Вы тут

Сёння гледачы пачынаюць глядзець конкурсныя праграмы «Лістапада»


Старт 25-му Мінскаму міжнароднаму кінафестывалю дадзены: учора, 2 лістапада, адбыліся першыя паказы ігравога і дакументальнага кіно, а ў кінатэатры «Масква» разаслалі чырвоную дывановую дарожку, разбілі талерку аб штатыў кінакамеры і паказалі фільм адкрыцця, якім на гэты раз стала польская карціна Паўла Паўлікоўскі «Халодная вайна». З чалавечымі камедыямі, (не)дзіцячымі гісторыямі, Карнеліу Парумбою, сімвалічнымі і літаральнымі знакамі старту кінафестываль «Лістапад» аб'яўлены адкрытым.


Калі ў мінулыя гады чырвонай дарожкай станавіліся падсвечаныя чырванню прыступкі кінатэатра «Масква», дзеля юбілейнага Мінскага кінафестывалю арганізатары цырымоній паклапаціліся аб тэкстылі. Госці «Лістапада» — сябры журы, стваральнікі фільмаў, ганаровыя візіцёры Святлана Немаляева і Рустам Сагдулаеў — падымаліся па прыступках «Масквы», ідучы па сапраўднай дывановай дарожцы.

Юбілей, як звычайна, дае нагоду не толькі для святкавання і асаблівых інтанацый падчас цырымоній, але і для падвядзення вынікаў. Пакуль адкрываўся 25-ы па ліку Мінскі кінафестываль, можна было ўспомніць, як усё пачыналася і развівалася на працягу цэлай чвэрці стагоддзя. Першыя кінапаказы ў агромністым кінатэатры «Кастрычнік», «фестываль постсавецкага кіно», Расціслава Янкоўскага як ганаровага старшыню «Лістапада» і яго традыцыю чытаць вершы на адкрыцці. Гасцей, што прыязджалі на «Лістапад», — Алега Янкоўскага (аднаго з самых частых наведвальнікаў форуму), Кшыштафа Занусі, Клер Дэні, Андрэя Звягінцава, Фані Ардан, Брыянтэ Мендосу, Бенедыка Флігаўфа, Дэні Катэ.

Хутка будзе дзесяцігоддзе, як форумам займаецца сённяшняя дырэкцыя — Цэнтр візуальных і выканальніцкіх мастацтваў «Арт Карпарэйшн». За гэты час «Лістапад» набыў статус міжнароднага кінафестывалю, атрымаў часовую, а потым пастаянную акрэдытацыю Міжнароднай федэрацыі асацыяцый кінапрадзюсараў FІАРF, замяніў журы кінапрэсы на журы FІРRЕSСІ — Міжнароднай федэрацыі кінакрытыкаў, якая ўручае свае ўзнагароды на такіх кінафестывалях, як Канскі альбо Берлінскі. Адным словам, да 25-годдзя «Лістапад», здаецца, падышоў з высока паднятай галавой.

Рэтраспекцыя ў мінулае — а яна і так удзельнічае ў цырымоніях адкрыцця — сёлета мае асаблівае значэнне, але ў іншым, здаецца, кінафестываль усё той жа. У кінатэатрах паказваюцца фільмы, свае работы прадстаўляюць стваральнікі, у якасці сімвалічнага старту аб штатыў разбіваецца талерка, на цырымоніі ўручаюцца прызы.

Датычна апошняга. Вядома ж, невыпадкова ў Мінску з'явіліся ганаровыя госці. Рамэа з фільма «У бой ідуць адны «старыя», акцёр і рэжысёр з Узбекістана Рустам Сагдулаеў падняўся на сцэну, каб з рук намесніка прэм'ер-міністра Ігара Петрышэнкі атрымаць прыз Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «За захаванне і развіццё традыцый духоўнасці ў кінамастацтве». Актрыса тэатра і кіно, асабліва вядомая сваімі ролямі ў фільмах Эльдара Разанава, Святлана Немаляева атрымала спецыяльны прыз Выканаўчага камітэта Садружнасці Незалежных Дзяржаў «Кіно без межаў» за развіццё культурнага супрацоўніцтва і ўмацаванне дружбы паміж народамі.

