Вы тут

Як пазбегнуць траўмаў у галалёдзіцу


Халоднае надвор'е і галалёдзіца немінуча адбіваюцца на здароўі — падзенне на лёд як мінімум заканчваецца сінякамі, як максімум — вывіхамі і пераломамі. Засцергчыся ад небяспекі і пазбегнуць траўмаў дапамогуць правільны абутак, зручнае верхняе адзенне і акуратная паходка.


Застацца на нагах

— Як сведчыць статыстыка, асноўнай прычынай траўматызму зімой з'яўляецца банальная паспешлівасць. Многія папросту не заўважаюць лёд, прыцярушаны снегам, у выніку падаюць і атрымліваюць розныя траўмы. У спешцы чалавек схільны не заўважаць нават адкрыты лёд, — расказвае ўрач-гігіеніст Мінскага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Валянціна ЦЯРЭШКА. — Акрамя таго, значная частка траўмаў звязана з грамадскім транспартам. Паслізнуцца і ўпасці можна як падчас уваходу ў аўтобус ці тралейбус, так і пры выхадзе.

Таксама прычынай падзення можа стаць адзенне — мешкаватае ці тое, якое наадварот скоўвае, вялікая колькасць сумак і пакетаў, якія парушаюць каардынацыю рухаў. Акрамя гэтага, варта на час забыць пра размовы на хаду па мабільным тэлефоне, каб не апынуцца на зямлі.

Вядома ж, нягледзячы на тое, што розныя зімовыя забавы не прадугледжваюць нейкай сур'ёзнай канцэнтрацыі, цалкам расслабляцца не варта. Дзеці і моладзь любяць пракаціцца з разбегу па слізкай сцежцы ці горцы. Пры гэтым едуць гурбой, збіваючы адно аднаго. Звычайна ў такім выпадку абыходзяцца сінякамі, але так «шанцуе» не заўсёды. Дарослыя павінны навучыць дзяцей абдумваць свае ўчынкі і дзеянні наперад і прагназаваць траўманебяспечную сітуацыю.

Вучымся падаць

Калі вы паслізнуліся і не можаце захаваць раўнавагу — лепш упасці. Пастарайцеся надаць целу максімальна акруглую форму, прыбіраючы вострыя вуглы і прызямляючыся на ўсю паверхню. Гэта дапаможа пазбегнуць значных траўмаў, а цёплыя зімовыя курткі і паліто могуць паслужыць добрым ахоўным сродкам.

Правільны абутак

Перавагу варта аддаваць абутку з рабрыстай падэшвай. Калі падэшва гладкая, то хутчэй за ўсё, адчуваць сябе вы будзеце не вельмі ўпэўнена. Важна, каб абутак шчыльна прылягаў да нагі, быў зручны. У адваротным выпадку хада робіцца нязграбнай, і шанцаў апынуцца на зямлі значна больш. Нагу варта ставіць такім чынам, каб быў максімальны кантакт з паверхняй, пазбягаць слізкіх месцаў. Не спяшайцеся! Выходзьце з дому, маючы запас часу. Прабежкі ў гэты час лепш пакінуць для спартзалы. Пераходзіць дарогу варта ва ўстаноўленых месцах, каб пазбегнуць аўтатраўмаў.

Асабліва галалёдзіца небяспечная для сталых людзей, бо можа стаць прычынай пералому шыйкі сцягна, што цяжка лячыць, а пасля хворага чакае доўгі перыяд аднаўлення. Таму калі вы не вельмі ўпэўнена ходзіце, з дому лепш прыхапіць палку ці доўгі парасон, якія стануць дадатковай апорай.

Умацоўвайце косці

Дастатковае ўжыванне кальцыю і вітаміну Д дапамагае арганізму падтрымліваць масу касцей. Разумная фізічная нагрузка таксама садзейнічае іх умацаванню і папярэджванню пераломаў. Майце на ўвазе, што многія шкодныя звычкі, такія, як празмернае ўжыванне алкаголю і курэнне, садзейнічаюць страце коснай масы.

Як аказаць дапамогу пры траўмах

Да прыезду ўрачоў неабходна забяспечыць нерухомасць і пакой пашкоджанага сустава ці косці, налажыць шыну з падручных сродкаў ці прыбінтаваць пашкоджаныя канечнасці адна да адной, да цела. Для змяншэння болю ці ацёку можна налажыць змочаную ў халоднай вадзе тканіну ці лёд (але не болей чым на адну-дзве гадзіны). Пры крывацёку спыніць яго і налажыць на рану стэрыльную павязку. Пры траўме галавы пакласці пацярпелага на спіну, павярнуўшы галаву на бок. Неадкладна выклікаць хуткую дапамогу і не даваць рухацца да яе прыезду. Калі чалавек страціў прытомнасць, сачыць, каб не западаў язык, бо гэта можа прывесці да ўдушэння.

Што варта растлумачыць дзецям

  • У зімовыя маразы трэба апранацца цяплей;
  • Малым дзецям нельга без дарослых выходзіць на вуліцу;
  • Нельга заставацца на вуліцы доўга;
  • Твар трэба змазваць спецыяльным крэмам;
  • Не штурхацца, не бегаць, не гуляць на слізкай дарозе, не падстаўляць падножкі таварышам, не бароцца. Калі нехта ўпаў, дапамагчы падняцца, паклікаць на дапамогу дарослых;
  • Не паднімацца на горку па слізкім скаце;
  • Не катацца стоячы, а толькі седзячы;
  • Не штурхацца і не чапляцца за таварышаў, захоўваць чаргу для з'езду з горкі;
  • Не саскокваць з горкі ўніз;
  • Не паднімацца на горку і не катацца з лялькамі ці іншымі прадметамі ў руках;
  • Пасля таго як з'ехаў уніз, варта хутка падняцца і адысці, бо следам можа з'язджаць іншы;
  • Зімой нельга дакранацца языком і вуснамі да металічных прадметаў, гэта вельмі небяспечна для здароўя.

Алена КРАВЕЦ

Загаловак у газеце: Ішоў, упаў, ачуўся...

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.