Вы тут

За спрэчкамі вакол «Лістапада» пра кіно забыліся, а яно будзе


На гэтым тыдні Мінскі міжнародны кінафестываль, да якога засталіся лічаныя дні — ён пройдзе з 2 да 9 лістапада, — раскрыў усе свае карты. Калі на мінулым тыдні былі абвешчаны конкурсныя праграмы, то на гэтым сталі вядомыя пазаконкурсныя праграмы і Нацыянальны конкурс (і Індустрыяльная платформа, і журы). Цяпер мы ведаем пра будучы «Лістапад» усё: можам думаць над асабістым раскладам, а з учарашняга дня і набываць білеты на паказы. А таксама сачыць за абмеркаваннямі, што разгарэліся вакол метадаў адбору фільмаў у Нацыянальны конкурс і ледзь не перакрылі сабой уласна фестываль.


«Дзікая груша» Нуры Більге Джэйлана.

Гарачы каментарый

Прызнанне падчас прэс-канферэнцыі, што ў камісію пры Міністэрстве культуры, якая разглядае сфарміраваную дырэкцыяй праграму беларускіх фільмаў, не ўвайшлі прадстаўнікі ўласна дырэкцыі, справакавала бум абмеркаванняў. І не толькі інфармацыйнае асвятленне ў медыя, але і канкрэтныя крокі: рэжысёрка Ева-Кацярына Махава адазвала сваю дакументальную карціну «Перазімаваць» ад удзелу ў конкурсе, чым выказала свой пратэст.

СМІ дапусцілі шэраг перабольшанняў, адпаведна якім дырэкцыя больш не мае дачынення да фарміравання Нацыянальнага конкурсу, а байкот рэжысёраў набыў масавы характар. У публікацыях нават з'явіўся пералік фільмаў, што сталі, маўляў, «ахвярамі», але ён, вядома ж, недакладны.

Фарміраванне праграмы беларускага кіно адбываецца на «Лістападзе» ў два этапы: спачатку дырэкцыя фарміруе самастойную праграму, потым гэтую праграму разглядае спецыяльная камісія пры Міністэрстве культуры. Такая практыка сама па сабе выклікае пытанні, але ў гэтым годзе заснавальнік кінафестывалю пайшоў далей і ўвогуле выключыў з камісіі прадстаўнікоў дырэкцыі. Так, гэта можна назваць цэнзурай.

Таму аўтары, нязгодныя з існуючым парадкам, могуць, адзываючы свае карціны ад удзелу ў «Лістападзе», выказваць сваё незадавальненне — на гэты момант, дарэчы, падобны жэст не набыў масавага характару. Незадаволеных можна зразумець, бо крыўдна, калі ты павінен праходзіць селекцыю не толькі прафесіяналаў кіно, але і нейкія іншыя інстанцыі, быццам апрыёры ў нечым вінаваты.

На жаль толькі, такога роду ініцыятывы нівелююць высілкі самога кінафестывалю, што, як і любы міжнародны форум, клапоціцца аб развіцці нацыянальнага кіно і лічыць гэта адным з прыярытэтных напрамкаў сваёй дзейнасці. Для гэтага «Лістапад» арганізуе Нацыянальны конкурс, дае беларускім аўтарам магчымасць паказваць сваё кіно на вялікім экране і камунікаваць з публікай, запрашае ў журы міжнародных экспертаў, якія могуць ацаніць беларускія фільмы з пункту гледжання кантэксту сусветнага кіно. Напэўна, пратэст супраць Міністэрства культуры ў гэтым выпадку ідзе поплеч са шпількай у бок дырэкцыі без статусу пастаяннай, што прыклала ўсе намаганні для таго, каб Нацыянальны конкурс на «Лістападзе» адбыўся.

«Той, што ідзе па вадзе» Андрэя Паўнава.

Ігравы пазаконкурс

Калі адысці ад скандальнага флёру, «Лістапад» застаецца «святам, якое заўсёды з табой». У аб'яўленых пазаконкурсных праграмах на першым плане пакуль застаецца ўласна кіно. 25-ы фестываль — яго адкрыццё з фільмам «Халодная вайна» Паўла Паўлікоўскі адбудзецца ў наступную пятніцу — пакажа 167 карцін з 48 краін.

