Вы тут

Саломкі не набярэшся


Нават калі ў вас ідэальныя дзеці, якія растуць і развіваюцца паводле нормаў педыятрыі, вам трэба мець невычарпальныя залежы цярпення, непарушны спакой, паслядоўнасць Тэрмінатара і кілатоны мудрасці, каб захаваць роўны, пазітыўны мікраклімат у сям'і. Калі ж хоць адно дзіця «не такое, як ва ўсіх» — датычыцца гэта фізіялогіі ці псіхалогіі, унутраных ці знешніх уласцівасцяў, — запас нервовай трываласці мусіць быць яшчэ большым, рук трэба мець столькі, як у багіні Калі, і ў дадатак вочы на патыліцы. Смешна? Ды не вельмі, улічваючы, як часта ў зводкі навін трапляюць паведамленні пра няшчасныя выпадкі з дзецьмі, у чым вінаватыя — найперш мы, дарослыя.


Паводле статыстыкі, у 2011 годзе ў Беларусі ад знешніх прычын загінула 262 дзіцяці, у 2015 годзе — 149, у 2016-м — 154. І хоць трагічныя лічбы паступова памяншаюцца, крый божа трапіць у гэтыя «працэнты». Спецыялісты падлічылі: дастаткова 30 секундаў, каб дзіця самастойна адчыніла акно, імгнення — каб пацягнула і выліла на сябе кіпень. Дзеці трапляюць у пажары і ДТЗ, тонуць літаральна ў лужынах, задыхаюцца з-за праглынутых манет, выпіваюць хімічныя сродкі, — і, як правіла, таму, што бацькі альбо бабулі і дзядулі «на хвілінку» выйшлі ў іншы пакой ды заняліся сваімі справамі.

Натуральна, можна заспакойваць сябе тым, што гэта адбывалася заўжды, проста ў эпоху паўсюднага інтэрнэту шыла з меха выпадае раней, чым яго туды пакладзеш. З іншага боку, вярніцеся ў думках усяго на адно пакаленне назад (у сучаснай дэмаграфіі гэта каля 25 гадоў) і адкажыце шчыра: хіба было на той час столькі дадатковых рызык і небяспек: якой была колькасць аўто на дарозе, ці шмат налічвалася электрапрыбораў і батарэек у кожным доме, што мы ведалі пра маскітныя сеткі, гіраскутары, цюбінгі і г. д.? Успамінаю ўласнае дзяцінства: на стаянцы каля дома мы гулялі ў «штандара» і выкладвалі мазаіку з каменьчыкаў — проста таму, што аўто тут стаяла ўсяго адно, а нашы людзі «ў булачную на таксі» ездзілі вельмі рэдка. І гэта не вясковая вуліца, а сталічны спальны раён і шматпад'езны дзевяціпавярховік!

Цяпер іншы час і, адпаведна, іншыя хваляванні, таму ўдвая дзіўная пастаральная легкадумнасць, якую часам праяўляюць бацькі і старэйшае пакаленне ў дачыненні да дзяцей. Маўляў, я ў шэсць гадоў з ключом на шыі праз увесь горад ездзіў, што з маім малым зробіцца ў двары і тым больш у хаце. Адкрыйце зводку МНС за апошнія некалькі месяцаў — даведаецеся.

Я ні ў якім разе не заклікаю да панікі і істэрыкі, як у вядомай казцы пра «разумныя галовы», — ці помніце, як разладзілася вяселле з-за квахтання патэнцыйнай нявесты «сядзеў бы тут наш сынок, сякера б упала і яго забіла...»? Саломкі на ўсё жыццё дакладна не набярэшся. Большасць дарослых, адэкватных людзей цудоўна разумее, як небяспечна ўключыць рэжым гіперапекі («яжмаці!») і на доўгія гады затрымацца ў стане «мы»: «мы паелі», «мы збіраемся ў школу», «мы думаем, куды паступаць», а ў адзін далёка не цудоўны момант раптам спахапіцца, што дзіця ў параўнанні з аднагодкамі менш самастойнае і больш інфантыльнае. З іншага боку, як насаджэнне жорсткіх «не», так і празмерная свабода дзеянняў спрацоўвае не заўжды і не з усімі і часта вылазіць вонкі ўжо ў свядомым узросце — добра, калі толькі эмацыянальнай халоднасцю да састарэлых бацькоў. Пытанняў, як быць з дзецьмі ў тым ці іншым выпадку, хапіла б на энцыклапедыю ў дзясятках тамоў, дый то жыццё знойдзе, чым здзівіць яе аўтараў і складальнікаў.

І вось кожны з бацькоў, як той канатаходзец, балансуе паміж строгасцю і агрэсіяй, пяшчотай і патураннем, уласнымі педагагічнымі ўстаноўкамі і агульнапрынятымі ў грамадстве правіламі ды стэрэатыпамі.

Трымайцеся, «калегі». Помніце, што выхоўваць варта не столькі дзяцей, колькі сябе — будзе дзіця ў дарослым жыцці ініцыятыўным альбо бязвольным, уважлівым альбо бестурботным, перадусім залежыць ад нас. Галоўнае, каб наогул вырасла — жывым, здаровым і шчаслівым.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.