Вы тут

Сын, сям’я, камсамол і “Вясёлка”


Нататкі пра выбар жыццёвага шляху і тое, як былы камсамольскі важак Уладзімір Ліпскі стаў вядомым дзіцячым пісьменнікам


Людзі майго пакалення, родам з 60-х, ды й малодшыя, памятаюць: камсамол у 70-х-80-х клікаў нас бадзёрымі песнямі некуды наперад, “в тревожную даль”. Хвалі масавых вымыванняў маладых працоўных рук з Беларусі на казахстанскую цаліну прыціхлі, аднак “правільным”, камсамольскім стылем жыцця ў велізарнай краіне СССР, з яе шматлікімі новабудоўлямі, лічылася рамантычнае шуканне сваёй долі дзесьці “там, за горизонтом./ Там, там-тарам, там-там-там”. Яшчэ будавалася Байкала-Амурская магістраль, і асвойваліся нафтагазавыя радовішчы Заходняй Сібіры. Папулярнымі былі “тэзісы”: “Мой адрес — не дом и не улица,/ Мой адрес — Советский Союз”, а таксама: “Старость меня дома не застанет —/ Я в дороге, я в пути”.

Дзясяткі тысяч беларускіх лёсаў той “камсамольскі вецер” перакруціў, перамяніў. Так, меў савецкі патрыятызм свае прапагандысцкія асаблівасці. Некаму да распаду СССР і сапраўды ў галаву не прыходзіла, што, едучы ўдалеч ад Беларусі, родзічаў, родных людзей, малады чалавек адрываецца, можа, і назаўжды ад родных каранёў. І дзе была тая “вялікая Радзіма”? Як вядома, згубіцца ў бязмежжы — лёгка.

Ёсць і ў маім лёсе камсамол: выбіралі сакратаром арганізацыі класа, школы. А яшчэ былі студэнцкія будатрады (Ленінградская вобласць, Комі АССР), амаль 5 гадоў працы ў маладзёжнай газеце “Чырвоная змена” — органе ЦК ЛКСМ Беларусі. А напрыканцы 80?х і праца ў тым самым ЦК.?Тады, курыруючы дзіцячыя й маладзёжныя выданні, я й пазнаёміўся з галоўным рэдактарам часопіса “Вясёлка” Уладзімірам Ліпскім: па справах заходзіў у “цэкоўскі” будынак. Высветлілася: і ён там працаваў, прычым гадоў 10. Вясковец з Рэчыцкага раёна пазней расказаў, як, закончыўшы ў Мінску тэхнікум харчовай прамысловасці, стаў цукраварам, паехаў у Гарадзею на тамтэйшы завод — слесарам. Аднак, маючы схільнасць да пісання, пачаў супрацу з раёнкай ды праз пару гадоў у яе й перайшоў. Бо і ў тэхнікуме “бегаў па рэдакцыях: як няштатны карэспандэнт маладзёжных і дзіцячых газет”. Далей — як завочная вучоба ва ўніверсітэце, на факультэце журналістыкі, так і камсамольская праца: у Нясвіжскім райкаме, кар’ерны рост у ЦК.

І першыя свае літаратурныя “пробы пяра” — то былі дзённікавыя запісы, назіранні за тым, як расце маленькі сын Ігар — Ліпскі чытаў пісьменнікам якраз у будынку ЦК: “З тых запісаў пазней атрымалася кніга “Рыгоркавы прыгоды”. Але перш чым выйшла кніга, я ўрыўкі Васілю Вітку прынёс, у рэдакцыю “Вясёлкі”. Сядзеў там ён, Алесь Пальчэўскі, Сяргей Грахоўскі — тры літаратурныя волаты ў адным пакойчыку. Вітка ўсміхнуўся: “Чытайце, Валодзя, што вы нам прынеслі”. Я працаваў тады ў камсамоле, а “Вясёлка” была ў тым жа будынку, па вуліцы Карла Маркса, 40. І я проста спусціўся на паверх уніз”.

Чытанне было ў канцы 60?х, і якраз гэта, прызнаецца Уладзімір Сцяпанавіч, быў першаштуршок да ягонай дзіцячай літаратурнай творчасці. Акрыліла ўдача: на цэлы разварот, два яго апавяданні змясціла “Вясёлка”. Потым яны й пасябравалі з Віткам. Кніжка ж “Рыгоркавы прыгоды” атрымалася тоненькая. Пісьменнік знайшоў яе неяк у бібліятэцы, зачытаную й абарваную. То, казаў, памяняў на новую: вялікі фаліянт, выбраныя апавяданні для дзяцей.

Вось так — праз сына, сям’ю, камсамол і “Вясёлку” — рухаўся Уладзімір Ліпскі ў літаратуру. Пасля ён і яшчэ друкаваўся ў “Вясёлцы”, так і пайшло. Аднак і досвед камсамольскі, набытыя з часам уменні працаваць з людзьмі, “вырашаць пытанні”, “дасягаць пастаўленых мэтаў”, як казалі ў тым асяродку — усё спатрэбіліся, калі неяк Іван Шамякін запрасіў Ліпскага ў Саюз пісьменнікаў: адказным сакратаром. І цяпер Уладзімір Сцяпанавіч згадвае гады ў камсамоле з вялікай удзячнасцю, кажа: “Гэта мой Байканур!”.