Разам з Генадзем Давыдзькам — з Марыяй Васілевіч ён быў вядучым цырымоніі адкрыцця «Лістапада» — ганаровыя госці кінафестывалю падышлі да штатыва і разбілі талерку. Напэўна, такая масавасць фармальна і вылучае сёлетнюю цырымонію.

Як бы гэта ні адбывалася, галоўнае здарылася: 25-ы «Лістапад» аб'яўлены адкрытым. І сёння гледачы пачынаюць глядзець конкурсныя праграмы, якіх на кінафестывалі шэсць, і працягваюць спазнаваць пазаконкурс. Са 167 карцін дакладна ёсць што выбраць: тут проста бездань праграм, сфакусаваных на спорце, кіно для дзяцей і юнацтва, кінематаграфістах-пачаткоўцах, славенскіх фільмах, работах Аньес Варда і іншым. Нарэшце, увагу прыцягваюць фестывальныя хіты, Ларс фон Трыер, Сяргей Лазніца, карціны з лонг-ліста «Оскара».

Сёння ж, 3 лістапада, у «Піянеры» адбудзецца адкрыццё — асобная цырымонія — «Лістападзіка», у якой паўдзельнічаюць прадзюсар Чын-ю Яо і рэжысёры Моаніка Сіймец і Алдзіяр Байракімаў, фільмы якіх трапілі ў конкурс. Абмеркаванне стужак «Лістападзіка» будзе адбывацца з удзелам мадэратараў — пісьменніцы і лаўрэата
літаратурных прэмій «Пунсовыя ветразі» і «Запаветная мара» Яўгеніі Пастэрнак і аўтара кніг для падлеткаў і сцэнарыста Андрэя Жвалеўскага.

Рэкордная колькасць фільмаў сёлета ўдзельнічае ў Конкурсе нацыянальных кінашкол, што задумваўся як майстар-клас, а ператварыўся ў паўнавартасную конкурсную праграму, у якой сёлета, дарэчы, прымуць удзел найвядомейшыя еўрапейскія кінашколы. Кінематаграфісты-пачаткоўцы, бо для іх гэтая секцыя найбольш цікавая, змогуць убачыць 25 работ, калі ў мінулым і пазамінулым гадах паказвалася 14 і 16.

Нацыянальны конкурс будзе паказвацца з 6 да 8 лістапада ў кінатэатры «Беларусь». Улічваючы апошнія хваляванні, у ім сёлета ўдзельнічае не 20, а 18 ігравых, дакументальных і анімацыйных карцін.

Як звычайна, фільмы, што ўдзельнічаюць у конкурсах «Лістапада» (на жаль, не ўсе, але ўсё ж) будуць прадстаўлены іх стваральнікамі — з імі ж пасля прагляду можна будзе абмеркаваць убачанае ў фармаце Q&А.

Вынікі конкурсаў стануць вядомыя на цырымоніі закрыцця кінафестывалю 9 лістапада зноў жа ў кінатэатры «Масква». Толькі адзначу: фільмы, што былі адабраны ў праграмы «Лістапада» ці атрымалі яго ўзнагароды, часта маюць добры працяг у фільмаграфіі аўтараў альбо фестывальным лёсе.

Асноўнымі пляцоўкамі Мінскага кінафестывалю сёлета з'яўляюцца кінатэатры «Цэнтральны», «Мір», «Піянер», «Беларусь», «Масква», «Fаlсоn Сlub Буцік Кіно» і Музей гісторыі беларускага кіно.

Усё толькі пачынаецца.

Ірэна КАЦЯЛОВІЧ

Загаловак у газеце: Усё пачалося з «Халоднай вайны»

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.