Вы тут

Як рукапіс сто гадоў чакаў выдання


«Расейска-беларускі слоўнік» Апанаса Ярушэвіча — унікальны помнік нацыянальнай лексікаграфіі, першы грунтоўны перакладны слоўнік, створаны ў нацыянальнай мовазнаўчай навуцы на пачатку яе станаўлення.


Матэрыялы для слоўніка Апанас Ярушэвіч збіраў у 1907—1918 гадах. Гэта праца стваралася ў няпросты гістарычны перыяд, калі наша краіна павінна была вызначыцца як самастойная рэспубліка. Таму вельмі важна было сцвердзіць сябе праз мову. У слоўніку ўпершыню лексікаграфічную апрацоўку атрымалі звыш 13 000 слоў, беларускую частку якіх аўтар сабраў самастойна або праз сваіх вучняў. У аснову пакладзены маладзечанскія гаворкі. Менавіта дзякуючы гэтай працы можна даведацца пра стан сярэднебеларускіх (цэнтральных) гаворак, якія былі ўзяты за аснову сучаснай літаратурнай мовы ў другой палове ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя. А таксама праз слова мы зможам убачыць побыт беларусаў на памежжы стагоддзяў, сацыяльна-эканамічнае жыццё, матэрыяльную і духоўную культуру.

«Паступова мы робім адкрыцці ў галіне археалогіі, гісторыі, нашай матэрыяльнай, духоўнай культуры і мовазнаўства. І сёння дэманструем чарговае з іх. Адкрываем новае прозвішча, невядомае да гэтага большасці беларусаў, — Апанас Ярушэвіч, — заўважыў дырэктар Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Ігар Капылоў. — Без тых людзей, якія працавалі ў ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя, не было б ні Беларусі, ні беларускай мовы. Дзякуючы ім мы заявілі пра сябе як пра адметную супольнасць на карце свету».

Праца была ажыццёўлена Інстытутам мовазнаўства сумесна з Нацыянальным архівам. Каб дакументу надаць аблічча слоўніка, супрацоўніцы Цэнтра даследавання беларускай культуры, мовы і літаратуры Ірыне Галузе давялося прыкласці шмат намаганняў. Справа ў тым, што рукапіс быў чарнавіком з праўкамі самога аўтара, і да асобных слоў не пададзены пераклад. Да таго ж над будучым слоўнікам папрацаваў Браніслаў Эпімах-Шыпіла — чырвоным колерам паверх тэксту ўнёс больш за 300 правак. І важна было і такую інфармацыю захаваць. Каб перадаць усё гэта, а таксама падладзіць кніжку пад сучаснага чытача, была выпрацавана пэўная сістэма памет.

Слоўнік падкінуў даследчыкам нямала загадак. Чаму Апанас Ярушэвіч узяўся за гэтую працу, дзе і якім чынам збіраўся матэрыял, чаму слоўнік не быў надрукаваны, як выкарыстоўваўся рукапіс?.. Да таго ж у некаторых крыніцах згадваецца, што аўтар шчыраваў яшчэ над адным слоўнікам — «беларускім», але невядома, што сталася з той працай. На жаль, небагата засталося інфармацыі і пра самога Апанаса Ярушэвіча, хоць гэта быў надзвычай адукаваны чалавек таго часу — багаслоў, культурны дзеяч, краязнавец, педагог. З 1907 да 1920 года ён працаваў дырэктарам Маладзечанскай настаўніцкай семінарыі. А пра далейшы лёс асобы інфармацыі няма. Захаваўся ліст удавы, дзе ў 1924 годзе яна просіць Усевалада Ігнатоўскага прызначыць пенсію, бо ёй і дзецям няма за што жыць, і дасылае працы мужа, каб можна было вызначыць памер пенсіі...

Архівы (у тым ліку і замежныя) захоўваюць яшчэ багата матэрыялаў, якія маюць дачыненне да нашай моўнай спадчыны. І «Расейска-беларускі слоўнік» Апанаса Ярушэвіча — толькі адна з крыніц, адкуль можна чэрпаць цікавыя факты. Сёння ў Акадэміі навук вучоныя працуюць над Зводным слоўнікам беларускіх народных гаворак, збіраюцца перагледзець усе даступныя лексікаграфічныя, лінгва-геаграфічныя і рукапісныя архіўныя крыніцы, каб падаць у адным электронным рэсурсе.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Загаловак у газеце: Архіўная спадчына

Выбар рэдакцыі

Грамадства

У 72-м аб'яднаным вучэбным цэнтры юнакі атрымліваюць і грамадзянскія спецыяльнасці

У 72-м аб'яднаным вучэбным цэнтры юнакі атрымліваюць і грамадзянскія спецыяльнасці

72-і аб'яднаны вучэбны цэнтр, што ў Печах, — самая вялікая воінская часць у Беларусі. 

Грамадства

Распавядаем, як арганізавана меддапамога ў Паставах

Распавядаем, як арганізавана меддапамога ў Паставах

Самым аддаленым ад абласнога цэнтра раёне краіны.

У свеце

Чаму Дональд Трамп захацеў набыць Грэнландыю?

Чаму Дональд Трамп захацеў набыць Грэнландыю?

Цяпер гэтая аўтаномная тэрыторыя ўваходзіць у склад Каралеўства Данія.

Грамадства

Школы Гомельшчыны прайшлі праверку на гатоўнасць да навучальнага года

Школы Гомельшчыны прайшлі праверку на гатоўнасць да навучальнага года

Сё­ле­та ў да­школь­ныя ўста­но­вы ра­ё­на прый­дзе 2 700 ма­лых.