Вы тут

Хто выжыве на Марсе?


Чалавецтва хоча адправіцца на Марс і, магчыма, у перспектыве яго тэрафарміраваць, ператварыўшы Чырвоную планету ў аналаг Зямлі, паведамляе партал hі-nеws.ru.


Кіраўнік кампаніі SрасеХ Ілан Маск заявіў пра тое, што першыя людзі адправяцца туды ўжо ў 2024 годзе. NАSА збіраецца адправіць на Марс экспедыцыю з трох чалавек у 2033 годзе, ужо пасля таго, як пачнецца і будзе ісці поўным ходам асваенне Месяца. Надта блізкія тэрміны ў некаторых экспертаў, вядома ж, выклікаюць разумную долю скептыцызму, аднак асноўнае пытанне тут нават не ў тым, колькі грошай збіраюцца ўбухаць вядучыя касмічныя агенцтвы на распрацоўку тэхналогій, якія дазволяць чалавеку туды паляцець.

Куды важней тое, што мы зусім не разумеем тых эвалюцыйных наступстваў для чалавечага арганізма, якія будуць чакаць яго пры перасяленні на Чырвоную планету. У ходзе інтэрв'ю парталу Іnvеrsе Скот Саламон, эвалюцыйны біёлаг з Універсітэта Райса (ЗША), падзяліўся сваімі думкамі пра тое, якім чынам на генетычным фондзе зямлян адаб'ецца ў доўгатэрміновай перспектыве перасяленне на Марс. «Як эвалюцыйнага біёлага мяне больш за ўсё цікавіць пытанне: а што, калі ў нас сапраўды атрымаецца?» — адзначыў ён.

Летась Саламон закрануў пытанне тых эвалюцыйных змен, якія могуць з вялікай доляй імавернасці чакаць першых марсіянскіх пасяленцаў. Пры гэтым, на яго думку, замест тысячы гадоў эвалюцыйных працэсаў і нязначных мутацый арганізм людзей, якія пераселяцца на Чырвоную планету, будзе мяняцца з хуткасцю амерыканскіх горак. «Хуткасць эвалюцыі можа быць большай ці меншай у залежнасці ад тых патэнцыйных пераваг, якія могуць з'явіцца ў выніку мутацый. Калі ў людзей выявіцца мутацыя, якая павысіць іх выжывальнасць на 50 %, — гэта наша перавага, так? Такім чынам, гэтыя людзі змогуць перадаць свае гены з больш высокай імавернасцю і хуткасцю, чым было б у адваротным выпадку», — адзначае спецыяліст.

Саламон кажа, што прыкладна ўжо праз два пакаленні косткі людзей, якія будуць жыць на Марсе, стануць шырэйшыя. Ім давядзецца адаптавацца пад марсіянскую гравітацыю, якая складае ўсяго 1/3 ад зямной. У той жа час паніжаная гравітацыя зробіць іх больш далікатнымі і ломкімі, што, у сваю чаргу, прывядзе да сур'ёзных праблем з нараджэннем дзяцей.

Нягледзячы на вялікія марсіянскія абшары, людзям давядзецца жыць у даволі сціснутых і кампактных жыллёвых умовах, што, у сваю чаргу, прывядзе да развіцця міяпіі (блізарукасці). У якасці прыкладу Саламон прыводзіць некаторыя віды рыб, якія, жывучы ў цесных падводных пячорах, наогул страцілі органы зроку. Акрамя таго, навукоўца спасылаецца на даследаванні пра тое, што ў дзяцей, якія шмат часу праводзяць дома, назіраецца павышаная рызыка развіцця блізарукасці.

Жыхары Чырвонай планеты штодня будуць падлягаць у 5000 раз мацнейшым дозам радыяцыі, чым пры жыцці на Зямлі. Саламон адзначыў, што гэта прывядзе да наймацнейшых выбухаў ракавых захворванняў. Арганізм можа адказаць адпаведным чынам, надзяліўшы людзей новым пігментам скуры. Для супрацьстаяння ультрафіялетавым промням тут на Зямлі арганізм чалавека выкарыстоўвае меланін, у іншых відаў за гэта адказваюць караціноіды. У жыхароў Марса з часам можа развіцца зусім іншы пігмент, які павялічыць іх абарону ад радыяцыйнага выпраменьвання.

