Вы тут

Успаміны бортмеханіка верталёта пра Афганістан


Роўна тры дзесяцігоддзі таму апошнія савецкія салдаты перайшлі мост цераз раку Пяндж, пакінуўшы тэрыторыю Афганістана. Сёння мы не ставім за мэту даць ацэнку дзеянням тагачасных кіраўнікоў, якія адным росчыркам пяра кінулі ў пекла дзясяткі тысяч маладых хлопцаў. Пакінем гэта на суд гісторыі і гісторыкаў. Але пра тое, што там было, ведаць трэба. Аб перажытым у Афганістане расказвае адзін з непасрэдных удзельнікаў падзей — падпалкоўнік у адстаўцы Сяргей Пацкевіч, які служыў бартавым тэхнікам на транспартным баявым верталёце МІ-8МТ.


У лётнай кніжцы Сяргея Пацкевіча — 970 гадзін налёту. Задачы цвёрда структураваны па датах, месяцах і гадах.

— Адразу мушу зазначыць: пра тое, што адбываецца ў Афганістане, ведалі збольшага на ўзроўні пагалосак. Калі я раз прыехаў дадому ў Асіповіцкі раён на адпачынак, то бацька паведаміў, што прыехалі хаваць двух маёраў. Калі яшчэ вучыўся ў Кіраўскім ваенным авіяцыйна-тэхнічным вучылішчы, то ў аднакурсніка бартавым тэхнікам у Афганістане служыў бацька.

Да 1984 года я два гады служыў бартавым тэхнікам у Паўночнай групе. Наш полк дыслакаваўся ў польскім горадзе Легніца. Там я стаў маладым бацькам. І вось у адно з маіх дзяжурстваў нам абвясцілі, што адну эскадрыллю з дзвюх адпраўляюць у Афганістан. Не было ніякіх папярэдніх адбораў ці чагосьці яшчэ — проста кожны другі мусіў выйсці са строю.

«У камбінезоне заўжды ляжаў пісталет»

— Спачатку нас адправілі ва ўзбекскі горад Каган. Пачыналася лета, і меркавалася, што за гэты час мы збольшага адаптуемся да вельмі высокіх тэмператур. І вось 16 чэрвеня 1984 года транспартны самалёт Іл-76 перавозіць нас у афганскі Баграм на авіябазу. Знаходзіцца яна прыкладна за 50 кіламетраў на поўнач ад Кабула. Клімат, вядома, на наш не падобны ні кроплі. Адносна ратавала толькі тое, што авіябаза знаходзілася на вышыні прыкладна 1500 метраў над узроўнем мора, і таму там было крыху халадней.

Наша эскадрылля мусіла забяспечваць работу двух падраздзяленняў, якія выконвалі аперацыі ў Панджшэрскай цясніне. Полк базаваўся ў пасёлку Руха, а батальён — у пасёлку Анава. Населеныя пункты нагадвалі па форме кубкі пасярод непадступных скал. Цясніна знаходзіцца на паўночным усходзе Афганістана блізу мяжы з Пакістанам. Гэта быў вельмі зручны транспартны калідор, праз які на вярблюдах ішлі ўзбраенні і боепрыпасы з Пакістана, а заадно — месцам, дзе былі арганізаваны вучэбна-трэніровачныя базы. Доступ да гэтай цясніны вельмі моцна абмежаваны — туды вядзе ўсяго толькі адна дарога. Пад кантроль палявых камандзіраў яна перайшла яшчэ ў 1979 годзе.

Тое, што тут ідзе вайна, я ўсвядоміў толькі праз месяц пасля таго, як прыбыў у Баграм. Авіябаза тады трапіла пад страшэнны начны абстрэл. А да таго мы ўжо паспелі падрыхтаваць тэхніку да вылету — падвесілі ўзбраенне, заправілі бакі. Але ўзлёт нам не дазволілі. Абстрэл вёўся запальнымі мінамі. Яны па форме нагадвалі бліны. Плошча паражэння іх не вельмі вялікая. Але міны, якімі нас абстрэльвалі, было немагчыма нічым патушыць некалькі гадзін. Усё роўна як грэчаскі агонь з летапісаў. І вось адна міна праляцела якраз паміж верталётаў. На фюзеляжах засталіся толькі пырскі. Можна сказаць, што тут дзіка пашанцавала. Справа ў тым, што за месяц да нашага прыбыцця авіябазу таксама абстрэльвалі. І тады згарэлі чатыры самалёты. Таксама адтуль я вынес адзін «сувенір» — кулю, якая шлёпнулася мне проста пад ногі.

Мы ведалі, што маджахеды люта катуюць нашых салдат. Таму калі я адпраўляўся на баявы вылет, то ў кішэні камбінезона заўжды ляжаў пісталет. А калі перасоўваліся па тэрыторыі базы нават у краму, то я насіў з сабой гранату Ф-1. Палявалі на нашых салдат вельмі актыўна. Не сакрэт, што за кожнага забітага ім плацілі грошы. У якасці рэчавага доказу прымаўся нават камбінезон.

