Вы тут

Музычная арыфметыка лідара этна-трыа «Троіца» Івана Кірчука


Гэта адзін з тых музыкаў, пра якіх думаеш — яны былі заўжды. Насамрэч нястомны збіральнік, захавальнік і выканаўца беларускага музычнага фальклору, лідар этна-трыа «Троіца», выкладчык і батлеечнік Іван Кірчук толькі на мінулым тыдні адзначыў 60-годдзе. Зрэшты, у прыхільнікаў творчасці яшчэ будзе магчымасць павіншаваць яго — падчас прэзентацыі новага альбома «Цар агонь» 27 верасня ў Белдзяржфілармоніі. А пакуль што мы з Іванам Іванавічам сядзім у ягонай этналабараторыі, разглядаем старыя здымкі і ўнікальную калекцыю музычных інструментаў з усяго свету ды размаўляем пра жыццёвыя высновы, творчыя планы і сэнс розных лічбаў у лёсе «Троіцы».


Асабістае

Пуб­лі­ка пры­звы­ча­і­ла­ся ба­чыць Іва­на Кір­чу­ка —  му­зыч­на­га ве­шчу­на і ма­гіст­ра ры­ту­а­лаў.  Але шмат­гран­ны му­зы­ка мо­жа ўзяць у ру­кі  і звы­чай­ны гар­мо­нік ды за­вес­ці пры­пеў­кі.

«Ніякіх не хачу застолляў і банкетаў, не хачу шмат гасцей, хачу, каб была толькі сям'я, — дае Кірчук свой ідэальны рэцэпт юбілею. — Проста для мяне гэта вельмі важна: калі жыў сам, адзін, 14 гадоў і думаў, што ўжо так буду дажываць. А цяпер ёсць сям'я, маленькія дзеці, і трэба часцей бываць разам, як некалі мы з бацькамі. Нас было трое дзяцей у сям'і, і я добра памятаю, што на нейкія, як палякі кажуць, «рочныя» святы мы вельмі не любілі, калі прыходзілі суседзі ці іншыя людзі, бо галоўнае было — адзначыць з блізкімі, сям'ёй».

— Іван Іванавіч, 60 — сакральная лічба ці не?

— Мне здаецца, чым далей ад дня нараджэння, тым больш сакральныя лічбы ўсе. Можна ўзяць і 7-гадовы цыкл, і 10-, і 12-гадовы; па сабе я ведаю, наступіўшы колькі разоў на адны і тыя ж граблі, што як толькі праходзіць 11 гадоў, трэба нешта змяняць у жыцці, інакш здараюцца рознага кшталту непрыемнасці. Нядаўна гуляў з дачушкай Агнешкай, яна кажа: «Мне тры гады». «Не, — кажу, — табе яшчэ два. А вось мне шэсцьдзясят...» І нават сам задумаўся, якая гэта вялікая розніца і колькі яшчэ ў дачкі будзе гэтых лічбаў.

— Параўноўваючы сябе ў розных узростах, і сваіх дзяцей, як лічыце, які ўзрост найшчаслівейшы?

— Канешне, дзяцінства, калі ты яшчэ мала каму што павінен, калі бацькі побач, калі бачыш бабулю з дзедам, асабліва калі ў сям'і лад і ніякай сваркі няма, і ў цябе ёсць лесвіца пакаленняў перад вачыма: як жывуць старыя, куды цягнуцца бацькі, куды імкнешся ты сам... Натуральна, сённяшнія дзеці — зусім не тыя, што былі мы; мае Стэфан і Агнешка зараз могуць не слухаць бацькоў, а ў маім дзяцінстве бацькава слова было святым.

— А вы з якога ўзросту сябе свядома помніце?

— Гадоў, мо, пяць ці шэсць. Помню, што я вельмі шмат спяваў, дзе толькі была магчымасць. Мама казала: ехалі з Гародні з гасцей, я выйшаў на сярэдзіну аўтобуса і запытаўся, ці магу я спяваць — дазволілі, то спяваў. Альбо хадзілі мы ў лес у грыбы ці ягады, і я таксама пытаўся, ці можна тут моцна спяваць. Наогул, песні любіў розныя, бо тады, калі збіралася вялікая радня, шмат на застоллях спявалі — рускіх, украінскіх, польскіх, беларускіх песень. А цяпер па мамінай лініі засталася толькі адна цётка Геня, ёй больш за 90, жыве ў Літве. Вось бы іх запісаць, калі яшчэ ўсе былі жывыя — а ўсё адкладваў, думаў, паспею...

