Вы тут

Якія змены чакаюцца ў адтэрміноўках ад войска?


Тэма скарачэння колькасці адтэрміновак ад службы ў войску ўжо не раз абмяркоўвалася на самым вышэйшым узроўні. Прычынай гэтага стала тое, што ў 2018 годзе было прызвана ў армейскія шэрагі менш маладых людзей, прыдатных па стане здароўя, чым планавалася. Ды і за апошнія дзесяць год колькасць прызыўнікоў, якія стаяць на ўліку ў ваенкаматах, скарацілася ўдвая. Прычыну трэба шукаць у эканамічных катаклізмах 90-х гадоў, лагічным наступствам якіх стала імклівае скарачэнне нараджальнасці. 


Кіраўнік дзяржавы асабіста звяртаў увагу, што гэтая сітуацыя негатыўна адбіваецца на нацыянальнай бяспецы Беларусі.

- Зараз Узброеныя Сілы Беларусі камплектуюцца па змяшаным прынцыпе, - кажа начальнік галоўнага арганізацыйна-мабілізацыйнага ўпраўлення - намеснік начальніка Генеральнага штаба Узброеных Сіл Аляксандр Шкірэнка. - У шэрагі вайскоўцаў трапляюць як дабравольцы па кантракце, так і прызыўнікі па абавязку. Менавіта такая сістэма найбольш мэтазгодная для нашай краіны з улікам абарончай дастатковасці і эканамічных магчымасцяў. 

Міністр абароны Андрэй Раўкоў раней ужо анансаваў магчымыя змены ў заканадаўстве, што тычацца прызыву ў войска. Напрыклад, прапаноўвалася выдаваць адтэрміноўкі на вучобу ўсяго адзін раз - гэта значыць, закрыць тэму "вечных студэнтаў". Акрамя таго, было агучана меркаванне, каб студэнт, які да вучобы звольніўся ў запас, меў у навучальнай установе некаторыя прывілеі - напрыклад, пераважнае залічэнне ў шэрагі студэнтаў і засяленне ў інтэрнат, а таксама размеркаванні. 

Па дадзеных Міністэрства абароны, зараз у Беларусі налічваецца 47 катэгорый грамадзян, якія не прызываюцца на тэрміновую ваенную службу або ў рэзерв. Пры гэтым у іншых краінах, дзе захоўваецца прызыў, іх менш. Напрыклад, ва Украіне іх 30, а ў Казахстане і наогул 18.

- Ваеннае ведамства па ўзгадненні з іншымі дзяржаўнымі органамі лічыць найбольш мэтазгодным шлях скарачэння адтэрміновак, звязаных з працягам адукацыі, - мяркуе выконваючы абавязкі начальніка ваенна-медыцынскага ўпраўлення Міністэрства абароны Дзмітрый Альховік. - Акрамя таго, разам з Міністэрствам аховы здароўя зараз ідзе праца, закліканая ўдакладніць крытэрыі дыягностыкі па некаторых захворваннях падчас медыцынскага асведчання. Гэта робіцца для таго, каб выключыць некаторыя суб'ектыўныя фактары падчас вызначэння прыдатнасці юнака да службы. Значных зменаў у сістэме адборы грамадзян па стане здароўя не будзе. Міністэрства абароны зацікаўлена ў тым, каб у шэрагі Узброеных Сіл не быў прызваны ніводны чалавек, які не можа служыць па стане здароўя. 

- Мы падрыхтавалі шэраг захадаў, якія дазволяць павысіць сацыяльны статус ваеннаслужачых тэрміновай службы, - гаворыць намеснік начальніка ўпраўлення інфармацыі Упраўлення ідэалагічнай працы Міністэрства абароны Дзяніс Фёдараў. - Акрамя ўжо названых раней мер, мы прапануем уключыць перыяд тэрміновай службы ў мінімальны страхавы стаж, а таксама абмежаваць прыём на службу ў дзяржаўныя органы і ваенізаваныя арганізацыі тых, хто не мае за плячыма салдацкага мінулага. Таксама мы звярнулі ўвагу на працаўладкаванне маладых людзей пасля таго, як яны адслужаць у войску. Зараз гарантыя на ранейшае месца працы распаўсюджваецца толькі на дзяржаўныя арганізацыі. Мы ж прапаноўваем пашырыць яе і на прыватны сектар.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Што паглядзець у Хоцімску?

Што паглядзець у Хоцімску?

У Хоцімску нават ёсць кола агляду.

Грамадства

«За больш чым сем год былі ўсяго адны суткі без баявога выезду»

«За больш чым сем год былі ўсяго адны суткі без баявога выезду»

Гісторыя кар'еры падпалкоўніка ў адстаўцы Генадзя Цімахоўцава.

Палітыка

Беларусь і ЕС падпішуць візавае пагадненне не пазней за 2 лютага 2020 года

Беларусь і ЕС падпішуць візавае пагадненне не пазней за 2 лютага 2020 года

Верагодна, гэта адбудзецца ўжо ў гэтым лістападзе. 

Грамадства

Як праходзіў ваенна-гістарычны фестываль «Мір-1812»

Як праходзіў ваенна-гістарычны фестываль «Мір-1812»

Трэці раз ваенна-гістарычны фестываль «Мір-1812» на два дні перанёс пасёлак больш чым на два стагоддзі назад.