Вы тут

Веды, цярпенне і крыху ўдачы – БТ здымае інтэлектуальнае шоу «На вылет»


Карэспандэнты «Звязды» пабывалі на здымках першага выпуску шоу «На вылет» і даведаліся, ці маюць значэнне медалі і дыпломы, чаму рэакцыя важнейшая за эрудыцыю і пры чым тут самалёты.


Каля дзвярэй вялікай студыі Белтэлерадыёкампаніі сядзяць некалькі дзясяткаў людзей з пранумараванымі бэджыкамі, чытаюць Вікіпедыю са смартфонаў, адзначаюцца ў сацыяльных сетках і абмяркоўваюць, у каго які прадмет быў любімым у школе. Хтосьці, нервуючыся, п’е каву (гэта мы з фатографам), хтосьці не мяняе позы добрую гадзіну, і толькі вочы выдаюць напружанае чаканне. Перыядычна міма прабягае рэжысёр Яўген Папковіч і абяцае, што яшчэ крыху, вось-вось, і ўсё пачнецца: «Што вы такія сумныя? Нядоўга засталося!» – «Нам?» – змрочна перапытваюць тыя, хто падпісаўся на гульню з тэлебачаннем. – «Не, да лета, – падбадзёрвае рэжысёр. – Ужо хутка пачынаем». Але гэтае «хутка» расцягваецца яшчэ на гадзіну, і калі ўдзельнікі нарэшце трапляюць у студыю пад прыцэл некалькіх тэлекамер, агульны настрой далёкі ад азартнага.

Зрэшты, аўдыторыя крыху ажыўляецца, разглядаючы дэкарацыі: стылізаваныя пад тэрміналы аэрапорта пляцоўкі, стрэлкі і знаёмыя бела-сінія колеры, ілюмінатары на светладыёдных экранах-»сценах» і мініяцюрны самалёцік з лагатыпам вядомай авіякампаніі (здагадайцеся, якой) ля стойкі вядучага. Асістэнты выстройваюць кандыдатаў у жывую чаргу да мікрафона («Кучней, кучней, можна ў шахматным парадку, і нават па трое, каб у кадры было больш людзей, а то ў мяне на маніторы пустая студыя!» – камандуе зверху нябачны прадзюсар).

– Гэта бізнес-клас ці эканом? А сцюардэсы будуць разносіць напоі? – жартуе нехта.

Забягаючы наперад, скажам, што сцюардэс, цукерак «Узлётныя» і каньяку на здымачнай пляцоўцы так і не было (а шкада), затое былі падарункі для ўдзельнікаў: фірменныя бейсболкі, бутэлькі морсу і салодкія батончыкі. Як быццам дробязь, а прыемна – хоць, безумоўна, непараўнальна з галоўным прызам у 2 тысячы рублёў. Але хто абяцаў, што атрымаць іх будзе лёгка? «Зараз парагочам», – пацірае рукі рэжысёр, і прысутныя зноў напружваюцца.

«Сёння ў студыі сабраліся людзі, якія неабачліва лічаць сябе самымі начытанымі, інтэлектуальнымі і разумнымі», – вітае будучых ігракоў вядучы праекту – праграмны дырэктар радыё «Юністар» Аляксандр Найдзёнаў. У яго добра пастаўленая дыкцыя вопытнага  радыйніка і натрэніраваны на здымках сюжэтаў для сацсетак выраз твару poker face, але тэлевізійнага вопыту нестае, таму патрабуецца мноства дубляў. Затое пытанні ўдзельнікам Аляксандр выстрэльвае, нібы з кулямёта: «Якога акцёра называюць «жалезным Арні»? Назавіце аўтара паэтычнага зборніка «Жалейка»? Жыхары якой краіны танцуюць чардаш? Які арэх можа наталіць і голад, і смагу? У сталіцы на плошчы Парыжскай камуны толькі адзін будынак – які?» Сцэнарысты і рэдактары папрацавалі як след: тэмы і накірункі пытанняў адгадаць немагчыма, усё адбываецца тут і зараз, і паверце, гэта вельмі неблагая трэніроўка для мозгу.

