Вы тут

Гістарычны музей адкрые выставу да 130-годдзя з дня нараджэння Савы Сіўко


Знайсці падборку старых фотанегатываў... Пазнаць на іх сваю мясцовасць... Заняцца пошукам аўтара, распытаць мясцовых жыхароў і нарэшце адкрыць важнае імя... 7 снежня ў Нацыянальным гістарычным музеі ўрачыста адкрыецца выстаўка «Сава Сіўко (1888—1978). Фатограф Любчанскага краю. Да 130-годдзя з дня нараджэння».


Экспазіцыя ўпершыню прадставіць творчую спадчыну вясковага фатографа Савы Уладзіміравіча Сіўко, які нарадзіўся ў вёсцы Сенна каля мястэчка Любча і працаваў у гэтым рэгіёне больш за 30 гадоў. Прадстаўленыя матэрыялы з'яўляюцца ўнікальнай скарбніцай візуальнай інфармацыі пра паўсядзённае жыццё беларусаў-«заходнікаў» у складаную эпоху перамен — 20—50-я гады ХХ стагоддзя.

Паўтара года таму ў фонды музея трапілі два невялікія чамаданчыкі са старымі шклянымі пласцінкамі міжваеннага часу. Але ні аўтар, ні дакладныя месцы на фотаздымках на той час не былі вядомыя. Уражваў сам факт існавання такой шматлікай калекцыі. Захавалася 582 (а сёння іх колькасць склала 1027!) крохкія шкляныя негатывы. І гэта пасля ўсіх катаклізмаў ХХ стагоддзя! Музейшчыкі пачалі працу па пошуку аўтара «архіва стагоддзя».

Выстаўка раскажа пра гісторыю гэтага найцікавейшага пошуку, а таксама прадставіць новыя знаходкі, што паўсталі падчас музейных экспедыцый дзякуючы землякам фатографа — жыхарам мястэчка Любча, вёсак Купіск, Сенна, адзін з якіх — 98-гадовы жыхар вёскі Нянькава Іван Ігнацьевіч Камар — успомніў імя аўтара фатаграфій Савы Уладзіміравіча Сіўко.

У экспазіцыі будуць прадстаўлены 170 фатаграфій Савы Сіўко. Большасць з іх — гэта сапраўдныя жэлаціна-сярэбраныя фотаадбіткі, надрукаваныя з арыгінальных фотанегатываў метадам кантактнага фотадруку сучасным фотамастаком Альбертам Цэхановічам. Усю калекцыю цалкам можна будзе пабачыць на адным з манітораў, усталяваных у выставачнай зале.

Шмат кранальных гісторый аб тагачасным жыцці пачулі навуковыя супрацоўнікі музея падчас вандровак па Любчанскім краі. Магчымасць выслухаць гэтыя асабістыя гісторыі «з першых вуснаў» атрымаюць усе наведвальнікі выстаўкі.

Сярод знойдзеных на паддашы рэчаў фатографа была адна ўнікальная — маляваны фатаграфічны экран, на фоне якога ў 1930-я гады рабіў партрэтныя фотаздымкі аўтар. Адрэстаўраваны на сродкі гранта Прэзідэнта Рэспублікі
Беларусь мастаком-рэстаўратарам музея Юліяй Дранец. Ён будзе адным з ключавых экспанатаў выстаўкі.

Па матэрыялах музейных экспедыцый адмыслова для гэтага выставачнага праекта была створана кароткаметражная відэаінсталяцыя (рэжысёр, аўтар сцэнарыя і аператар Андрэй Васкрасенскі). Стужка будзе дэманстравацца ў прасторы выставачнай залы ў рэжыме нон-стоп.

Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ

Загаловак у газеце: Чамаданчык са шклянымі пласцінкамі

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Пра дзяцінства, сяброў і вясёлую ноч.

Спорт

Як жывуць спартсмены, якія выступяць на Еўрапейскіх гульнях?

Як жывуць спартсмены, якія выступяць на Еўрапейскіх гульнях?

Карэспандэнты «Звязды» пабывалі ў Вёсцы атлетаў.

Культура

Адэльск: турыстычная Мекка на прыграніччы

Адэльск: турыстычная Мекка на прыграніччы

Адэльск — унікальнае месца. Ціхая вёска на самым ускрайку заходняй мяжы становіцца з кожным годам усё больш знакамітай.