Вы тут

Недалёка ад развітання


З героямі спектакля «Недалёка ад нормы» тэатра «Тэрыторыя мюзікла» айчынныя гледачы пазнаёміліся крыху больш чым год назад. І даволі высока ацанілі пастаноўку, здзейсненую рэжысёрам Настассяй Грыненкай. Па выніках мінулага года спектакль «Недалёка ад нормы» атрымаў беларускую Нацыянальную тэатральную прэмію ў намінацыі «Найлепшы спектакль у жанры аперэты, музычнай камедыі, мюзікла». Тэатр «Тэрыторыя мюзікла» пры гэтым стаў першым прыватным тэатрам, які быў адзначаны такой высокай узнагародай за ўсю гісторыю прэміі. Паводле айчынных крытыкаў, якія складаюць свой рэйтынг, мюзікл «Недалёка ад нормы» ўвайшоў у Топ-10 самых цікавых пастановак 2018 года.


І сапраўды, гэта спектакль з сюжэтам, зусім нетыповым для мюзіклаў: галоўная гераіня пакутуе ад біпалярнага расстройства, няпроста прыходзіцца і яе блізкім, якія любяць і хочуць адчуваць яе любоў. Але захворванне мяняе жыццё сям’і, мяняе і саміх герояў, у тым ліку і іх стаўленне да таго, што значыць «нармальны» чалавек. Ці рэальна вызначыць мяжу, калі норма пераходзіць у адхіленне?.. Пра гэтыя перажыванні і думкі не проста распавядаюць артысты, а спяваюць у суправаджэнні рок-гурта пад кіраўніцтвам Ціхана Золатава, што іграе жыўцом. За кошт гэтага дасягаецца найбольш моцнае эмацыянальнае ўздзеянне на гледача.

Але час жыцця на беларускай сцэне ліцэнзійнага брадвейскага мюзікла скончыцца 16 ліпеня, калі ў тэатры «Тэрыторыя мюзікла» пройдзе апошні паказ спектакля, створанага пры падтрымцы Пасольства ЗША ў Рэспубліцы Беларусь. Згодна з умовамі ліцэнзіі, мюзікл «Недалёка ад нормы» атрымаў усяго 20 паказаў на беларускай сцэне.

На радзіме мюзікл быў прызнаны адным з лепшых за апошнія дзесяць гадоў, атрымаў 11 намінацый і 3 прэміі ў галіне музычнага тэатра TonyAward і Пулітцэраўскую прэмію ў намінацыі «Драма» за пашырэнне магчымасцяў і тэматыкі самога жанру. За год пастаноўку паглядзелі не толькі жыхары Мінска, але таксама і госці з гарадоў Беларусі і Расійскай Федэрацыі.

Марыя АСІПЕНКА

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.