Вы тут

Добрае XVІІ стагоддзе?


Звычайна ад твора маладога аўтара шмат не чакаеш. Дарэчы, гэта трэба ўсведамляць і самім маладым аўтарам, якія выпускаюць першую кнігу ў свет, думаючы, што яна стане сапраўдным выбухам у літаратурнай прасторы. Калі ж такога не адбываецца — калі наваколле адказвае зацятым маўчаннем ці наадварот выходзяць даволі скрупулёзныя рэцэнзіі, у якіх кажуць пра хібы твора і пра няспраўджаныя чаканні рэцэнзента, — незагартаванаму творцу справіцца з такім бывае даволі складана. У галаве адразу мільгаюць думкі пра магчымую ўласную неталенавітасць, рукі апускаюцца, не хочучы пісаць нешта новае, — і чалавек ужо гатовы назаўсёды пахаваць сваю вялікую і светлую мару пра тое, каб аднойчы напісаць сапраўды годны твор...


І тут варта звярнуцца да біяграфій вядомых творцаў. Іван Бунін лічыцца найлепшым майстрам стылю ў рускай літаратуры — яго творы быццам старанна апрацаваныя ювелірам каштоўныя камяні. Даволі папулярным і ў наш час з'яўляецца яго зборнік апавяданняў пра каханне — нядаўна перачытвала і захаплялася высокім пісьменніцкім майстэрствам. Калі звярнуць увагу на дату напісання, можна заўважыць, што зборнік напісаны, калі аўтару было каля 70 гадоў. Падаецца, гэты факт можа натхніць маладога творцу: ёсць дастаткова часу, каб ухапіць за крыло і зразумець сакрэты музы празаікаў.

Яшчэ адзін прыклад — гэта Міхаіл Булгакаў. Абсалютна ўнікальны пісьменнік — з яго «Сабачага сэрца», «Фатальных яек» і пасмяяцца ад душы можна (асабліва ў першым творы), і падумаць, як жа ўдала, праз пэўныя намёкі, аўтар кажа непадцэнзурныя ў той час рэчы; дзесьці робіцца крыху страшна — на падставе аўтарскай выдумкі фантазія дамалёўвае, «а што было б, калі б...» Я некалькі разоў спрабавала пачытаць новыя для мяне творы Булгакава ў сеціве — можа, не надта добра шукала, але зазвычай траплялася толькі публіцыстыка, прычым не бліскучага ўзору. І гэта таксама сведчыць пра тое, што не багі гаршкі лепяць, што геніяльныя творы ўсё-такі пішуцца не з першай спробы.

І яшчэ адзін прыклад, з нядаўніх. Паквапілася я неяк на танныя кнігі, што па 2 рублі 40 капеек прадаваліся ў гаспадарчай краме. У серыі «Вялікія гісторыі кахання» выйшаў твор французскага класіка Эміля Заля «Тэрэза Ракен». Натуральна, так рызыкаваць я б не стала, каб гэты аўтар не быў мной паважаны і нават любімы. Але гэтым разам мяне чакала расчараванне. Менавіта гэту аповесць Заля чытаць не параю (як кажуць, конь на чатырох, і той спатыкаецца). Гэта кніга не пра каханне і не пра жарсць — яна пра тое, як галоўныя героі пакутуюць ад пачуцця віны пасля забойства (аднак да «Злачынства і пакарання» тут далёка), іх учынкі зусім нелагічныя, а перажыванні месцамі падаюцца раздзьмутымі. Да ўсяго дадаецца амаль пастаянная прысутнасць пачуцця страху. І вось крытыкі, якія жылі з Заля ў адзін час, твор неўзлюбілі адразу — пра што і напісалі сумленна ў сваіх рэцэнзіях. Вялікі пісьменнік змірыцца з гэтым не змог: крытыка абурыла яго настолькі, што Заля напісаў адказ — ён змешчаны ў кнізе перад уступам. І тут напрошваецца некалькі высноў — па-першае, пісьменнікам не варта займацца палемікай з крытыкамі — усё-такі яны прыклалі свае намаганні, каб прааналізаваць іх працу, і ў пэўным сэнсе яе папулярызавалі. А па-другое, калі нават пра Эміля Заля пісалі рэзка адмоўныя водгукі, чым пазбаўлялі вялікага раманіста спакою, значыць, і любому іншаму аўтару трэба ставіцца да гэтага ўзважана: перамелецца — мука будзе. Больш за тое, гэта не спыніла Заля на творчым шляху і ён назаўсёды ўвайшоў у пантэон сусветнай літаратурнай класікі.

