Вы тут

У Беларусі запускаюць забаўляльна-пазнавальны тэлеканал


У Беларусі запускаюць забаўляльна-пазнавальны тэлеканал, які робяць дзеці для дзяцей

«Пералічыце, колькі вы ведаеце дзіцячых праграм на беларускім тэлебачанні, — прапануе кіраўнік адукацыйна-прадзюсарскага цэнтра «Гумарынка» і аднайменнай кінастудыі, заслужаны артыст Беларусі Яўген Крыжаноўскі. — Іду ў заклад, што хопіць пальцаў адной рукі. Мы, дарослыя, часта забываемся, што будучыня — за нашымі дзецьмі, і абыякава назіраем, як з тэлебачання «вымываецца» дзіцячы кантэнт, а дзеці, у сваю чаргу, не глядзяць наша тэлебачанне, не чытаюць нашы газеты, а масава сыходзяць у інтэрнэт. Трэба з гэтым штосьці тэрмінова рабіць!»


У выпадку Крыжаноўскага «штосьці» — гэта знятыя за 4 гады існавання студыі больш як 200 выпускаў дзіцячага тэлечасопіса «Гумарынка» і звыш 60 серый перадачы «Адказвайка», а таксама праграмы «Стыльняшкі» і «Утрамдзія», якія апошнія некалькі гадоў выходзілі ў эфіры трох розных айчынных каналаў. Але ў тым і рэч, тлумачыць артыст, што праграмы выходзяць то там, то тут, з рознай перыядычнасцю, і шукаць іх адмыслова ніякі глядач не будзе. Між тым запатрабаванасць з боку гледачоў ёсць: «Мы рэгулярна сустракаемся са школьнікамі, расказваем пра сябе, пытаемся, што ім было б цікава паглядзець. Нядаўна на сустрэчы ў Маладзечне, калі запыталіся, хто наогул глядзеў «Гумарынку», практычна 400 дзяцей, уся зала падняла рукі!» Таму, грукаючы ў розныя дзверы, кіраўнік кінастудыі аднойчы дайшоў да сямейнага тэлеканала пра здаровы лад жыцця +TV, які ўваходзіць у групу кампаній «Белвіясат», — і знайшоў паразуменне. Вынікам яго стаў запуск першага дзіцячага тэлеканала, прэм'ера якога адбудзецца 4 лістапада ў ранішнім эфіры +TV. Паглядзець падборку з разнастайных рубрык, дзіцячага гумарыстычнага серыяла «Школа № 13», музычнага роліка, мультыплікацыі і мастацкага фільма па эфірным і кабельным тэлебачанні змогуць гледачы ва ўсіх гарадах Беларусі. «Наша патэнцыйная аўдыторыя — каля трох мільёнаў гледачоў», — адзначае галоўны рэдактар канала +TV Ганна Казлоўская.

...У кадры канала «Гумарынка-ТБ» — амаль выключна дзеці, ад дашкольнікаў да старшакласнікаў, і расказваюць яны пра тое, што цікавіць іх саміх: абмяркоўваюць герояў мультфільмаў і хатніх улюбёнцаў, разважаюць, што б такога моднага і зручнага апрануць і што паслухаць, задаюць мудрагелістыя пытанні і шукаюць на іх адказы.

У наступны месяц дзіцячы канал будзе выходзіць толькі па 2 гадзіны ў суботу і нядзелю, але ўжо ў снежні партнёры плануюць запусціць штодзённыя выпускі і аздобіць іх найлепшымі дзіцячымі стужкамі «Беларусьфільма», а таксама папулярнымі замежнымі мультфільмамі ў беларускамоўным агучванні. Акрамя таго, заўважае прадзюсар «Гумарынкі» і вядучая праграмы «Пераробкіна» Вольга Прылюбка, канал будзе цікавы тым дзецям і падлеткам, якія ўжо вызначыліся з будучай прафесіяй, — мараць стаць, напрыклад, акцёрамі, рэжысёрамі, аператарамі, журналістамі, тэлевядучымі і шукаюць, дзе маглі б праявіць свае здольнасці.

Праект дзіцячага тэлебачання, дарэчы, атрымаў падтрымку і ў Міністэрстве інфармацыі: у хуткім часе спецыялісты абмяркуюць за круглым сталом пытанне дзіцячага кантэнту ў айчыннай медыясферы.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.