Летапіснае

Ці па­зна­е­це вы Іва­на Іва­на­ві­ча ўзо­ру 1995-га —  кі­раў­ні­ка фальк­лор­на­га тэ­ат­ра «Дзі­ва» і на­мес­ні­ка ды­рэк­та­ра На­цы­я­наль­на­га цэнт­ра твор­час­ці  дзя­цей і мо­ла­дзі?

На адлегласці амаль 180 кіламетраў ад Мінска ў Кірчука было лецішча — домік, падораны яшчэ матуляй. «А ўжо няма, прадалі сёлета, і там цяпер жыве ёг — беларускі хлопец, які быў у ашрамах Індыі, Германіі і Польшчы. Убачыў ён мой сад камянёў, сказаў, што гэта выдатнае месца для медытацый, — расказвае музыка. — З аднаго боку, на лецішчы добра — лес, цішыня, а з другога — ёсць пытанні, я змяю на ўчастку бачыў, калі касіў, а малыя дзеці ж глядзець не будуць, адразу рукамі ўхопяць. Дый 180 кіламетраў у адзін бок — не блізкі свет. Словам, развіталіся мы з тым домікам. Але ў жончыных бацькоў ёсць дом у Фаніпалі, там для дзяцей ёсць усё, і нават частка архіваў «Троіцы» там захоўваецца. Праўда, летась здарыўся пажар, і вінілавыя запісы «пацяклі», частка малюнкаў падгарэла...»

— Аднаўляць страчаныя архівы? — перапытвае суразмоўнік. — А куды гэта ўсё дзяваць? Каб вы ведалі, колькі ўсяго сабралася! Восем ці дзевяць валізак тут захоўваецца толькі з дыскамі і касетамі, якія я збіраў і прывозіў з падарожжаў «Троіцы» па розных краінах: джаз, фолк, класіка, рок, танцы — на добры толк, каб гэта ўсё разабраць, бездань часу патрэбна. А яшчэ ж ё кнігі, інструменты, фотаздымкі з беларускіх і замежных фестываляў — а іх было больш за 100, ад Беларусі і Расіі да Чылі і Малайзіі... Толькі сёлета былі фестывалі ў Партугаліі, Германіі і Польшчы — відаць, 8-9 тысяч кіламетраў мы «накруцілі».

— Налета этна-трыа «Троіца» ў, так бы мовіць, класічным складзе споўніцца ўжо 20 гадоў. Ці плануеце неяк адзначаць?

— Тады ўжо трэба адлічваць ад гурта «Дзіва», які быў за дзесяць гадоў да «Троіцы» — ён, праўда, вельмі мала выступаў у Беларусі, але меў званне народнага і шмат гастраляваў за мяжой, спяваючы a capella беларускія песні. Сама ж з'ява «Троіцы» бярэ адлік з 1995-га, калі я працаваў у Нацыянальным цэнтры творчасці дзяцей і моладзі намеснікам дырэктара... А ці будзем мы адзначаць 20-годдзе этна-трыа і як гэта рабіць, пакуль нават не ведаю, бо шмат якія планы даводзіцца перасоўваць. Вось узяць новы дыск «Цар агонь» — мы ж яго запісалі яшчэ летась, павінны былі вясной прадставіць, але так склалася, што толькі зараз ён прагучыць.

— Новы альбом вы пісалі сем гадоў, ён сёмы ў агульнай дыскаграфіі, але першы, на які вы збіралі грошы талакой, праз краўдфандынг.

