Вы тут

Якая розніца паміж словамі «ігрок» і «гулец»?


Наш чытач спадар Леў Дзіханаў цікавіцца розніцай паміж словамі «ігрок» і «гулец», спадарыня Ірына Раманава пытае, як правільна: па загаду ці па загадзе, «плыць супраць цячэння» ці «супраць плыні».


Як заўжды, на моўныя пытанні чытачоў адказваюць стыльрэдактары «Звязды» Алесь Саламевіч і Леў Глушыцкі.

1. Слова «ігрок» у нашай мове мае два значэнні: 'удзельнік якой-небудзь ігры (у значэнні 'гульня')' і 'музыкант'. У першым выпадку 'іграка' выцясняе гулец (той, хто гуляе — у футбол, шахматы, азартныя гульні...) Ігрок жа як сінонім гульца паступова губляе актуальнасць. Гэта звязана яшчэ і з уплывам «Руска-беларускага слоўніка», які рэкамендуе перакладаць рускае игрок толькі як гулец.

Увогуле ж у сучаснай літаратурнай мове ўсё больш замацоўваецца размежаванне: гуляць — у гульні, з цацкамі, на вяселлі або з дзяўчынай. Іграць — на музычных інструментах, ролю ў кіно, тэатры і г. д.

2. Правільны варыянт — па загадзе. Пэўны час у мове ў такіх канструкцыях сапраўды ўжываліся назоўнікі мужчынскага і ніякага роду з канчаткам -у (-ю). Але сёння такое ўжыванне ўжо не лічыцца нормай. Канчатак -у (-ю) у месным склоне (якога патрабуе ў такіх выпадках прыназоўнік па) могуць мець толькі назоўнікі на г, к, х (чэмпіянат па бодзібілдынгу) або словы, якія абазначаюць асоб і маюць асновы на г, к, х, зацвярдзелы або мяккі зычны (тры градусы па Цэльсію, сумавала па Цімоху).

3. Сёння некаторыя слоўнікі падаюць як дапушчальныя абодва варыянты: супраць цячэння і супраць плыні. Але перавагу, відаць, павінен мець першы. Найперш таму, што ў «Слоўніку фразеалагізмаў» І. Лепешава знаходзім выразы плысці (плыць) па цячэнні і плысці (плыць) супраць яго.

А вось плыць супраць плыні... Ці добра так пісаць і казаць? Бадай што, не. Варыянты, згаданыя ў «Беларускай фразеалогіі» Ф. Янкоўскага, ісці супраць (проці) вады і ісці за вадою — гучаць куды лепш.

У абарону слоў

Тое, што сатлела, спарахнела, згніло, у нашай мове называецца коратка тло (сінонімы — тлен, прах, попел). Вось прыклад ужывання гэтага слова з твора Максіма Гарэцкага «Меланхолія»: «Тады патрон, скончыўшы «танга з уласнымі дадаткамі», кідаў гармонік на збітую коўдру, хрустаў пальцамі, пазяхаў, пацягваўся, гаворачы: «Ат! усё, братку мой, тло на свеце», — і ішоў за стол».

Сёння ж часам (хутчэй за ўсё пад уплывам польскай мовы) слову тло дадаюць новае значэнне — 'фон': кажуць, напрыклад, пра яркія сполахі на тле чорнага неба. Згадзіцеся: ад першага значэння слова да таго, якое яму хочуць прыпісаць, як да неба. Да таго ж які сэнс — пры наяўнасці фону, калі ім карысталіся класікі нашай літаратуры, калі ён пададзены ў слоўніках нашай мовы, якія выходзілі ў першай траціне мінулага стагоддзя. Напрыклад, у «Падручным беларуска-польскім слоўніку» (1929) знаходзім: фон [fоn] — tłо.

Тут злева мы бачым слова, якое аўтар падаў у якасці свайго (з яго вымаўленнем, напісаным лацінкай), а справа — яго польскі адпаведнік. Высновы, якія можна з гэтага зрабіць, на нашу думку, відавочныя.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як у Беларусі трансплантуюць органы

Як у Беларусі трансплантуюць органы

І чаму да нас на аперацыі едуць замежнікі.

Грамадства

Карэспандэнты «Звязды» наведалі «Воўчыя норы»

Карэспандэнты «Звязды» наведалі «Воўчыя норы»

Там адбываюць пакаранне мужчыны, упершыню асуджаныя за незаконны абарот наркотыкаў.

Спорт

Аляксандра Герасіменя: У кожнага свой рэцэпт поспеху

Аляксандра Герасіменя: У кожнага свой рэцэпт поспеху

Аляксандра Герасіменя — сапраўдны баец, а яшчэ — клапатлівая маці і жонка. І проста працавіты чалавек, які не ведае перашкод.