Вы тут

Каштоўнасць шчырасці


Праз доўгія гады да нас даходзяць успаміны і роздумы тых, хто змагаўся за свой народ падчас вайны. Тыя простыя людзі, якія ўжо сталі далёкімі вобразамі сапраўдных герояў, ажываюць на старонках кніг. Аповесць «Салдаты ДАКа № 205» («Солдаты ДОТа № 205», Мінск, Выдавецкі дом «Звязда», 2019) — твор, напісаны франтавіком Рыгорам Шакулавым па апавяданнях Аляксандра Гілепа, непасрэднага ўдзельніка апісаных ваенных падзей. Атрад ДАКа № 205 меў свой паходны журнал, які таксама паслужыў асновай для стварэння твора.


Па сюжэце атрад у выніку сутыкнення з нямецкімі салдатамі вымушаны пакінуць ДАК. Адрэзаныя ад арміі, байцы крочаць па лясах і вёсках Віцебшчыны і Смаленшчыны, каб у рэшце рэшт працягнуць змагацца не ў тыле ворага невялічкай групай, а ў баях за вызваленне Савецкага Саюза. Нягледзячы на сваю нешматлікасць, атрад за час вандроўкі пусціў пад адхон некалькі нямецкіх эшалонаў, выратаваў вялікую групу савецкіх палонных, знішчыў дзясяткі фашыстаў і, аб’яднаўшыся з арміяй, больш як месяц утрымліваў хутары. За гэты час ён страціў толькі некалькі байцоў. У эпілогу распавядаецца, як салдаты ДАКа № 205 удзельнічалі ў адваёўванні лініі фронту і толькі восенню 1943 года вярнуліся на беларускую зямлю.

Першы раздзел пачынаецца са сказа: «Няроўны бой». Такі выраз без усялякай падрыхтоўкі ці прадмовы ўводзіць чытача ў складанасць сітуацыі, даючы зразумець: гэта і ёсць раптоўнасць вайны. Але на старонках персанажы ўмелыя, дасведчаныя і ўпэўненыя ў сваёй перамозе (а аснову твора складаюць падзеі лета 1941 года). Галоўны герой — камандзір роты Мікалай Шчарбакоў — апісаны як сапраўдны храбрэц, удумлівы, сціплы, справядлівы. Ён ніколі не перастае думаць аб тым, каб знішчыць як мага больш ворагаў. Пытанне захаваць жыццё салдат і сваё не стаіць. Перад чытачом — вобраз савецкага афіцэра, які ў нейкім сэнсе абясцэньвае свае дасягненні. Шчарбакоў, зрабіўшы шмат для народа ў тыле ворага, выказвае думку: усё ж недастаткова. Менавіта ў гэтым і ёсць адна з галоўных характарыстык савецкага чалавека: у цяжкіх і непрадказальных умовах не толькі выканаць, але і перавыканаць. Упершыню руйнуючы чыгунку, камандзір вельмі шкадуе тую цяжкую працу, што была ў яе ўкладзена. Гэта выпрабаванне — зламаць сваё, хоць і дзеля карысці, — зноў-такі сведчыць пра душэўную сілу савецкага ваеннага.

Падчас змагання ўсе пачуцці без выключэння падзяляюць з камандзірам і іншыя героі, у тым ліку ваенфельчар Васіль Арэхаў, прататып якога — Аляксандр Гілеп. Нават калі каманда пакінула параненага байца ў адной з вёсак, той згадзіўся: яго будуць даглядаць надзейныя савецкія людзі. Вобраз станоўчага савецкага чалавека — асноўны элемент твора. Відаць, што мэтай аўтара было паказаць: менавіта савецкі народ пацярпеў больш за ўсіх, але перамог. Гэты героіка-патрыятычны пафас чытаецца і ў вобразах цыгаркі, якую кураць усе салдаты па чарзе і якую хаваюць, каб ніхто здалёк не ўбачыў дым, у воклічы «служым Савецкаму Саюзу», у кожнай размове з вяскоўцамі, якія просяць салдат не здавацца і абараніць Радзіму. І гэта менавіта тая шчырасць, якая так падкупляе і прымушае звяртацца да тэмы.

Дарэчы, у аповесць уключаны два вершы Рыгора Шакулава 1942 і 1943 гадоў. Гэта водгук ваеннага на тое, што ён адчуваў, бачачы разбурэнне на свае вочы. Назвы гэтых твораў — «Сляза камандзіра» і «Кветкі, апырсканыя крывёй» — кажуць самі за сябе.