— Так, 175 чалавек з розных краін падтрымалі нас і паўдзельнічалі ў зборы сродкаў на альбом «Цар-агонь». Але ў выніку атрымалася, што з яго прэзентацыяй мы спазніліся на год. Чаму? Бо хацелася захаваць такі ўзровень якасці, як у папярэднім альбоме «Зі-
мачка», які атрымаў дзесяць узнагарод толькі ў Беларусі. Уяўляеце, якія вушы павінны быць у гукарэжысёра, калі мы ўтраіх запісалі 420 трэкаў, а ён усё гэта здолеў звесці, каб усе — і мы, і ён, і слухачы — засталіся задаволеныя працай.

— З самага першага альбома «Троіцы», які і называўся так сама, «Троіца», ці ёсць песня, якая вам падабаецца дагэтуль?

— Першая «Троіца», мяркую, здзівіла ўсіх мінімалізмам: на той час у нас былі бонгі з перкусіі, гуслі, смык, некалькі дудачак, ну і гітара ў Віталя Шкілёнка. І калі мы прыехалі ў Галандыю з гэтым наборам, усе казалі нам, што гэта медытацыя, транс, музычная магія... Зразумела, калі параўнаць першы альбом і сёмы, у нас з'явілася велізарная колькасць інструментаў — падчас канцэрту ў філармоніі, мабыць, будзе адчуванне, што сядзіць сімфанічны аркестр, бо ўся сцэна будзе застаўленая інструментамі, якія выкарыстоўваюцца ў праграме. А з таго часу мы заўсёды спяваем купальскую «Канапельку» («А ў гародзе на канапельцы»), дзе якраз гучаць гуслі.

Творчае

У эт­на­ла­ба­ра­то­рыі за­хоў­ва­ец­ца толь­кі част­ка вя­ліз­на­га твор­ча­га  і ма­тэ­ры­яль­на­га ар­хі­ва «Тро­і­цы».

«Я заўжды марыў стварыць фольк-тэатр, даследаваць на беларускім матэрыяле, як адбываліся тыя ці іншыя рытуалы, у якіх абрадах і чаму выконваліся пэўныя песні, у які бок ішлі... Даследчыкі-этнографы, мяркую, пагодзяцца, што беларускі фальклор — закадзіраваная інфармацыя, якая адкрывае сябе гадоў праз 20, не раней».

— Яшчэ 15 верасня мусіла адкрыцца выстаўка, якая прадставіла б шырокай публіцы вашу этнаграфічную калекцыю, у тым ліку батлейку, з якой вы шмат гадоў гастралявалі па свеце. Аднак большасць экспанатаў не прайшла праз польска-беларускую мяжу і засталася ў Польшчы. Ці зрушылася справа на сёння?

— Спадзяюся, што ліст, які я напісаў у Міністэрства культуры, нешта зрушыць. Лялькі ўжо тут, калядная зорачка прыехала, і я буду выкарыстоўваць яе разам з маскамі, лялькамі і музычнымі інструментамі 23 верасня ў монаспектаклі «Дарожка мая», які ўваходзіць у праграму сёлетняга мастацкага форуму «TEART».

А яшчэ планую выставіць малюнкі, частка з якіх зараз знаходзіцца на «Млыне» ў вёсцы Дворышча, што пад Лідай, — гэта сапраўдны стары трохпавярховы вадзяны млын, які Генадзь Конан аднавіў і зрабіў там культурніцкую пляцоўку. 29 верасня там таксама планую паказваць монаспектакль «Дарожка мая», таму частка калекцыі малюнкаў і інструментаў ужо чакае там... Словам, выстаўка пакуль пераносіцца, нават не магу сказаць дакладна, на які час — зразумела, яечка Хрыстова было б да абеду добра, але ўжо цяпер як атрымаецца сабраць усё разам: і музычныя рэчы, і этнаграфічныя — саламяныя карабы, начоўкі, куфар на колах з Палесся,
і шмат чаго яшчэ. Вельмі хацелася б, каб яно ўсё вярнулася ў Беларусь, бо тыя рэчы заўжды дапамагалі «Троіцы» стварыць адпаведны кантэкст. Скажам, на фестывалі ў Галандыі, які доўжыўся 10 дзён, паралельна працавала выстаўка з маёй калекцыі, лялечны тэатр батлейка, які паказвалі дзецям, — на спецыяльным маніторы ішоў пераклад на галандскую мову, і прайшлі два канцэрты «Троіцы». Тое самае мы рабілі ў нямецкім Дортмундзе, у іншых гарадах і краінах... А потым неяк усе праекты прыпыніліся, і калекцыя шмат гадоў захоўвалася ў сяброў у Польшчы — на ёй, атрымліваецца, яшчэ стаіць штамп «Вывезена з СССР», і з 1999 года ўсё ніяк не можам завезці назад у Беларусь.