…Помніцца, якім шокам для некаторых маіх цэкоўскіх калег напрыканцы 80?х, у пару перабудовы, было пачуць ад грузінскіх юнакоў: што яны ў першую чаргу — грузіны, а потым — камсамольцы. Тады ж рыхтаваўся маладзёжны фестываль дружбы, і гасцей з Тбілісі запрасілі ў Мінск. Падобныя “крамольныя” размовы — пра павагу да роднай мовы, гісторыі свайго народа, пра нацыянальную самасвядомасць — не ўпісваліся ў тагачасны “рэгламент працы” і беларускага ЦК камсамола. Ну а што “Вясёлка” (дарэчы, тады — выданне ЦК ЛКСМБ) на чале з Уладзімірам Ліпскім і ў той час пісала пра любоў да Беларусі, вучыла дзетак любіць родную прыроду, роднае слова, маму з татам — не выклікала пытанняў. Можа, таму, што галоўрэд — свой чалавек, ідэйны. І яму давяралі!

А ён, мой старэйшы калега, здолеў, прайшоўшы праз камсамол, увабраць з яго ўсё лепшае. Ды прыўнесці ў сваю творчасць і народную мудрасць — ад зямлі, ад роду, ад бацькоў. Здолеў ад кароткіх дзіцячых апавяданняў праз дзясяткі кніг — а выйшла іх з?пад пяра Уладзіміра Ліпскага больш за 70! — узняцца да гістарычнага рамана: сёлета закончыў вялікі твор “Цар”. Вось, мяркую, падзівіліся б ягоныя паплечнікі з ЦК 60?х, калі б нехта відушчы ім сказаў: а вось гэта малады чалавек, што загадвае ў вас аддзелам прапаганды й агітацыі, з часам напіша кніжкі “Мама. Малітва сына” і “Бацька. Пісьмы на неба”.

Ды хто б тады яму, таму прароку, паверыў? Але ж так сталася.

Ён памятае, як палілі яго родную вёску гітлераўскія карнікі: “Мне было тры годзікі толькі. Маленькая вёска, мірныя людзі. Чым яна ім перашкаджала? Ускочыў на вуліцу партызанскі разведчык у нядзельку раніцай, праляцеў галопам і крычаў: “Вас будуць паліць, ідзе карны атрад. Ратуйцеся!” Паказаў, куды бегчы. Пяць хвілін на зборы. Мая мама схапіла мяне на рукі, загарнула ў посцілку на плечы… Астатнім пяцярым — хапайцеся за падол. І бягом. Увесь нажытак застаўся ў хаце. Бацька, непісьменны, зняў іконку і ў печы ўзяў чыгунок бульбы. Каб нечым накарміць дзяцей у лесе. Вось пра што думалі бацькі… Я ім вельмі ўдзячны, і знак тае ўдзячнасці — мае кнігі”.

Уладзімір Ліпскі перакананы: без роднай мовы, без моцнай сям’і, павагі да бацькоў, да роду, да гісторыі Бацькаўшчыны — няма ніякай “светлай будучыні” ў народа. Таму й лічыць галоўным у інфармацыйным полі краіны — часопіс “Вясёлка”, якім кіруе ўжо 40 гадоў (у снежні ў Тэатры юнага гледача, казаў, юбілей будзе святкавацца). Часопіс, як і сам пісьменнік, гаворыць з малымі чытачамі пра вечныя каштоўнасці. А пра што піша былы камсамольскі работнік у сваёй новай аповесці-споведзі “Мая Беларусь”, што ўлетку пабачыла свет і прызначана для сямейнага чытання — раскажам іншым разам.

Іван Ждановіч

Выбар рэдакцыі

Культура

Што паглядзець у брэсцкім музеі выратаваных каштоўнасцяў

Што паглядзець у брэсцкім музеі выратаваных каштоўнасцяў

Брэсцкі музей выратаваных каштоўнасцяў можна назваць мясцовым Луўрам — калі ўвогуле дарэчы параўноўваць адну культуру з іншай.

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

— Хлопцы, не біце, я — ва-а-аш!..

Грамадства

Як дэпутаты вырашаюць праблемы жыхароў Брэсцкай вобласці

Як дэпутаты вырашаюць праблемы жыхароў Брэсцкай вобласці

У мясцовых Саветах Брэсцкай вобласці ажыццяўляюць дэпутацкую дзейнасць 2962 дэпутаты. 

Грамадства

Чым жыве найлепшая маладая сям'я штурмавой авіяцыйнай базы ў Лідзе

Чым жыве найлепшая маладая сям'я штурмавой авіяцыйнай базы ў Лідзе

Абодва яны спяваюць, пішуць вершы пра сваю сям'ю і іграюць на музычных інструментах.