Вы тут

«Звязда»? Каб чытаць па-беларуску


...Здалёк і замест анонса: цуд, якую прыгожую (а ўжо ж добрую ды вясёлую...) гісторыю для рубрыкі «...Народ на провадзе!» даслаў спадар Гаральчук з Мінска!

Але не меншае дзіва і ў тым, што ён наогул узяўся пісаць — у сталым веку, па-беларуску.

Як высветлілася, вінавата ў гэтым «Звязда», якую шмат гадоў чалавек выпісваў і якая аднойчы запрасіла яго паўдзельнічаць у традыцыйным розыгрышы прызоў.


Тады (калі памяць не падводзіць) яму самому прыйсці не выпала: некалькі шчаслівых купонаў са звяздоўскага чароўнага капелюша выцягнула яго жонка Таццяна Уладзіміраўна. Яна ж шчодра «адважыла» кампліментаў любімай народнай рубрыцы і расказала сваю праўдзівую гісторыю — гісторыю пра казла, які пасвіўся непадалёк ад іхняга лецішча і аднойчы ўвязаўся праводзіць яе на электрычку ў Аляхновічы...

Як успамінала спадарыня Таццяна, яна тады і па-добраму прасіла яго адстаць, адчапіцца, і замахвалася нейкім дубцом, і праганяла, і крычала... Казёл, бывала, прыслухоўваўся — спыняўся на хвіліну-другую, а потым зноў даганяў, туліўся да бока і так самазабыўна маршыраваў следам, што, здавалася, зараз па прыступках залезе ў цягнік і паедзе з ёй у сталіцу...

Да станцыі і натоўпу людзей заставаліся нейкія метры, да адпраўлення электрычкі — лічаныя хвіліны. І толькі тут жанчына ўспомніла, што гаспадар гэтага казла размаўляў з ім выключна матам. А таму, азірнуўшыся па баках, яна таксама загнула... І загнула з адчаю так...

Казёл — расказвала — вельмі здзівіўся, прыслухаўся, а потым пакорліва апусціў галаву і па сцежачцы паплёўся назад.

Гэта была смешная гісторыя, пасля публікацыі якой нешта такое ж вясёлае напісаў і даслаў у рэдакцыю муж Таццяны — спадар Іван. Ён жа з часам стаў адным з пастаянных аўтараў і нават пераможцаў конкурсу на найлепшую праўдзівую гісторыю...

Гэта мы да таго, што чалавек, на вялікі жаль, да канца не ведае сваіх здольнасцяў, сваіх талентаў, і многім часам патрэбен нейкі штуршок — можа, зусім маленечкі, выпадковы...

Нашай падпісчыцы спадарыні Ірыне Дзенісенцы з Гомеля некалі проста захацелася чытаць па-беларуску.

У шапіку яна знайшла «Звязду», стала купляць, потым аформіла падпіску, можна сказаць, прывыкла — пяць разоў на тыдзень атрымліваць газету, дасылаць свае карткі на розыгрыш прызоў.

У апошнім — ёй пашчасціла выйграць электрадрыль, але ж забіраць яго ці не, падпісчыца яшчэ думала. З аднаго боку — работа (Ірына Віктараўна працуе машыністам крана на «Гомсельмашы»), агарод, дом (дарэчы, прыватны), так што, калі трэба нейкі цвік у сценку забіць, яна адной левай, без электрадрылі... А з іншага — гэта ж рэч (і не танная), можа, калі спатрэбіцца?

Карацей, у Мінск Ірына Віктараўна ўсё ж прыехала, расказала, што ў «Звяздзе» заўсёды чытае рубрыкі «...Народ на провадзе!», «Крынічка», «Краіна здароўя», што дзякуючы газеце помніць мову. Кожная з якіх, паводле мовазнаўцы Вільгельма Гумбальта, вакол народа, якому належыць, апісвае круг. І выйсці з яго можна толькі ў тым выпадку, калі ўступіш у круг іншы. Далей іншы круг — іншая мова, іншая мова — іншы народ. Так што пакуль не ўступіла...

Ірына Віктараўна «зноў выбірае «Звязду». Вы, спадзяёмся, таксама? А ўжо якія таленты яна адкрые...

Чытайце! Будзем пісаць.

Валянціна ДОЎНАР

Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.