Вы тут

Як праходзіць комплексная праверка ў войску


З 29 студзеня ў беларускай арміі праходзіць комплексная праверка. Яна скіравана на тое, каб праінспектаваць баявую і мабілізацыйную гатоўнасць злучэнняў і воінскіх часцей. Дзеля гэтага з запасу было прызвана каля 1400 чалавек. Больш за 30 з іх патрапілі ў 120-ю Рагачоўскую асобную механізаваную брыгаду. Яны дэмабілізаваліся з тэрміновай ваеннай службы ў розны час. Камусьці давялося нанова прыйсці ў ваенкамат менш чым праз дзевяць месяцаў. Іншым — праз адзін, паўтара і нават два дзясяткі гадоў. Але разам з тым іх усіх аб'ядноўвае адно — аднавіць за месяц тыя навыкі, якія атрымалі, трапіўшы калісьці ў войска па прызыве. А разам з тым — і даведацца нешта новае, паколькі тэхнічны прагрэс на месцы не стаіць.


У нядзелю ў байцоў праводзіліся заняткі на мінскім навучальным цэнтры «Уручча». Яны ўключалі ў сябе медыцынскую, тактыка-спецыяльную, інжынерную і хіміка-біялагічную падрыхтоўку, асваенне новых сродкаў сувязі, а таксама баявыя стрэльбы з аўтамата Калашнікава. Як гэта адбывалася, назіралі карэспандэнты «Звязды».

— Ваеннаабавязаныя ўжо прынялі ваенную прысягу, ім уручана зброя, праведзены заняткі па тэхніцы бяспекі, — гаворыць намеснік камандзіра 120-й асобнай гвардзейскай механізаванай брыгады гвардыі палкоўнік Дзмітрый Бурдукевіч. — Пасля таго, як яны адновяць свае навыкі тут, ім трэба здзейсніць марш у прызначаны раён, дзе яны выканаюць усе задачы па прызначэнні. Максімальную складанасць выклікае, пэўна, сувязь. Справа ў тым, што за апошнія гады на ўзбраенне былі прыняты новыя радыёстанцыі, якіх, натуральна 15—20 гадоў таму не існавала ў прыродзе. Менавіта таму мы разгарнулі вучэбнае месца, дзе прадстаўлены новыя ўзоры сродкаў сувязі, а таксама тыя, якія ўжо ўстаноўлены на тэхніцы, з якой прызваныя з запасу будуць працаваць.

Новая радыёстанцыя «Р-180» візуальна нагадвае мабільны тэлефон з эпохі 1990-х. Але функцыянал мае куды большы, чым старыя музейныя «трубкі».

— Гэтыя радыёстанцыі выкарыстоўваюцца многімі падраздзяленнямі. Яны прыйшлі на замену больш старым апаратам, — гаворыць старшы лейтэнант Максім Ганчар. — Паступілі яны да нас у 2014 годзе. Станцыі забяспечваюць добрыя магчымасці для далёкай сувязі, дзякуючы ім можна вяшчаць у вялікім дыяпазоне частот. Яна працуе ў двух рэжымах — як лічбавым, так і аналагавым, каб была магчымасць звязацца з радыёстанцыямі старога парка. Вось літаральна толькі што сюды падыходзіла старэйшая ўзроставая група. І я за 15 хвілін усё паказаў і расказаў, як настроіць радыёстанцыю. Тым больш што інтэрфейс прылады нагадвае сімбіёз аналагавай радыёстанцыі і сучаснага тэлефона.

Вока чапляе, як мужчыны вяртаюцца з вучэбнага месца па інжынернай падрыхтоўцы. Калону замыкае малодшы сяржант Андрэй Жылінскі.

— Мне тыдзень таму споўнілася 40 гадоў. І як ні дзіўна, гэта мае першыя зборы з таго часу, як я пад новы, 1999-ы, звольніўся ў запас. Служыў я ў 76-й радыётэхнічнай брыгадзе ў Мінску санінструктарам. І цяпер я таксама санінструктар. Засталося толькі ўспомніць былыя навыкі... За два дні, якія я тут знаходжуся, звярнуў увагу, што ў побыце змянілася ўсё. Пра тыя ж пральныя машыны дваццаць гадоў таму мы і думаць не маглі. Ды і рацыён значна палепшыўся. Вось толькі трапіў я сюды ну вельмі нечакана. Павестку прынеслі дадому ўвечары, а на наступны дзень я ўжо мусіў быць у ваенкамаце. Дома чакаюць два сыны-падлеткі.

Тым часам пачынаюцца заняткі па медыцынскай падрыхтоўцы.

— Па змоўчанні дзейнічаем так, быццам у вас паранена бядро, — кажа старшы лейтэнант медыцынскай службы Мікалай Андрушкевіч. — Вам трэба ўлічваць, што параненая канечнасць мусіць знаходзіцца зверху, таму што з ёй прасцей працаваць. Першы жгут — самы тугі. Другі кладзецца нахлёстам. Чаму гэта робіцца ў становішчы лежачы? Уявіце сябе ў баявой абстаноўцы, дзе ляцяць кулі. А высока ўзнятая галава, як у фільме «9 рота», — гэта падарунак для снайпера. Таму ўсе дзеянні выконваюцца толькі ў становішчы лежачы, каб вы не выдалі ні сваё месцазнаходжанне, ні групы. Пытанні ёсць? Калі няма, то разбіраем жгуты і трэніруемся. І хачу адразу сказаць: мы тут не для таго, каб проста здаць нарматывы, а для таго, каб навучыцца.

Адзін з байцоў спраўляецца з заданнем вельмі хутка. Падыходзім да яго. Івану Семчанку нядаўна споўнілася 23 гады. Гэта яго першыя зборы пасля звальнення ў запас, якое адбылося ўсяго восем месяцаў таму.

— Я служыў паўтара года ў зенітна-ракетных войсках. За восем месяцаў навыкі, атрыманыя ў войску, не забыліся. Вось толькі не мог паверыць, што калі прыйшла павестка, зноў трэба ў войска. Мяне чакаюць жонка і малое дзіця.

Іван працуе слесарам на станцыі тэхнічнага абслугоўвання. Зрэшты, яго знаёмства з аўтамабілямі на гэтым не заканчваецца.

— Тут я — старшы кіроўца. Падчас тэрміновай службы я атрымаў катэгорыю Е, а яшчэ да таго ад ваенкамата здаў на катэгорыю С. Хутка мы рушым калонай на Барысаўскі палігон, дзе будзем жыць у палатках. А паколькі ў нас рамонтнае падраздзяленне, то будзем забяспечваць вываз умоўна падбітай тэхнікі з поля бою.

І хочацца верыць, што ў прызваных з запасу атрымаецца ўсё.

Валяр'ян ШКЛЕННІК

Фота Таццяны ТКАЧОВАЙ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.