Вы тут

Беспрацоўе ў рэспубліцы застаецца на стабільна нізкім узроўні


Беларусы сталі хутчэй працаўладкоўвацца і актыўна шукаць занятак самастойна — аб гэтым паведаміў начальнік упраўлення палітыкі занятасці Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Алег ТОКУН.


Мясцовыя ўлады садзейнічаюць працаўладкаванню на створаныя працоўныя месцы і наяўныя вакансіі, арганізуюць прадпрымальніцкую і рамесную дзейнасць, накіроўваюць на навучанне па запатрабаваных прафесіях. Асабліва такія формы актуальныя для тэрыторый з напружанай сітуацыяй на рынку працы.

Рэгіёны «са складанасцямі» вызначаюцца паводле пастановы Савета Міністраў № 142. Летась такіх тэрыторый было 48. «На 1 студзеня 2019 года ва ўсіх сітуацыя палепшылася. На тэрыторыях, унесеных у Пералік, павялічваецца попыт на працоўную сілу, зніжаюцца беспрацоўе і напружанасць на рынку працы.
Сёлета ў Пералік уключаны 53 рэгіёны. Найбольшая іх колькасць — у Віцебскай і Мінскай абласцях (па 15), найменшая — у Гродзенскай (два)», — праінфармаваў Алег Токун.

Лічба павялічылася перш за ўсё таму, што пры складанні Пераліку выкарыстоўваўся дадатковы паказчык «тэмпы росту колькасці занятых у эканоміцы» — адносіны колькасці занятых у эканоміцы ў справаздачным перыядзе да адпаведнага леташняга паказчыка.

Штогод у службу занятасці па дапамогу звяртаюцца больш за дзвесце тысяч чалавек. Летась пастаянна працаўладкаваны 152,2 тысячы чалавек. З пачатку года на створаныя працоўныя месцы і наяўныя вакансіі пры садзейнічанні службы занятасці насельніцтва пастаянна працаўладкаваны 38 тысяч чалавек (67,1 % тых, хто звярнуўся), з іх 24,5 тысячы беспрацоўных. На навучанне па запатрабаваных прафесіях накіраваны 1,9 тысячы чалавек; у аплатных грамадскіх работах удзельнічалі 11,8 тысячы чалавек; на новае месца жыхарства і працы пераселена 53 сям'і.

«Важна як мага хутчэй вярнуць беспрацоўнага на рынак працы. І служба занятасці працуе эфектыўна: працягласць беспрацоўя на канец красавіка 2019 года склала 2,9 месяца (на канец мінулага года — 3,1 месяца», — падкрэсліў начальнік упраўлення. Адначасова знізіўся перыяд працаўладкавання беспрацоўных (з 1,6 месяца ў канцы 2018 года да 1,3 месяца ў канцы красавіка 2019 года).

Грамадзяне актыўна шукаюць працу самастойна. Найбольш зручна шукаць занятасць праз інтэрнэт, у тым ліку з дапамогай Агульнарэспубліканскага банка вакансій. З пачатку года ў сярэднім штодня было даступна больш за 70 тысяч вакансій.

Колькасць вольных працоўных месцаў павялічылася ў 1,2 раза ў параўнанні з аналагічным перыядам 2018 года: узрос попыт на вакансіі, звязаныя з сезонным характарам працы — адкрываюцца атракцыёны ў парках культуры і адпачынку, летнія кавярні, тэрасы, кіёскі, павільёны, палаткі. Адпаведна ўзрастае патрэба ў кухарах, прадаўцах, кандытарах, барменах, касірах, дзяжурных атракцыёнаў і гульнявога абсталявання.

Адначасова расце попыт на працаўнікоў сельскай гаспадаркі і будаўніцтва. Запатрабаваныя трактарысты сельскагаспадарчай вытворчасці, муляры, абліцоўшчыкі, плітачнікі.

Дарэчы

Узровень зарэгістраванага беспрацоўя ў Беларусі з пачатку года амаль не мяняўся і на 1 мая склаў 0,3 % (летась на гэту дату ён складаў 0,5 %). У некаторых рэгіёнах узровень беспрацоўя нашмат ніжэйшы за рэспубліканскі: Камянецкім, Браслаўскім, Шчучынскім, Бярэзінскім, Дзяржынскім, Крупскім, Мінскім, Смалявіцкім, Быхаўскім і ў Мінску (0,1 %).

Але больш паказальныя не абсалютныя лічбы, а дынаміка. Паводле звестак на пачатак мая, на ўліку стаяць 14,5 тысячы чалавек (на 33,5 % менш за леташні паказчык). Наймальнікі заявілі пра наяўнасць 80,6 тысячы вольных працоўных месцаў, што на 22,8 % больш, чым летась. А попыт на работнікаў па працоўных прафесіях склаў 63,1 % ад агульнага ліку вакансій супраць 61,4 % на 1 мая 2018 года.

Варвара МАРОЗАВА

Фота Андрэя САЗОНАВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.