— У лялечнай «трупе» батлейкі, калі не памыляюся, 28 персанажаў. Ці ёсць сярод іх найбольш памятныя?

— Спачатку было меней, пачыналася праца з драмы «Цар Ірад». Але недзе ў 1986—1987 гадах, збіраючы інфармацыю пра батлейку, я вырашыў зрабіць і бытавыя сцэнкі, таму з'явіліся новыя героі: доктар і салдат, Адам і Ева, чорт ды іншыя. У мяне былі лялькі вялікія, памерам у 80 сантыметраў, для выступленняў на плошчы, але тая батлейка засталася ў Цэнтральным раёне Мінска, дзе быў цэнтр этнаграфіі, і ўжо, на жаль, няма ў жывых тых мастакоў, якія рабілі гэтыя лялькі. Пазней ужо са студэнтамі рабілі пастаноўкі адначасова з лялькамі і маскамі, таксама недзе захаваліся сцэнарыі. Каб была асаблівая гісторыя з якімсьці персанажам звязаная, не скажу, але помню адну дзіўную рэч. У 1999 годзе я атрымаў грант Сораса і паехаў у пасляваенную Боснію і Герцагавіну 20 канцэртаў даў. Прыехаў у адзін дзіцячы садок, расклаў батлейку і разумею, што мой сцэнарый ляжыць у машыне, а ўжо трэба пачынаць, і прайсці цераз залу немагчыма — пад 400 дзяцей сабралася, усе чакаюць... Што я там расказваў, на якія галасы — мне здаецца, калі б гэта запісаць, то шмат хто пасмяяўся б. А яшчэ аднойчы выступаю, зноў жа ў Босніі і Герцагавіне, а на першым радочку сядзіць хлопчык гадоў пяці і ўсе беларускія песні, што я выконваю, падпявае... Як, адкуль? Бог яго ведае.

— Нядаўна «Троіца» была адным з хэдлайнераў ужо 10-га фольк-фэсту «Камяніца». На ваш погляд, за 10 гадоў, што мінулі, у які бок змянілася стаўленне і выканаўцаў, і слухачоў да музычнага фальклору? Ці пачалі ім больш цікавіцца?

— Сказаў бы, што не вельмі. Вось мяркуйце: год ці два таму, казалі, на фестывалі было каля сямі тысяч гасцей. Для двухмільённага Мінска вельмі мала. А некалькі гадоў таму мы былі на найбуйнейшым фестывалі сусветнай музыкі і танца WOMAD у Англіі, які патрануе Пітэр Гэбрыел, — дык вось там было 65 тысяч наведвальнікаў. Так, нам часта прыхільнікі пішуць, што пазнаёміліся на канцэрце «Троіцы», пажаніліся і цяпер ужо слухаюць нас сям'ёй, што, канешне, прыемна. Але ці кола гэтых слухачоў вялікае, дакладна не скажу, трэба больш у моладзі пытацца, наколькі ёй цікава.

Замест эпілога

Пра кож­ную рэч іх гас­па­дар мо­жа рас­па­вес­ці асоб­ную за­хап­ляль­ную гіс­то­рыю.

— Ці ёсць краіны-мары, куды «Троіца» яшчэ не даехала?

— Японія, Кітай, магчыма Нарвегія. Чаму не? Але на сёння мы ўжо напрацавалі штосьці, і ездзіць, як 5—10 гадоў таму, напаўгалоднымі ды спаць на камянях ужо не хочацца, хочацца прадставіць краіну на ўзроўні. Таму многае ўпіраецца ў грошы, як і пытанне з рэпетыцыйнай кропкай, якой у нас дагэтуль няма. Будуць грошы — будзе плён.

Гутарыла Вікторыя ЦЕЛЯШУК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.