Вы тут

Хто ж яна, Марытэ Мельнікайтэ, чыё імя носіць вуліца сталіцы Беларусі?


У Цэнтральным раёне Мінска размешчана вуліца, на якой знаходзіцца дом № 1, з усталяванай на ім мемарыяльнай дошкай з надпісам: «Гэта вуліца названая імем Героя Савецкага Саюза Мельнікайтэ Марыі Іозаўны, дачкі літоўскага народа, сакратара падпольнага павятовага камітэта камсамола ў перыяд нямецка-фашысцкай акупацыі. Па-зверску закатавана фашыстамі ў ліпені 1943 года». Хто ж яна, гэтая мужная камсамольская актывістка з Прыбалтыкі, чыё імя носіць вуліца сталіцы Беларусі?


...Марыя (Марытэ) Мельнікайтэ нарадзілася 18 сакавіка 1923 года ў небагатай шматдзетнай сям'і рускай маці і бацькі-літоўца ва Усходняй Літве, у адной з найпрыгажэйшых мясцін краю — у прадмесці горада Зарасай. З чатырнаццаці гадоў Марыя пачала сваю працоўную біяграфію ўпакоўшчыцай на мясцовай цукерачнай фабрыцы. Таварышы па рабоце паважалі яе, любілі за спагадлівасць, за вясёлы нораў, шчырасць, за тое, што ўмела захапіць навакольных карыснай справай, натхніць на пераадоленне цяжкасцяў.

Летам 1941 года тэрыторыя Літвы была імкліва акупавана немцамі. Друкаваны орган ЦК Кампартыі Літвы газета «Tіesa» ў тыя дні пісала: «Усё часцей масы паднімаюцца на барацьбу з немцамі. Рост антыгітлераўскіх арганізацый у горадзе і вёсцы, узмацненне партызанскага руху — усё гэта паказвае, што асноўная частка літоўскага народа стала на шлях барацьбы з ворагам!»

Летам 1941 года Марыя разам з іншымі літоўскімі камсамольцамі пакінула Літву, занятую гітлераўцамі, і была эвакуявана ў расійскі старажытны прамысловы горад Цюмень, дзе адразу пачала працаваць у лясной гаспадарцы. Крыху пазней перайшла на заводскую будоўлю, а затым была накіравана токарам на завод «Механік», дзе выраблялі міны і снарады. Неўзабаве камсамольскі сход ваеннага прадпрыемства аднагалосна выбраў Мельнікайтэ членам цэхавага камітэта камсамола.

У 1942 годзе Марытэ напісала заяву ў ваенкамат: «Хачу сваімі рукамі помсціць ворагу, помсціць за ўсе пакуты, якія ён прычыніў маёй любімай Радзіме». Просьбу літоўскай камсамолкі задаволілі, і дзяўчыну накіравалі ў горад Балахна Горкаўскай вобласці на курсы разведвальна-дыверсійнай школы 16-й Літоўскай Чырванасцяжнай стралковай дывізіі, якой камандаваў генерал-маёр Феліксас Балтушыс-Жэмайціс. У школе ўлічвалася, што большасць добраахвотнікаў не ўдзельнічалі ў баявых дзеяннях, ды і наогул не мелі якой-небудзь ваеннай падрыхтоўкі. У спецроце, куды былі залічаны Марытэ і яе сяброўка-зямлячка Валянціна Касцінайтэ, байцы ў класах праходзілі тэорыю вядзення партызанскай вайны, вывучалі аўтаматы, пісталеты і кулямёты, розныя выбуховыя прыстасаванні, на практыцы ў полі вучыліся майстэрству «рэйкавай вайны». Заняткі праводзіліся з пастаяннымі знясільваючымі марш-кідкамі і стральбой са стралковай зброі розных сістэм на палігоне. Да вечара дзяўчаты так стамляліся, што, прыйшоўшы ў казарму, літаральна валіліся з ног.

Вясной 1943 года для дзвюх дзяўчат з Прыбалтыкі закончыліся гэтыя цяжкія шматгадзінныя заняткі па ваеннай падрыхтоўцы ў спецроце — Марытэ і Валя сталі сапраўднымі воінамі Чырвонай Арміі. Цяпер яны ўмелі скакаць з парашутам і весці бой у тыле ворага, бегаць кросы, пускаць пад адхон чыгуначныя саставы ворага. На пастраенні ім было абвешчана аб заканчэнні курсаў, па выніках якіх яны з гонарам вытрымалі нялёгкія выпрабаванні і вартыя называцца воінамі — дэсантнікамі спецыяльных войскаў асобага прызначэння. У адну з летніх начэй усёй групай з ваеннага аэрадрома Балахна выпускнікі спецкурсаў вылецелі на захад і былі перакінуты ў тыл ворага на тэрыторыю акупаванай Беларусі. Былы камандзір партызанскага атрада імя Костаса Калінаўскаса, Герой Савецкага Саюза Браніслаў Вікенцьевіч Урбанавічус успамінаў: «У пачатку мая 1943 года 36 літоўскіх юнакоў і дзяўчат накіраваліся ў Літву, каб змагацца з гітлераўцамі. Падчас гэтага амаль чатырохсоткіламетровага рэйду па тыле ворага Марытэ не скардзілася, хоць ёй было вельмі цяжка. Яна стойка пераносіла ўсе нягоды разам з мужчынамі, ішла з цяжкім грузам рыштунку за плячыма, з аўтаматам у руцэ і гранатамі на рамяні. Здавалася, што вяртанне ў родныя мясціны дало ёй невычэрпную сілу».