Як звычайна, Каны, Берлін і Венецыя прыедуць у Беларусь: мінскі кінафорум прапануе кінаманам і тым, хто проста хоча паглядзець на вобраз сучаснага сусветнага кіно, фестывальныя хіты і сенсацыі, гучныя імёны, фільмы, якіх нельга абмінуць увагай, карціны, што ўбачыць на вялікім экране глядач, хутчэй за ўсё, не зможа, а калі зможа на маленькім, то не хутка. У пазаконкурснай праграме «Львы, мядзведзі, пальмавыя галіны», якая звычайна ўключае пераможцаў першых у свеце кінафестываляў, гэтым разам будзе паказана два фільмы з Канаў — уганараваныя «Залатой пальмавай галінай» «Крамныя зладзюжкі» Хіракадзу Карэ-эда і ўладальнік прэміі «Пальмавы сабака» і прыза за найлепшую мужчынскую ролю «Догмен» Матэа Гаронэ.

Секцыя «Майстар-клас» прадэманструе на вялікім экране карціны цэлага шэрагу добра вядомых рэжысёраў, што належаць да сённяшняй, скажам так, кінаэліты. Джафар Панахі, напрыклад, — даволі скандальны аўтар з Ірана, дзе яму забаронена здымаць. Некалькі гадоў таму па ўсім свеце прагучаў яго фільм «Таксі», вельмі спецыфічным спосабам — з дапамогай схаванай камеры — зняты насуперак афіцыйнай забароне. На «Лістападзе» можна будзе ўбачыць яго «Тры сястры». Ад мексіканскага рэжысёра Карласа Рэйгадаса, заўсёдніка Канскага кінафестывалю, гэтым разам будзе паказаны «Наш час» — менавіта яго праграмны дырэктар «Лістапада» Ігар Сукманаў назваў «фільмам года».

Аўтар карцін «Вялікая прыгажосць» і «Маладосць», адзін з найвядомейшых сучасных італьянскіх кінарэжысёраў Паола Сарэнціна зняў новы праект «Лора», уключаны ў секцыю «Колеры ночы», якая будзе паказвацца ўвечары і ноччу. Тут жа жудасны «Дом, які пабудаваў Джэк» Ларса фон Трыера і «Вышэйшае грамадства» Клер Дэні.

На «Лістападзе» таксама пакажуць Наомі Кавасэ, Нуры Більге Джэйлана, Лукрэсію Мартэль, Філіпа Гронінга, Карнэла Мундруца і іншых. Ігравы пазаконкурс уключае ў сябе праграмы «Чалавечыя камедыі», «Жаночыя гісторыі», «Расійскія прэм'еры», «Культ кіно».

Дакументальны пазаконкурс

Нехта сказаў, гісторыя кінематографа пачалася з дакументальнага кіно, ім жа і скончыцца. Неігравыя карціны — адна з самых дзіўных з'яў у мастацтве ўвогуле. Фільмы пра цыганскую капэлу ва Усходняй Славакіі, аднаго з найвядомейшых кампазітараў Руіці Сакамота, еўрапейскі міграцыйны крызіс, закусачную для паўночнікаў, Пітэра Грынуэя, ісламскі халіфат і іншае — у сёлетніх пазаконкурсных праграмах дакументальнага кіно.

«Дакументальныя праграмы пакажуць, наколькі людзі і дзяржава непарыўныя, як праз даследаванне прыватнага жыцця, што цікава само па сабе, узіраючыся ў героя і яго асяроддзе, можна зразумець кантэкст еўрапейскай і нават сусветнай гісторыі апошніх дзесяцігоддзяў. І справакуюць пытанні, ці міласэрная дзяржава ў адносінах да чалавека і наколькі талент, амбіцыі, дабрыня і ахвярнасць у ёй запатрабаваныя», — казала падчас працы над секцыямі праграмны дырэктар Ірына Дзям'янава.

