзе магчымасць апрабаваць пляцоўку, а ў арганізатараў зразумець усе нюансы арэны і ў чэрвені наступнага года зрабіць спаборніцтвы сапраўдным святам.

Каратэ доўгі час з'яўлялася адным з відаў спорту — кандыдатаў на ўключэнне ў праграму Алімпійскіх гульняў. Адной з перашкод на шляху да статусу алімпійскага віду спорту з'яўляўся высокі траўматызм спартсменаў і наяўнасць велізарнай колькасці стыляў і федэрацый каратэ, якія не імкнуліся да якой-небудзь спартыўнай уніфікацыі, неабходнай для таго, каб стаць алімпійскім відам спорту.

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

Загаловак у газеце: Ва ўсім свеце ведаюць, што такое каратэ

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Вучоба можа быць у радасць, калі размаўляць з вучнем на адной мове

Вучоба можа быць у радасць, калі размаўляць з вучнем на адной мове

Уявіце сабе сітуацыю: вучань зрабіў у дыктоўцы 20 памылак... 

Калейдаскоп

«Везла сумкі, як падняць, — Сустракаў з вагона зяць...»

«Везла сумкі, як падняць, — Сустракаў з вагона зяць...»

Самае вялікае дасягненне «Звязды» — гэта яе чытачы.

Эканоміка

Горадабудаўнічы пашпарт распрацуюць з улікам магчымых аб'ектаў будаўніцтва

Горадабудаўнічы пашпарт распрацуюць з улікам магчымых аб'ектаў будаўніцтва

Пра гэта гаворыцца ў новай рэдакцыі палажэння аб парадку падрыхтоўкі і выдачы дазвольнай дакументацыі на будаўніцтва аб'ектаў, зацверджанаг

Грамадства

Свята каравая прайшло на Гродзеншчыне

Свята каравая прайшло на Гродзеншчыне

На фестывалі згадалі і даўнюю традыцыю — услаўляць завяршэнне земляробчага года абрадамі ў гонар Багача.