Вы тут

Горы падпалкоўніка Турчака — удзельніка афганскіх падзей


Падпалкоўнік запасу Мікалай Турчак — адзін з тых, хто падчас службы ў 103-й асобнай гвардзейскай паветрана-дэсантнай брыгадзе ваяваў у Афганістане. Сярод саслужыўцаў Мікалая Турчака — вядомыя людзі. Гэта першы прэзідэнт Інгушэціі Руслан Аушаў і арганізатар гурта «Блакітныя берэты», які выконвае песні на афганскую тэматыку, Алег Ганцоў.


«Я вучыўся ў салдат»

Пасля таго як Мікалай Турчак скончыў Новасібірскае ваеннае палітычнае вучылішча, яго накіравалі служыць у Кіравабад. У Афганістан жа ён трапіў у верасні 1984-га. Быў там амаль два гады. Служыў у 350-м дэсантным палку, які дыслакаваўся ў Кабуле.

— Я тады быў у званні старшага лейтэнанта. І першае, што я зрабіў, пайшоў у салдацкую лазню, каб убачыць тых, з кім прыйдзецца разам ваяваць. Здзівіўся, калі ўбачыў худзенькіх хлопцаў, нават дэмбеляў. Падумаў: як жа яны ў горы палезуць? І памыліўся. У гарах гэтыя «дохлыя», на першы погляд, хлопцы былі цягавітыя. Мне аж першы час было сорамна, што я — чэмпіён па пераадоленні паласы перашкод часці, у якой служыў, — не мог не тое што ўгнацца за імі, а і наогул выдыхаўся, — прызнаецца Мікалай Рыгоравіч.

Былы афіцэр не ўтойвае, што спачатку вучыўся ў стараслужачых. Напрыклад, прасіў паказаць, як умацаванне з камянёў правільна выкладваць. Праз некалькі дзён, навучыўшыся, прымушаў іх перарабляць няправільна складзенае. Крыўдзіліся, але ж памылка можа каштаваць жыцця. І байцы гэта разумелі.

А старшына роты Алег Ганцоў падказваў, як арыентавацца па карце.

— Я ж прывык да картаў, дзе намалявана шмат зеляніны, а ў Афганістане — горы, пустыні. Адпаведна на карце ўсё карычневае. Вось і папрасіў Алега вучыць мяне. Ён, між іншым, і цяпер служыць у расійскай арміі, у спецназе, — тлумачыць падпалкоўнік.

Заходзіць на жаночую палову — табу

Мой суразмоўнік сказаў, што, бадай, самае страшнае на вайне, — калі гінуць аднапалчане, тым больш падначаленыя. Як камандзір, заўсёды вініў у такіх выпадках сябе. Ці ўсё зрабіў, каб трагедыі не адбылося? Такое пытанне ўзнікала само сабой.

Мясцовае насельніцтва, па яго словах, да савецкіх салдат і афіцэраў ставілася часам, можна так сказаць, не варожа. Проста трэба ведаць, чаго нельга рабіць.

— Напрыклад, заходзіць на жаночую палову дома. Чужым мужчынам гэта табу! І быў выпадак, калі мы з гор спусціліся, хацелі памыцца, прывесці сябе ў парадак. Папрасілі старога, каб паказаў нам, дзе калодзеж у двары. Паабяцалі, што мы не будзем парушаць законы шарыяту. Ён не адмовіў, — расказвае падпалкоўнік.

Але праз колькі часу, падыходзячы да гэтага ж падворка, замест прывітання ваенныя пачулі стрэлы. Затрымалі таго ж афганца, пачалі пытацца, чаму так атрымалася. Той сказаў, што пасля іх у дом уварваліся савецкія разведчыкі. І паводзілі сябе па-хамску, у тую ж «жаночую» ўварваліся. А там, дарэчы, нярэдка хаваліся душманы.

За добрасумленную службу і подзвігі ў Афганістане Мікалай Рыгоравіч быў узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі, ордэнам «За службу ва Узброеных сілах СССР ІІІ ступені» і медалём «За баявыя заслугі».

Шчаслівая «сетка»

Мікалай Турчак звольніўся ў запас ужо ў 1995 годзе ў Беларусі. Але на ваеннай ніве шчыраваць не кінуў. Калі працаваў у беларускай грамадскай арганізацыі ветэранаў вайны ў Афганістане, то быў адным з арганізатараў фестывалю «афганскай» песні. Ён праходзіць у віцебскім Летнім амфітэатры. Апошнія некалькі гадоў займаецца правядзеннем фэсту «Сэрцам датычныя» ў горадзе Холм Наўгародскай вобласці. Плануе, што гэты праект стане традыцыяй і ў Беларусі.

Мікалай Рыгоравіч шчаслівы ў асабістым жыцці. Гісторыя знаёмства — самая што ні на ёсць сучасная. Яго жонка Анастасія жыла ў Данецкай вобласці ва Украіне. Пазнаёміліся на адным з сайтаў. Яны перапісваліся, пасля званілі адно аднаму. Шчыра ўсё пра сябе расказаў, што ўдавец, што кватэры няма. Затым ён паехаў да сястры ў госці. Анастасія якраз жыла непадалёк. Мікалай яе разам з дачкой і сынам і прывёз у Віцебск.

Аляксандр ПУКШАНСКІ.

Фота з асабістага архіва Мікалая Турчака

Загаловак у газеце: Горы падпалкоўніка Турчака

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.