Адна з жанчын «сыплецца» на, здавалася б, простым пытанні пра трох парасят (у каго з іх быў самы трывалы домік, помніце? а без падказкі?). Але гераіня не паспявае засмуціцца, як атрымлівае ад арганізатараў прыгожы букет – тэлевізійнікі даведаліся, што ў яе сёння дзень нараджэння, і імкліва падрыхтавалі сюрпрыз. «Не думайце, што мы занадта строгія, наогул стаўцеся да гульні, як да цікавай і забаўнай прыгоды, якая надоўга запомніцца», – раіць вядучы.

Цяпер уласна пра гульню. У першым туры як мінімум 32 удзельнікам па чарзе задаюць простыя пытанні, не даючы часу на абдумванне: адказаў – трапіў у гульню, памыліўся, забыўся, не ведаў – «на вылет», то бок, у глядзельную залу. І так да таго часу, пакуль не набярэцца дзве каманды па 8 чалавек у кожнай. Добрая навіна для тых, хто таксама хоча прыйсці і ўразіць усіх эрудыцыяй: запісвацца і ўдзельнічаць можна ў кожнай праграме, ніякіх абмежаванняў, акрамя ўзросту 18+ і беларускага грамадзянства, няма. Дрэнная навіна: адправіць «на вылет» вас могуць у любы момант – калі не вядучы, то зайздросныя канкурэнты.

У другім туры пытанні крыху больш складаныя, і адказваць на іх можна пасля калегіяльнай рады – але не даўжэйшай за 30 секунд, і пажадана раней за сапернікаў. Напрыклад, трэба ведаць або адгадаць, якіх дрэваў больш за ўсё на вуліцах Мінска (а вось паспрабуйце адказаць, не пытаючыся ў Гугла!), або якая птушка лічыцца найвялікшай у свеце. Потым пачынаецца забава, вядомая многім з нас з дзяцінства па гульні ў выбівалы ці мультфільму пра васьміножак; памятаеце: «С вами теперь поквитаться хочу, дайте я вашего поколочу!». Каманда, якая дала правільны адказ, адпраўляе «на вылет» аднаго з гульцоў каманды-саперніцы – і так да таго часу, пакуль удзельнікаў не застанецца ўсяго 8. Паколькі склад гульцоў амаль на тры чвэрці жаночы, прынамсі ў першай праграме, адна каманда выбірае тактыку «далоў мужчын», другая, наадварот, выкідвае з пляцоўкі сімпатычных канкурэнтак. Такім жа чынам змяншаецца колькасць гульцоў у трэцім і чацвёртым турах – так што хутка становіцца зразумела, што недастаткова, а мо нават і небяспечна, быць тут самым разумным, куды больш важная кемлівасць, хуткасць рэакцыі і стратэгія паводзінаў з сапернікамі.

Дарэчы, на кожным з гэтых этапаў каманда-пераможца  мае права адмовіцца ад далейшага ўдзелу ў інтэлектуальным конкурсе ды падзяліць на ўсіх зароблены цягам гульні прызавы фонд і падарункі ад партнёраў праграмы. Але тады шанс вярнуцца і паказаць сябе атрымлівае каманда, якая прайграла раней.

У пятым туры застаюцца ўсяго два ўдзельнікі – хто атрымае верх, таго і тапкі, у сэнсе, перамога і магчымасць выступіць у супергульні. Гэта ўжо экзамен для самых загартаваных: тры мудрагелістыя пытанні і толькі 30 секунд на роздум. Затое хоць адзін правільны адказ прыносіць галоўны прыз, таксама з прыстаўкай «супер» – тыя самыя анансаваныя 2000 рублёў. Затое памылка суперфіналіста дазваляе вярнуць у гульню... таго, хто выбыў першым. Так, усё няпроста і заблытана, але ў гэтым і інтрыга, і арыгінальнасць новага інтэлектуальнага шоу. У правілах ёсць яшчэ мноства падрабязнасцяў і ўдакладненняў на розныя выпадкі, але пералічваць іх па-за рэальнай сітуацыяй бессэнсоўна. Проста ведайце: калі ў супергульні пераможцы няма, прызы, як у латарэі, пераходзяць у фонд наступнага выпуску.

У першым выпуску такі пераможца быў – але хто гэта і якім чынам гэты чалавек выйграў спарынг эрудытаў, да эфіру застанецца сакрэтам. Як плануецца, шоу «На вылет» працягласцю 39 хвілін пачне выходзіць на тэлеканале «Беларусь 1» ужо напрыканцы сакавіка–пачатку красавіка.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК

Фота Ганны ЗАНКАВІЧ

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.