20 Верасень, чацвер

Вы тут

Азарт дапамагае стаць лідарам


Апошнія суткі працы на полі ў роднай гаспадарцы КСУП «Фрунзэ-Агра» Рэчыцкага раёна, і камбайны пайшлі на дапамогу ў іншыя сельгаспрадпрыемствы, дзе ўборка яшчэ працягваецца. Між тым гэтыя гектары скошанага аўса сталі яшчэ і юбілейнымі для маладых камбайнераў Цімафея Кротава і Сяргея Кячко. Маладзёжны экіпаж першым на Гомельшчыне пераадолеў адзнаку ў тысячу тон сабранага збожжа. Маладых людзей непасрэдна на полі павіншавалі прадстаўнікі БРСМ і кіраўніцтва прадпрыемства.


Хлопцы сябруюць з дзяцінства, яны ў школе разам вучыліся, працягвалі вучобу ў аграрна-тэхнічным каледжы і цяпер разам завочна заканчваюць Беларускі дзяржаўны аграрны тэхнічны ўніверсітэт. Праўда, спецыяльнасці ў іх розныя. У роднай гаспадарцы 22-гадовы Цімафей працуе інжынерам, а 23-гадовы Сяргей — энергетыкам. Прынамсі, у тандэме давялося працаваць упершыню. Цімафей яшчэ падлеткам пачынаў дапамагаць бацьку на камбайне. Сёлета бацька на трактары, а хлопец заняў яго месца.

Выконваючы абавязкі дырэктара КСУП «Фрунзэ-Агра» Дзмітрый Панчанка гаворыць, што складаны па надвор'і год не дазволіў атрымаць высокі ўраджай збожжа:

— Сёлета ў нас ураджайнасць 30 цэнтнераў з гектара. Намалот склаў больш за 7,3 тысячы тон збожжавых. Нягледзячы на тое, што тэхніка ў гаспадарцы не новая, спецыялісты падтрымліваюць яе ў належным стане. Максімальны прастой быў, калі
ў 18 гадзін вечара камбайн зламаўся, а аб 11-й раніцы механізатары былі ўжо на полі. Дзяжураць брыгады спецыялістаў, каб і ноччу, калі патрэбна, можна было хутка рамантаваць тэхніку. Штодня на палях сельгаспрадпрыемства працуюць дзесяць экіпажаў камбайнераў. З іх тры — маладзёжныя. Дарэчы, у Цімафея Кротава бацька перадавіком быў заўсёды, таму сын на яго раўняецца.

Сціплы Цімафей не схільны да разважанняў пра сельскагаспадарчыя подзвігі. Гаворыць, цяпер пагода нармальная для ўборкі і ёй трэба карыстацца. Яго памочнік і сябар Сяргей Кячко дадае, што падчас жніва з'явіўся азарт. І ўвогуле прыемна назіраць, як бункер напаўняецца саспелым залатым зернем. Між тым мэту — сабраць звыш тысячы — хлопцы перад сабой ставілі і рады, што атрымалася яе дасягнуць. На момант заканчэння ўборкі ў гаспадарцы іх маладзёжны экіпаж сабраў 1200 тон збожжа.

У спякотны летні час механізатары прызвычаіліся працаваць з самай раніцы і да позняга вечара. Ніхто не стогне — спецыфіку ўсе разумеюць. Тым часам гаспадарка забяспечвае механізатараў усім неабходным: спецадзеннем, вадой і гарачай ежай са сталовай сельгаспрадпрыемства два разы на дзень. Падмацаваўшыся і атрымаўшы падарункі ад БРСМ, хлопцы зноў накіроўваюцца ў поле.

Першым сярод тых, хто даставіў з палёў на збожжаток дзве тысячы тон хлеба новага ўраджаю, стаў 30-гадовы Яўген Зянько. У КСУП «Новы шлях — агра» Рэчыцкага раёна ён працуе ўжо шэсць гадоў, пяць з іх — за рулём МАЗа. Гаворыць, кіроўцам стаў па прыкладзе свайго бацькі. Каб трапіць у лідары жніва, трэба ўпарта працаваць. Пра гэта мужчына ведае добра, бо ў 2015 годзе быў другім на Гомельшчыне па колькасці перавезенага збожжа.

— Тады мой вынік склаў амаль тры тысячы тон. Цяпер штодня адвожу каля 130 тон сабранага ўраджаю. За дзень ад 11 да 16 рэйсаў з поля на збожжаток. Каб працаваць максімальна эфектыўна, важная каардынацыя дзеянняў усіх, хто заняты на ўборцы.

Першы сакратар Рэчыцкага райкама БРСМ Вольга Навіцкая гаворыць, што неабходна абавязкова падтрымліваць моладзь, якая займаецца цяжкай працай у полі:

— Мы імкнёмся заахвочваць маладых людзей. У тым ліку і каштоўнымі падарункамі. Вось, падарылі перадавікам электрасушылку для нарыхтоўкі фруктаў. У гаспадарцы абавязкова спатрэбіцца.

Даведка:

Сёлета ў Гомельскай вобласці на жніве працуе каля 80 маладзёжных экіпажаў. На адвозе збожжа заняты паўсотні маладых кіроўцаў. На раніцу 13 жніўня было ўбрана звыш 84 % плошчаў збожжавых. Цалкам завершана жніво ў Петрыкаўскім і Хойніцкім раёнах, Мазырскі і Рэчыцкі набліжаюцца да фіналу. Сярэдняя ўраджайнасць збожжавых па вобласці складае 19,5 ц/га.

Ірына АСТАШКЕВІЧ

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Чым здзіўлялі арганізатары Фестывалю навукі?

Чым здзіўлялі арганізатары Фестывалю навукі?

Толькі Ньютан і толькі хардкор! 

Культура

Новы музей і вулічны гадзіннік цяпер ёсць у Дуброўне

Новы музей і вулічны гадзіннік цяпер ёсць у Дуброўне

Іх стварылі ў гонар прадпрыемстваў, якія паспяхова функцыянавалі ў дарэвалюцыйны час.

Грамадства

Барацьба з баршчэўнікам Сасноўскага ідзе нежартоўная

Барацьба з баршчэўнікам Сасноўскага ідзе нежартоўная

Не выяўлены гіганцкі баршчэўнік пакуль толькі ў Брагінскім, Нараўлянскім і Лельчыцкім раёнах Гомельшчыны.

Грамадства

Якім чынам можа праяўляцца адзінота?

Якім чынам можа праяўляцца адзінота?

Адзінота і асабліва адзінота ў сям'і — рэальная прыкмета нашага часу.