Вы тут

Ліквідацыя наступстваў Чарнобыля — у дзяржаўным прыярытэце


Член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці, член Савета Рэспублікі ад Гомельскай вобласці Аксана КАВАЛЬКОВА:

— Радыеактыўнае забруджванне распаўсюдзілася амаль на чвэрць тэрыторыі Беларусі. Найбольш пацярпела Гомельская вобласць: 20 з 21 раёна. За пасляаварыйны перыяд спынілі існаванне некалькі соцень вёсак і дзясяткі гаспадарак, выведзена з абароту больш за дзвесце тысяч гектараў сельгасугоддзяў.

Наступствы Чарнобыльскай катастрофы для нашай краіны аказаліся настолькі маштабнымі, што іх паспяховае пераадоленне было магчыма толькі пры ўмове сістэмнага падыходу. Асноўны адміністрацыйна-фінансавы інструмент для рэалізацыі дзяржаўнай палітыкі ў дачыненні да пацярпелага насельніцтва і тэрыторый — дзяржаўныя праграмы па пераадоленні наступстваў чарнобыльскай катастрофы.

За 1991—2015 гады паспяхова выкананыя пяць праграм, у 2016-м пачалася рэалізацыя мерапрыемстваў у рамках шостай пяцігодкі. Адзін з самых важных кірункаў дзяржпраграмы — па-ранейшаму правядзенне ахоўных мерапрыемстваў у аграпрамысловым комплексе, якія садзейнічаюць атрыманню нарматыўна «чыстай» сельгаспрадукцыі. Каб у малаку не перавышаліся дапушчальныя ўзроўні колькасці цэзію-137 і стронцыю-90, у прыватным сектары ствараюцца кармавыя ўгоддзі для жывёлы, на пашы выконваюцца ахоўныя работы.

Для паляпшэння санітарнага стану населеных пунктаў, навядзення парадку на землях, з якіх адселена насельніцтва, і зніжэння радыяцыйнай нагрузкі на грамадзян ліквідавана каля трох тысяч аб'ектаў. Аднак праблема застаецца: трэба знесці яшчэ больш за чатыры тысячы аб'ектаў.

Цалкам вырашанае пытанне будаўніцтва жылля для прыёму людзей з Чарнобыльскай зоны. У бягучай пяцігодцы будуць працягнуты ахоўныя мерапрыемствы ў аграпрамысловым комплексе, газіфікаваны населеныя пункты, насельніцтва павінна быць забяспечана якаснай пітной вадой.

Беларусь працягне на міжнародным узроўні пазіцыянаваць сябе як краіну — эксперта ў галіне пераадолення наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. Пасля катастрофы давялося аператыўна ствараць спецыялізаваныя навуковыя і навучальныя ўстановы, уласную навукова-практычную школу. Яна ўключае не толькі Інстытут радыялогіі, але і Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр радыяцыйнай медыцыны і экалогіі чалавека ў Гомелі.

Навуковыя рэкамендацыі і методыкі актыўна ўкараняюцца ў практыку асобных гаспадарак і цэлых раёнаў, рэалізуюцца адрасныя ахоўныя мерапрыемствы ў сферы земляробства, жывёлагадоўлі, агародніцтва і садоўніцтва. Дзякуючы сучасным распрацоўкам забяспечана вытворчасць сельгаспрадукцыі, якая адпавядае нарматыўным патрабаванням.

Што да будаўніцтва Беларускай атамнай электрастанцыі, упэўнена, нічога страшнага ў гэтым няма: навука, тэхналогіі крочылі далёка наперад. Тое, што раней здавалася немагчымым, сёння стала рэальнасцю. Камп'ютар вызваліў чалавека ад выканання многіх складаных і небяспечных задач. На новай АЭС чалавечы фактар зніжаны да мінімуму, працаваць там будзе ўжо не такая колькасць людзей, як на чарнобыльскай станцыі.

А вырашэнне чарнобыльскіх праблем, стварэнне нарматыўнай і прававой базы па ўсіх напрамках пераадолення наступстваў катастрофы будзе і надалей заставацца на агульнадзяржаўным узроўні. Наша супольная задача — зберагчы гістарычную, культурную і прыродную спадчыну краіны, сфарміраваць экалагічную культуру і актыўную жыццёвую пазіцыю ў дачыненні да глабальных праблем, якія стаяць перад чалавецтвам, перадаць памяць пра чарнобыльскую трагедыю маладому пакаленню.

Варвара МАРОЗАВА

Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як сапраўдныя мужыкі засвойваюць «жаночую» справу

Як сапраўдныя мужыкі засвойваюць «жаночую» справу

У апошнія гады тэма раўнапраўя паміж мужчынамі і жанчынамі перажывае новую хвалю росквіту.

Культура

Згадкі пра Аркадзя Куляшова

Згадкі пра Аркадзя Куляшова

Гісторыя аднаго выступлення.