Прабраўшыся ў Літву, партызанская група накіравалася ў Зарасайскі павет, дзе Марытэ ўдзельнічала ў баявых дзеяннях у складзе партызанскага атрада імя Кястуціса, камандзірам якога з'яўляўся І. Васілюс. Партызаны пускалі пад адхон варожыя цягнікі з ваеннай тэхнікай, падрывалі склады, здзяйснялі налёты на гарнізоны праціўніка, палілі маёнткі і гаспадаркі, захопленыя гітлераўскімі каланістамі. Танклявая 20-гадовая дзяўчына вызначалася храбрасцю і вынаходлівасцю, была ў атрадзе самым актыўным байцом: удзельнічала ў шматлікіх баявых аперацыях, дыверсіях, хадзіла ў разведку, вяла вялікую агітацыйную работу сярод жыхароў.

У Зарасайскім павеце Марытэ з дапамогай таварышаў арганізавала некалькі камсамольскіх падпольных груп, пад імем Она Куасайтэ яна ўзначаліла Зарасайскі падпольны павятовы камітэт камсамола Літвы. Камсамольцы помсцілі фашыстам за сваю зняволеную зямлю, за зняважаны гонар, за смерць родных і блізкіх.

8 ліпеня 1943 года Мельнікайтэ разам з пяццю партызанамі ідзе на выкананне чарговага баявога задання. У родным Зарасайскім краі ў Рымшыёнскай воласці ў вёсцы Рудзе вялікі карны атрад гітлераўцаў высачыў групу партызан з шасці чалавек, сярод якіх была і Марытэ Мельнікайтэ. У аповедзе «Марыя Мельнікайтэ» народны пісьменнік Літоўскай ССР, член ВКП(б), лаўрэат Сталінскай прэміі Антанас Венцлава піша: «У гаі карнікі акружылі партызан і прыціснулі да цяжкапраходнага яра... Няма шляху да адступлення — з усіх бакоў ворагі. І групка літоўскіх партызан, натхнёная адважнай дзяўчынай, на працягу цэлага светлавога дня вядзе гераічную барацьбу з сіламі, якія нашмат пераўзыходзілі іх. У няроўнай барацьбе гінуць адзін за адным смерцю храбрых яе таварышы. Марытэ змагаецца да апошняга патрона. Ад яе рукі знаходзяць смерць сем фашысцкіх катаў. Калі скончыліся патроны, Марытэ адкінула аўтамат і кінула ў акружыўшых яе ворагаў гранату, ад якой загінула яшчэ некалькі гітлераўцаў. У наступнай гранаты параненая камсамолка збіралася выняць кальцо і падарваць сябе разам з ворагамі, але нямецкі афіцэр сілай вырваў зброю з рук акрываўленай дзяўчыны... Марытэ была паранена, захоплена ў палон, на допыце яна не прамовіла ні слова, пасля пяцідзённых пакутлівых катаванняў 13 ліпеня 1943 года яе расстралялі...

Падводзячы вынікі партызанскай барацьбы, ЦК Кампартыі Літвы ў сваім звароце да працоўных рэспублікі пісаў: «Славяцца сваімі доблеснымі справамі партызаны Каўнаса, Шаўляя, Укмерге, Уцены. Бясстрашная партызанка і арганізатар камсамольскага падполля, беззапаветна адданая Радзіме Марыя Мельнікайтэ нават перад тварам смерці захавала жалезную стойкасць!»

За ўзорнае выкананне баявых заданняў камандавання ў тыле ворага Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 22 сакавіка 1944 года Марытэ Іозаўне Мельнікайтэ пасмяротна прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.

Імя слаўнай дачкі літоўскага народа захоўваецца ва ўдзячнай памяці нашчадкаў. На кінастудыі «Масфільм» у 1947 годзе быў зняты мастацкі фільм «Марытэ», у якім у невялікай ролі дэбютаваў сусветна вядомы пазней літоўскі акцёр Данатас Баніёніс. У 1953 годзе ў Літоўскім тэатры оперы і балета пастаўлена опера Антанаса Рачунаса «Марытэ». Фотаздымак адважнай партызанкі быў растыражаваны ў мностве выданняў для дзяцей і дарослых, на паштовых марках СССР. Акрамя Мінска вуліца Мельнікайтэ ёсць таксама ў Цюмені і Чымкенце. У Цюмені ў гонар адважнай партызанкі ўсталявана некалькі мемарыяльных знакаў. А вось у сучаснай Літве, на радзіме гераіні, сітуацыя іншая: вуліцы і школа, названыя ў гонар Марытэ, даўно перайменаваныя, а помнік партызанцы ў Зарасаі, усталяваны ў 1955 годзе, перанесены ў прыватны парк Грутас (120 кіламетраў ад Вільнюса), як спадчына савецкага мінулага.

Многія пакаленні людзей заслужана называюць Марытэ Мельнікайтэ літоўскай Зояй Касмадзям'янскай, сімвалам мужнасці і гераізму для мільёнаў юнакоў і дзяўчат.

Былы камандзір партызанскага атрада імя Костаса Калінаўскаса, Герой Савецкага Саюза Браніслаў Вікенцьевіч Урбанавічус успамінаў: «У пачатку мая 1943 года 36 літоўскіх юнакоў і дзяўчат накіраваліся ў Літву, каб змагацца з гітлераўцамі. Падчас гэтага амаль чатырохсоткіламетровага рэйду па тыле ворага Марытэ не скардзілася, хоць ёй было вельмі цяжка. Яна стойка пераносіла ўсе нягоды разам з мужчынамі, ішла з цяжкім грузам рыштунку за плячыма, з аўтаматам у руцэ і гранатамі на рамяні. Здавалася, што вяртанне ў родныя мясціны дало ёй невычэрпную сілу».

Мікалай Шаўчэнка

Загаловак у газеце: Зоркі Марытэ Мельнікайтэ

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.