За секунду да катастрофы

Баявы вылет мог доўжыцца як некалькі гадзін, так і 15—20 хвілін. Што мы толькі не вазілі! Напрыклад, тыя ж дровы, каб было чым сагрэцца, прадукты харчавання, ваду... Кідаеш з вышыні ў некалькі дзясяткаў метраў ледзь не наўгад. Скідвалі боепрыпасы ў скрынях. Запомнілася, як знішчалі поле, засаджанае раслінамі, з якіх пасля маджахеды рабілі наркатычныя рэчывы. Дваццаць верталётаў мусілі скінуць па пяць бочак, у кожнай з якіх было па дзвесце літраў лёгкаўзгаральнай вадкасці. Затым спецыяльны самалёт усё падпальваў з вышыні.

Таксама забіралі байцоў пасля аперацый. І, на жаль, без грузу «200» таксама не абыходзілася. Аднойчы мы вылецелі на пошукі экіпажа збітага самалёта Міг-24. Камандзір нейкім цудам пасадзіў крылатую машыну, ды вось толькі з экіпажа не выжыў ніхто. Маджахеды паставілі расцяжку проста на цела...

А аднойчы падбіты штурмавік знік у гарах, і што сталася з экіпажам — невядома. Ды і ў дзень нашага прылёту з баявога задання не вярнулася назад пяць верталётаў. Але што адметна: за наступныя 15 месяцаў, пакуль я быў у Афганістане, не быў згублены ніводны экіпаж. Затое пасля нас — адразу два. Верталёты вылецелі падымаць экіпаж са збітага знішчальніка. Адна вінтакрылая машына села, другая засталася прыкрываць у паветры. І якраз яе і збілі...

На валасок ад смерці былі і мы. Аднойчы заходзілі для пасадкі на ўжо вядомую нам пляцоўку. Але там стаяў пашкоджаны верталёт. Мы павінны былі зняць з яго некаторыя вузлы. Да таго ж дзве скалы сыходзіліся пад вуглом, таму апускацца ўніз было вельмі складана. Але ўсё-такі неяк селі. Толькі інжынер выйшаў, каб ацаніць сітуацыю, як верталёт пачаў апускацца ўніз. Уявіце сабе нашы пачуцці! Пасля высветлілася, што верталёт сеў насамрэч не на каменную бліцоўку, а на добра замаскіраваны бліндаж. На шчасце, верталёт знаходзіўся ва ўзлётным рэжыме, а таму ў ім нічога і не пашкодзілася.

З агнявой падтрымкай таксама былі складанасці. Спецыялізаваных верталётаў — МІ-24 — не хапала. Тады нашы Мі-8МТ прыкрывалі адзін аднаго — іншага выйсця не заставалася. Але якое там было ўзбраенне? Кулямётаў хапала на дзве-тры чаргі, бо яны моцна забіваліся пылам падчас пасадкі. Таму «нашым усім» на выпадак адстрэльвання былі некіруемыя рэактыўныя снарады.

...Дзеці на сустрэчах у школах часта задаюць пытанне: а ці не было вам страшна? Ну а хто ў здаровым розуме страчвае інстынкт самазахавання? Мяне, памятаю, страх працяў, калі наш МІ-8 аднойчы страціў кіруемасць і проста круціўся на адным месцы. Ужо рыхтаваліся да таго, каб пакідаць верталёт. Але тут таксама была праблема — па правілах, скакаць можна з вышыні не менш за сто метраў ад узроўню зямлі і адразу ж раскрываць парашут. Альтыметр аптымізму не паказваў. Пакуль думалі, што можна зрабіць, камандзіру ўдалося пераламіць «упартасць» машыны.

З авіябазы выходзіць кудысьці ў кішлакі або горад нам катэгарычна забаранялася. Але разам з тым ведаю афіцэра, які прыехаў у Афганістан халасты, а вярнуўся ў Беларусь жанаты з адной вольнанаёмнай жанчынай.

...У Афганістане я прабыў 15 месяцаў. Кулю, якую насіў з сабой, я захоўваў увесь гэты час. Толькі калі вярталіся назад, я яе выкінуў. Пабаяўся везці праз мытню. Адзін мой саслужывец прывёз адтуль жменю зямлі. Яна і дагэтуль захоўваецца ў мясцовым школьным музеі.

Афганістан доўга не адпускаў Сяргея Мікалаевіча. Яшчэ і цяпер яму па начах сняцца падзеі той вайны.

Валяр'ян ШКЛЕННІК

Фота Таццяны ТКАЧОВАЙ

Загаловак у газеце: Пятнаццаць месяцаў у Баграме

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.