Мы назіраем, якой была і як трансфармуецца тэма вайны ў літаратуры і кіно. Кожны, абапіраючыся на асабісты светапогляд, робіць свае высновы. Але відавочна, аснова ўсяго, што стваралася і ствараецца, — досвед, што, перш за ўсё, пражываўся самімі ўдзельнікамі тых жудасных падзей і перадаваўся людзям, якія не ведалі, што такое вайна, і якія ў далейшым мелі магчымасць трансляваць гэты досвед так, як падавалася патрэбным. Але «Салдаты ДАКа № 205» — шчыры зварот удзельнікаў падзей, які дайшоў да нас у выглядзе, якім яго хацелі бачыць тыя салдаты. І ў гэтым яго каштоўнасць.

Яўгенія ШЫЦЬКА

Ніна Ільіна, дачка Рыгора Шакулава, аднаго з аўтараў кнігі:

— Адзін з аўтараў кнігі Аляксандр Гілеп, ураджэнец Слуцка, служыў у кулямётнай роце асобнага кулямётнага батальёна Полацкага ўмацраёна, быў сярод абаронцаў гэтага ДАКа, стаў правобразам аднаго з галоўных герояў — ваенфельчара Васіля Арэхава. Ён вёў дзённік атрада па даручэнні камандзіра. У 1960-я гады, калі з’явілся думка напісаць кнігу пра тыя падзеі, даручылі гэта зрабіць майму тату, які ўжо быў аўтарам некалькіх кніг.

Тата таксама быў удзельнікам Вялікай Айчыннай вайны, ваяваў на Ленінградскім фронце. Нарадзіўся ён пад Віцебскам, у вёсцы Паўлавічы, у вялікай шматдзетнай сялянскай сям’і. У Ленінград паехаў вучыцца ў лесатэхнічную акадэмію. Адначасова вучыўся ў літаратурным інстытуце пры Доме пісьменнікаў імя Маякоўскага. У 1939 годзе ажаніўся з маёй мамай, якая была карэннай ленінградкай. У верасні таго ж года яго накіравалі ў экспедыцыю складаць карту апісання тайгі, а ў наступную экспедыцыю ў 1940 годзе яны паехалі з мамай разам. Там яна нарыхтавала шмат ягад і сушаных грыбоў, а потым ва ўспамінах пісала, што гэта, напэўна, дапамагло выжыць падчас блакады…

Тата пайшоў дабравольцам у народнае апалчэнне на пачатку ліпеня 1941 года. Спачатку былі вучэнні, а потым іх накіравалі пад Гатчыну. У мяне захаваліся лісты, якія тата пісаў маме з фронту. Часткова я іх перадала ў музеі ці архівы. Ёсць і яго ліставанне з роднымі з Беларусі. У верасні 1941 года бацька быў паранены, але і ў шпіталі працягваў змагацца з ворагамі — пісаў вершы, якія заклікалі на барацьбу (чытачы кнігі гэта адчуюць). Ён узнагароджаны 11 медаламі, з іх 4 баявыя. Ёсць узнагарода «За абарону Ленінграда» і ордэн Вялікай Айчыннай вайны І ступені.

У 60-я гады бацькі пераехалі ў Віцебск, дзе тата і працаваў над ваеннай аповесцю. Яе рукапіс захоўваецца ў музеях Полацка. Але сама яна цалкам выдадзеная фактычна толькі цяпер. У 1966 годзе ў віцебскай газеце «Атака» друкавалася толькі першая глава. У 2009 годзе яе друкавалі ў скарочаным выглядзе ў газеце «На страже родины» ў Санкт-Пецярбургу.

Калі бацька паміраў (у 1987 годзе), я паабяцала, што прыкладу ўсе намаганні, каб выдаць усё, што ён напісаў. Яго праца была звязана з лесам, з прыродай, і ён стварыў чароўныя казкі на гэтую тэму. Да 100-годдзя бацькі я і мае дзеці вырашылі за свае грошы стварыць выданне яго лепшых казак — яны як для маленькіх, так і для дарослых чытачоў. А напрыканцы мінулага года ў Санкт-Пецярбургу была выдадзена кніга «Салдаты ДАКа № 205». Але беларускае выданне атрымалася больш якаснае дзякуючы Выдавецкаму дому «Звязда».

Марыя АСІПЕНКА

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.