Вы тут

Сустрэць Новы год у санаторыі


Попыт на беларускія санаторыі на гэты Новы год ажыятажны, і трапіць туды тым, хто не паклапаціўся пра пуцёўкі загадзя, ужо не ўдасца. Свабодных месцаў даўно няма, чакаецца прыезд у тым ліку і вялікай колькасці замежных гасцей. Як беларускія здраўніцы рыхтуюцца да свят, колькі будзе каштаваць банкет і пражыванне, расказаў дырэктар Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні Генадзь Балбатоўскі.


— На навагоднія святы нашы санаторыі будуць запоўнены на 100 %. Рэалізацыя пуцёвак скончылася даўно, і, шчыра кажучы, я сам нядаўна хацеў набыць пуцёўку — не атрымалася, — расказаў спецыяліст.

Навагоднія заезды на традыцыйныя 12-15 дзён пачнуцца, як правіла, з 24 снежня. Кошт пражывання ў гэты час фарміраваўся з улікам ажыятажнага попыту. Ён складзе ў сярэднім 58 рублёў у суткі на аднаго чалавека (за стандартны двухмесны нумар). У санаторыі «Лётцы» (Віцебскі раён), напрыклад, кошт пачынаецца ад 47 рублёў у суткі на чалавека, а вось у санаторыі «Юнацтва» (Мінскі раён) цэны стартуюць ад 90 рублёў у суткі. Але кошт не палохае як некаторых нашых суайчыннікаў, так і замежных гасцей. Іх на навагоднія святы ў беларускія здраўніцы прыедзе больш за 10 тысяч. Усяго ж у 105 беларускіх санаторыях Новы год сустрэне больш за 28 тысяч чалавек.

Аздараўленчыя і лячэбныя працэдуры падчас навагодніх заездаў будуць выконвацца ў поўным аб'ёме. Навагоднія праграмы кожны санаторый рыхтуе па-свойму: запрашаюць прадстаўнікоў айчыннай эстрады, арганізуюць забаўляльныя і спартыўныя мерапрыемствы. Навагодні банкет, дарэчы, абыдзецца ў сярэднім у 1 тысячу рублёў.

На зімовыя канікулы — у лагер

На дзіцячае аздараўленне, паводле інфармацыі Генадзя Балбатоўскага, на гэты перыяд выдзелена 1 мільён 600 тысяч рублёў. На гэтыя сродкі плануецца аздаравіць 666 тысяч дзяцей.

Усяго ж сёлета на дзіцячае аздараўленне было выдаткавана каля 190 мільёнаў рублёў. Яго прайшлі каля 80 % школьнікаў.

А вось у беларускіх санаторыях адпачыла каля 1 мільёна 350 тысяч чалавек. Сярэднегадавая запаўняльнасць склала 80 %. Больш за 700 тысяч беларусаў адпачыла за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту і фонду сацыяльнага страхавання. Больш за 580 тысяч пуцёвак было рэалізавана фізічным асобам — на 20 % больш, чым летась. Экспарт паслуг у гэтай сферы вырас на 11 %. За год у беларускіх здраўніцах адпачыла больш за 220 тысяч замежных гасцей (208 тысяч летась).

— У нас пабывалі грамадзяне з больш чым 20 краін. Каля 90 % складаюць па-ранейшаму расіяне, але структура мяняецца ў бок заходніх краін. Найперш гэта звязана з лібералізацыяй візавага рэжыму, — расказаў Генадзь Балбатоўскі. — Мяняюцца і нашы санаторыі. Вядзецца работа па прыцягненні інвестараў. Сёння яны разумеюць, што такі від паслуг запатрабаваны і гэта выгаднае ўкладанне грошай.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.