Падаецца, у наш глабалістычны час ведаць гэтыя прыклады асабліва важна таму, хто імкнецца ствараць нешта сваё. Бо цяпер зусім не складана напісаць на пэўны твор адмоўны водгук (станоўчыя ў наш час у працэнтных суадносінах сустракаюцца нашмат радзей, аднак гэта тэма для іншай дыскусіі) і нават затэгаць самога аўтара (зрабіць так, каб ён убачыў у сеціве). Некаторыя сябры рэцэнзента адразу далучаюцца і карыстаюцца папулярным у наш час прынцыпам «не чытаў, але асуджаю...» Можа здарыцца і адваротная сітуацыя, калі добры твор з-за пэўнага збегу абставін (ну няма ў яго ў сацыяльных сетках у сябрах ніводнага журналіста ці кнігалюба, або яны, так склалася, не пабачылі) застаецца па-за ўвагай. І ў наш час актыўных інфармацыйных стасункаў гэта таксама можна ўспрыняць як маленечкую асабістую катастрофу. Тут хочацца сказаць «Спадарове, працягвайце пісаць, можа, у 70 у вас выйдзе бестселер».

Каб не быць галаслоўнай, але ў пэўным сэнсе абвергнуць усё, што было напісана вышэй, хочацца звярнуцца да кнігі маладога аўтара Яўгена Зубовіча «Беларускі палкоўнік». Калі шчыра, нічога асаблівага ад яе не чакала — проста таму што гэта першая кніга невядомага раней аўтара. Але пачала чытаць... і мяне захапіла! Кожную раніцу замест кубачка кавы, каб узняць настрой на цэлы дзень, я чытала па пару раздзелаў «Беларускага палкоўніка».

Пра што ж кніга? Гэта гістарычны мастацкі твор, якія апісвае падзеі XVІІ стагоддзя, вайну Рэчы Паспалітай з Масквой. Падавалася б, тэма не для слабанервовых і не кожнаму «зойдзе». Але варта прызнаць, што такіх добрых (ва ўсіх сэнсах) кніг я ў прынцыпе даўно не чытала! Праз напісанае яскрава выяўляецца мяккая натура яго стваральніка. Кніга пра «крывавы патоп» нават неяк супакойвае (хто б мог падумаць!). У той жа час гэта ніяк не супярэчыць і не перашкаджае логіцы расповеду пра ваенныя падзеі. Твор, напісаны ў духу найлепшых узораў гістарычнай мастацкай літаратуры. Тэкст не з'яўляецца цалкам выдуманым — пра зварот да архіўных крыніц сведчаць шматлікія гістарызмы, ужытыя ў тэксце. Да таго ж сам аўтар кажа, што ў архівах знайшоў інфармацыю пра тое, як магілёўскі шляхціц раптам прыняў рашэнне перайсці на бок ворага... І гэта падзея ніяк не давала спакою аўтару, — яна і паслужыла завязкай рамана. У тэксце фігуруюць і здрада, і забойствы, і вернасць, і высокае каханне. На старонках рамана надзвычай добра можна счытаць розніцу паміж рэлігіяй і верай, калі вы разумееце, аб чым я. А калі не — тым больш пачытайце.

«Беларускі палкоўнік» — цэльны, лаканічны твор, хоць і з'яўляецца толькі першай часткай трылогіі. Наступныя дзве аўтарам пакуль не напісаны!.. Яўгену Зубовічу не даводзіцца рабіць скідку на тое, што ён малады аўтар. Хочацца пажадаць толькі аднаго: не спыняцца.

Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладзечна прэтэндуе на званне беларускай сталіцы стрыт-фуду

Маладзечна прэтэндуе на званне беларускай сталіцы стрыт-фуду

Карэспандэнт «Звязды» ацаніла гастранамічны патэнцыял горада.

Грамадства

Як у Беларусі развіваецца сектар беспілотнікаў

Як у Беларусі развіваецца сектар беспілотнікаў

Ён малады — сёлета яму спаўняецца 10 гадоў.

Спорт

Беларус Данііл Крывіцкі ў 15 гадоў гуляе ў футбол у іспанскім клубе

Беларус Данііл Крывіцкі ў 15 гадоў гуляе ў футбол у іспанскім клубе

 З перспектыўным футбалістам мы звязаліся, каб даведацца пра яго далейшыя планы, трэніроўкі ў «Інтэры» і жыццё ў Іспаніі.

Грамадства

Чаму лесапілка стала прадметам спрэчак сярод вяскоўцаў

Чаму лесапілка стала прадметам спрэчак сярод вяскоўцаў

Каб высветліць маштаб праблемы, журналіст «Звязды» накіравалася ў вёску Струпень.