Вы тут

У Кобрыне праходзіць дабрачынны «афтальмалагічны праект»


Якаснае абсталяванне ў бальніцах, вядома ж, дарагое. Але, каб дапамога прыходзіла ўсім і ў час, у Кобрыне летась стартаваў дабрачынны праект. Талакой ужо назбіралі на лямпу і прыборны электрычны столік для афтальмалагічнага кабінета. А на пачатку гэтага года ў паліклініку філіяла «Дзіцячая раённая бальніца» Кобрынскай ЦРБ перадалі дыягнастычны прыбор «Фароптэр» і абсталяванне для рабочага месца ўрача-афтальмолага. Як праходзіць акцыя, расказвае «Кобрынскі веснік».


Фота: vkоbrіnе.bу

Дабрачынны праект стартаваў 1 чэрвеня ў гандлёвым цэнтры «Палессе». Галоўная мэта — абсталяваць дзіцячую бальніцу сучаснай медыцынскай апаратурай для дыягностыкі і лячэння хвароб вачэй. Пасля завяршэння другога этапу ў студзені галоўнаму ўрачу Кобрынскай ЦРБ Мікалаю Брашко быў уручаны сертыфікат на перадачу новай партыі абсталявання, агульны кошт якога — 39 660 рублёў.

Купляючы рэчы ў дзіцячым аддзеле гандлёвага цэнтра, кабрынчане ўносяць уклад у рэалізацыю праекта: прадпрыемства пералічвае 3 % з кожнай пакупкі на набыццё медыцынскага абсталявання.

— Галоўная ідэя акцыі — аб'яднаць гараджан вакол важнага і патрэбнага праекта і тым самым прынесці карысць дзецям, якія маюць патрэбу ў якаснай дыягностыцы і лячэнні хвароб вачэй, — адзначыў намеснік дырэктара Палесся па пытаннях вытворчасці Пётр Ківака. Ён запэўніў, што і надалей будзе працягвацца работа над падобнымі праектамі, каб кожны, хто пераступіць парог гандлёвага цэнтра, змог праз пакупкі прыносіць карысць гораду.

За час другога этапу жыхары зрабілі 60 204 пакупкі ў аддзеле тавараў для дзяцей. Кожны пакупнік атрымаў сімвалічную кропельку — у знак датычнасці да дабрачыннага праекта. Дарэчы, на экране побач з аддзелам у рэжыме рэальнага часу адлюстроўваецца інфармацыя пра суму сабраных сродкаў. Як кажа прадавец Ларыса Ігнацюк, «мы штохвілінна назіраем за тым, як з кожнай кропелькі дапамогі складаецца акіян дабра».

Па словах афтальмолага Марыны Марчык, яшчэ ўчора праверка вастрыні зроку пацыентаў паўсюдна ажыццяўлялася з дапамогай набору пробных лінзаў, якія па чарзе ўстаўляліся ў спецыяльную аправу. Такім шляхам падбіраўся прыдатны для карэкцыі варыянт акуляраў. Але ўжо сёння абсталяванае рабочае месца дазваляе праводзіць любыя дыягнастычныя абследаванні, а з фароптэрам можна хутка і дакладна вымяраць вастрыню зроку, ажыццяўляць якасны падбор акуляраў і праводзіць звышдакладнае тэсціраванне для выяўлення парушэнняў.

Пакупнікі ацэньваюць гэту справу станоўча. Тым больш што на Брэстчыне няма аналагаў такому праекту. Ужо пачаўся яго трэці этап, па выніках якога ў кабінеце ўрача з'явяцца афтальмалагічны танометр і праектар знакаў.

Падрыхтавала Надзея АНІСОВІЧ

Загаловак у газеце: З кропелек складаецца акіян

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Успаміны бортмеханіка верталёта пра Афганістан

Успаміны бортмеханіка верталёта пра Афганістан

У лётнай кніжцы Сяргея Пацкевіча — 970 гадзін налёту.