Вы тут

Якія нарматыўныя «абноўкі» прапануюць юрысты Грамадзянскаму кодэксу?


Як правільна аформіць здзелку продажу нерухомасці, чым дабравольнае страхаванне адрозніваецца ад абавязковага, хто па законе належыць да спадчыннікаў першай чаргі і ў якіх выпадках можа аспрэчвацца завяшчанне — адказы на гэтыя пытанні можна знайсці ў Грамадзянскім кодэксе. У ім змяшчаюцца нормы, якія рэгулююць адносіны ў сацыяльна-эканамічнай сферы, таму ў асяроддзі юрыстаў яго часам называюць «эканамічнай канстытуцыяй». Але, як і Асноўны закон краіны, кодэкс таксама зараз мае патрэбу ў мадэрнізацыі. Якім чынам ідзе гэтая праца, абмяркоўвалі на пашыраным пасяджэнні навукова-кансультатыўнага савета пры Прэзідыуме Савета Рэспублікі.


З моманту прыняцця ў 1998 годзе Грамадзянскі кодэкс удасканальваўся ўжо 60 разоў. Але заканадаўцы не паспяваюць прыстасоўваць яго да пераменлівай сацыяльна-эканамічнай рэчаіснасці, ды і змяненні ў асноўным былі фрагментарныя.

Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА

«Мэты і задачы на бягучую пяцігодку вызначаны ў Праграме сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2016—2020 гады. У гэтым дакуменце не толькі замацаваны прыярытэты: інвестыцыі, занятасць, экспарт, інфарматызацыя, моладзь і гэтак далей, — але і вызначаны негатыўныя фактары, якія трэба пераадолець. У іх ліку недастатковая развітасць інстытутаў рыначнага самарэгулявання, у тым ліку бізнес-саюзаў і асацыяцый, высокая рэгулятыўная нагрузка на бізнес, недастатковы аб'ём прыцягнення прамых замежных інвестыцый па прычыне недасканаласці заканадаўства і правапрымянення, нізкая доля ўкладанняў арганізацый прыватнага сектара эканомікі, суб'ектаў малога і сярэдняга прадпрымальніцтва. Удасканаленне практычна кожнай галіны заканадаўства можа зрабіць значны ўнёсак у рэалізацыю праграмных установак», — адзначыў Віктар ЧАЙЧЫЦ, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве, старшыня Беларускай рэспубліканскай калегіі адвакатаў.

Ужо прыняты абноўлены Падатковы кодэкс, у стадыі падрыхтоўкі Кодэкс аб архітэктурнай, будаўнічай і горадабудаўнічай дзейнасці. Зараз асноўны фокус — на «эканамічнай канстытуцыі». Праца па ўдасканаленні нарматыўна-прававога акта была ўскладзена на Нацыянальны цэнтр заканадаўства і прававых даследаванняў (НЦЗПД) і ўрад. Работу пачалі яшчэ ў лістападзе 2017 года.

«Большасць прававых інстытутаў грамадзянскага заканадаўства маюць патрэбу ў далейшым і больш глыбокім абнаўленні і ўдасканаленні, прычым рабіць гэта неабходна аператыўна, на якасна новай аснове. Неабходна своеасаблівая рэформа грамадзянскага заканадаўства», — лічыць Дзмітрый БУГА, намеснік начальніка ўпраўлення заканадаўства аб грамадзянскіх, фінансава-эканамічных і экалагічных адносінах — начальнік аддзела грамадзянскага, гаспадарчага і экалагічнага заканадаўства НЦЗПД.

Ён прапанаваў замацаваць у кодэксе прававыя інстытуты, якія будуць садзейнічаць развіццю інвестыцый, інавацый, пабудове сучаснай лічбавай эканомікі. Знойдуць месца ў праекце новага закона і такія прынцыпы, як добрасумленнасць правядзення перамоў па заключэнні дагавора, інстытут інвестыцыйнага таварыства, будзе уключана палажэнне, якое вызначыць статус самарэгулюючых арганізацый.

Дзмітрый Буга пералічыў асноўныя кірункі новаўвядзенняў у дакуменце: выключэнне з Грамадзянскага кодэкса састарэлых прадпісанняў і запаўненне прабелаў, замацаванне новых інстытутаў, якія забяспечаць інвестыцыйную прывабнасць краіны (з'явяцца міжкрэдыторскае пагадненне, пагадненне аб пакрыцці маёмасных страт і іншыя), дадатковая абарона правоў добрасумленных удзельнікаў грамадзянскага абароту, умацаванне патэнцыялу бізнес-саюзаў, аблягчэнне доступу суб'ектаў гаспадарання да фінансавання, павышэнне прывабнасці дагавора аб сумеснай дзейнасці, перапрацоўка нормаў, прысвечаных інтэлектуальнай маёмасці і міжнароднаму прыватнаму праву.

Любыя недапрацоўкі заканадаўства асабліва бачны практыкам. У сферы права — гэта і судовая сістэма, якая з'яўляецца сувязным звяном паміж праватворчасцю і правапрымяненнем. Ад імя гэтай галіны ўлады на пасяджэнні выступіў Андрэй ЗАБАРА, намеснік старшыні Вярхоўнага суда: «Нам неабходна ліквідаваць разрыў у прававым рэгуляванні грамадзянскіх адносін з дзяржавамі-партнёрамі, неабходна ўкараняць новыя інстытуты грамадзянскага права, якія створаць належныя прававыя ўмовы для вядзення інавацыйнага бізнесу, пра што сёння было сказана, на гэта адведзены сціснутыя тэрміны. Нам важна не памыліцца, не парушыць саму архітэктуру ўнутранай сувязі Грамадзянскага кодэкса, стварыць праблемную норму».

Андрэй Забара адзначыў, што належным сродкам рэгулявання грамадскіх адносін закон будзе, калі дакладна вызначацца механізмы рэалізацыі палажэнняў, а змест нормы будзе зразумелы не толькі прафесіяналам, але і звычайным грамадзянам.

Дарэчы, да мадэрнізацыі закона мог прычыніцца любы жадаючы — праект быў размешчаны на прававым форуме. З 50 прапаноў фарумчан улічаны 16.

Праект абноўленага кодэкса хутка паступіць у парламент. Але, па словах экспертаў, яны знаходзяцца толькі на пачатку вялікага шляху рэфармавання грамадзянскага заканадаўства.

Марыя ДАДАЛКА

Загаловак у газеце: Навацыі «эканамічнай канстытуцыі»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Мінчанка трымае ў аднапакаёвай кватэры жывога пітона

Мінчанка трымае ў аднапакаёвай кватэры жывога пітона

У Машы Афанасій жыве каля года. Такі незвычайны падарунак ёй зрабіў сябар.

Грамадства

Удзельнікі праекта «Настаўнік для Беларусі» стануць «свежым ветрам» у педкалектыве

Удзельнікі праекта «Настаўнік для Беларусі» стануць «свежым ветрам» у педкалектыве

1 верасня ў беларускія школы ў невялікіх населеных пунктах прыйдуць 12 крэатыўных і неабыякавых педагогаў, якія павінны ўдыхнуць у іх новае жыццё.

Эканоміка

Зменіцца парадак прыняцця рашэнняў у сумесных домаўладаннях

Зменіцца парадак прыняцця рашэнняў у сумесных домаўладаннях

Гэта прадугледжана новай рэдакцыяй Жыллёвага кодэкса, якая была прынята сёлета ў пачатку мая, а ўступіць у сілу з 1 студзеня наступнага года.