Пазаконкурс пакажа, напрыклад, праграму «Найлепшае». У яе ўключаны «Дзень перамогі» Сяргея Лазніцы — аднаго з найвядомейшых сучасных аўтараў, што належаць да, так скажам, постсавецкай прасторы. Яго «Аўстэрліц» два гады таму атрымаў на Мінскім кінафестывалі Спецыяльны прыз журы, а жудасная «Пакорлівая» летась удзельнічала ў Асноўным конкурсе ігравога кіно. Яшчэ адну карціну Сяргея Лазніцы «Працэс» можна знайсці ў секцыі «XX стагоддзе. Драмы гісторыі» — фільм выкарыстоўвае архіўныя здымкі штучнага судовага абвінавачання супраць прамыслоўцаў, ініцыяванага Сталіным у 1930 годзе.

«Дзень перамогі» Сяргея Лазніцы.

Мінулае стагоддзе таксама даследуе работа «Я павінна расказаць» Сяргея Кудрашова, што базуецца на дзённіку Машы Ральнікайтэ, якая перажыла Халакост. І аўстрыйская карціна «Вальс Вальдхайма» Рута Бекермана — пра падзеі, што папярэднічалі выбранню Курта Вальдхайма аўстрыйскім прэзідэнтам.

Рубрыка «Спартыўныя страсці» ўключыла ў сябе тры фільмы, у тым ліку «Бясконцы футбол» Карнеліу Парумбою. Як сказала Ірына Дзям'янава, «заўсёды складана растлумачыць змест работ Парумбою, гэта проста трэба бачыць». А яшчэ «Сінія хуліганы» Цэзары Гжэсюка пра балельшчыкаў і «Надта прыгожая: маё права на барацьбу» Масеа Фроста пра жанчыну-баксёрку. «МузыкаДок», «Арт», «Кіно пра кіно», «Спатканне з Расіяй» і нарэшце адмысловая праграма да юбілею беларускай студыі «Летапіс», якая пакажа створаныя тут адрэстаўраваныя дакументальныя фільмы розных гадоў.

Асобна

Сёлета «Лістапад» арганізуе дзве спецыяльныя праграмы. Адна — як кінафестываль любіць рабіць — факусуецца на кінематаграфіі пэўнай краіны, гэтым разам Славеніі. Таксама адносна невялікая і адносна маладая дзяржава прадставіць шэсць карцін, ад класічнай стужкі сярэдзіны мінулага стагоддзя да сучасных работ. І пакажа, што на парадку дня ў славенцаў і як яны пра гэта размаўляюць.

Ну а эксклюзівам будзе рэтраспектыва класіка сусветнага аўтарскага кіно французскай рэжысёркі «Геніі кіно. Аньес Варда». Тут будуць паказаны яе класічныя работы, шэдэўр «Шчасце» і дакументальная карціна, што летась намінавалася на Оскар. Тварам гэтай рэтраспектывы стане актрыса Валеры Мерэс, вядомая па фільмах «Укол парасонам», «Банзай», а таксама як зорка аўтарскага кіно.

Нагадаю, паказы «Лістапада» будуць праходзіць у кінатэатрах «Цэнтральны», «Мір», «Піянер», «Масква», «Беларусь», «Falcon Club Буцік Кіно» і ў Музеі гісторыі беларускага кіно.

Ірэна КАЦЯЛОВІЧ

Загаловак у газеце: Кіно ў Мінску будзе!

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як не стаць ахвярай кіберзлачынцаў

Як не стаць ахвярай кіберзлачынцаў

Расказвае намеснік начальніка ўпраўлення па раскрыцці злачынстваў у сферы высокіх тэхналогій Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі Уладзімір Зайцаў.

Грамадства

«Догляд займае не больш за хвіліну». Як правяраюць наведвальнікаў перад уваходам у фан-зону?

«Догляд займае не больш за хвіліну». Як правяраюць наведвальнікаў перад уваходам у фан-зону?

Пералік рэчаў, забароненых да праносу, змешчаны на ўваходзе ў кантрольна-прапускны пункт.

Эканоміка

Што мы купляем праз інтэрнэт, і чаму айчынны гандаль у сеціве прайграе

Што мы купляем праз інтэрнэт, і чаму айчынны гандаль у сеціве прайграе

Электронны гандаль у нашай краіне працягвае расці.