Цалкам магчыма, адзначае вучоны, што дыхальная і крывяносная сістэмы людзей на Марсе з цягам часу таксама зменяцца, атрымаўшы магчымасць больш эфектыўна расходаваць даступны кісларод. Такія мутацыі ўжо назіраюцца ў народаў, якія жывуць у вобласці Тыбецкага нагор'я, дзе ўтрыманне кіслароду на 40 % ніжэй, чым яго канцэнтрацыя на ўзроўні мора. У адказ на гэта арганізм тыбетцаў развіў больш шчыльную сетку капіляраў для эфектыўнага кровазвароту. Акрамя таго, ён здольны пашыраць сасуды, каб больш эфектыўна забяспечваць мышцы кіслародам.

Адной з самых хуткіх чаканых змен у арганізмах людзей, якія будуць жыць на Марсе, стане практычна поўная страта імуннай сістэмы. У стэрыльным асяроддзі без прысутнасці мікраарганізмаў жыхарам можа не спатрэбіцца цела, здольнае змагацца з патагенамі. Але гэта можа быць не так ужо і дрэнна, лічыць Саламон. Эвалюцыйны біёлаг бачыць у гэтым магчымасць выкараніць хваробы, ад якіх зараз няма збаўлення.

Вядома ж, не абыдзецца і без недахопаў. У такім выпадку размнажэнне паміж марсіянамі і зямлянамі стане немагчымым. Секс паміж жыхарамі двух планет пры адсутнасці ў марсіян імуннай сістэмы можа стаць для іх смяротным. Гэта, у сваю чаргу, можа накласці штучныя абмежаванні на тое, як абедзве папуляцыі змогуць узаемадзейнічаць адно з адным і змешвацца. Немагчымасць стварэння міжпланетных сем'яў і перадачы дзяцей паміж бацькамі, якія знаходзяцца на розных планетах, напрыклад, па абавязку працы, раз'яднае грамадства яшчэ мацней.

Саламон упэўнены, што ўсе гэтыя змяненні адбудуцца адносна вельмі хутка. Высокі ўзровень радыяцыі на Марсе і адсутнасць у планеты магнітасферы, якая б абараняла ад яе людзей, хутка зробяць сваю справу. Калі ў звычайным выпадку дзеці могуць нараджацца з 20—120 генетычнымі мутацыямі, то радыяцыя Марса будзе здольная значна павялічыць гэтыя лічбы.

Паскорыць працэс мутацыі і падрыхтаваць людзей да перасялення на Марс, каб іх цела адаптавалася да новых умоў значна хутчэй, мы можам і штучна. Але нашы цяперашнія абмежаваныя веды пра чалавечы геном і, як вынік, выпадковыя змены могуць абярнуцца неспадзяванымі наступствамі. Тым не менш у будучыні гэта тэхналогія можа стаць нашым уваходным квітком для жыцця на іншых планетах. «Навошта чакаць мутацый, калі можна самастойна іх стварыць?» — задаецца пытаннем Саламон.

Яшчэ адным механізмам, які мог бы паслужыць на карысць каланізацыі далёкіх светаў Сонечнай сістэмы, можа стаць так званы эфект заснавальніка. Гэта будзе перанос групай асобін вялікай папуляцыі — «заснавальнікаў» — толькі часткі генетычнай разнастайнасці гэтай папуляцыі пры засяленні новай тэрыторыі з прычыны магчымага ў сувязі з эфектам заснавальніка зрушэння «акцэнтаў» натуральнага адбору. Зыходная і новая папуляцыі могуць эвалюцыянаваць у істотна розных кірунках. Напрыклад, адпраўленыя на Марс найбольш фізічна здаровыя і моцныя людзі могуць атрымаць нашчадкаў, генетычна больш схільных да фізічнай сілы, чым людзі, якія ўжо даўно жывуць на Марсе.

Усё гэта азначае, што Маск і іншыя людзі, якія хочуць аднойчы засяліць Марс, павінны прыняць да ўвагі неабходнасць генетычнай разнастайнасці, каб забяспечыць ідэальны баланс для магчымасці далейшай эвалюцыі папуляцыі. На думку Саламона, для гэтага будзе дастатковым адправіць на Марс каля 100 000 чалавек на працягу некалькіх гадоў. Прычым пераважна гэта павінны быць людзі з Афрыкі, бо менавіта там назіраецца найбольш шырокая генетычная разнастайнасць.

«Калі б я праектаваў чалавечую калонію на Марсе, то хацеў бы, каб яе насельніцтва складалася з сотняў тысяч чалавек, якія прадстаўляюць розныя народы тут на Зямлі», — рэзюмаваў навуковец.

Іван КУПАРВАС

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.