Вы тут

«Догляд займае не больш за хвіліну». Як правяраюць наведвальнікаў перад уваходам у фан-зону?


Як вядома, тэатр пачынаецца з вешалкі. А доступ на масавае мерапрыемства — з кантрольна-прапускнога пункта. На працягу дзесяці дзён, пакуль у Мінску праходзяць ІІ Еўрапейскія гульні, такія пункты арганізаваны пры спартыўных аб'ектах і фан-зонах. І калі ў апошніх плынь людзей адносна раўнамерна размеркавана па часе, то паглядзець на спаборніцтвы ўжывую многія людзі прыходзяць за 30—40 хвілін да іх пачатку. Але тых, хто так разлічвае свой час, шмат. Утвараюцца чэргі, і, як следства, працаваць міліцыянерам на кантрольна-прапускных пунктах з-за гэтага даводзіцца інтэнсіўней.


Карэспандэнт «Звязды» паназіраў за тым, як правяраюць наведвальнікаў перад уваходам у фан-зону «Мінск-Арэны». Спачатку міліцыянер папрасіў адкрыць усе аддзяленні сумкі. Затым прайшла праверка металашукальнікам. І фінальны акорд — абмацванне з галавы да ног, у тым ліку і праверка абутку. Зусім як у заходніх кінастужках!

У ліку тых, хто ажыццяўляе догляд балельшчыкаў і гасцей фан-зоны, — афіцыйны прадстаўнік Фрунзенскага РУУС Святлана МАСТЫКА.

— Каля «Мінск-Арэны» арганізавана некалькі пунктаў догляду. Два з іх транспартныя. Там правяраецца аўтамабільны транспарт. Догляд гасцей адбываецца па гендарным прынцыпе. Гэта значыць, пол наведвальніка фан-зоны і пол таго, хто робіць дагляд, павінны супадаць. Мы прамацваем у пальчатках цела, каб не было магчымасці пранесці якія-небудзь забароненыя прадметы на сабе, — адзначае Святлана Мастыка.

— Лепш прыязджаць на спаборніцтвы загадзя, за паўтары-дзве гадзіны да іх пачатку, каб не стаяць у чэргах, — раіць Святлана Мастыка. — Бярыце з сабой мінімум рэчаў і вельмі маленькую сумку. Ваду можна праносіць, але ў тары, не большай за паўлітра. У нас былі выпадкі, калі з сабой бралі ваду ў двухлітровых бутэльках. Аднак сэнсу ў гэтым няма — яе можна спакойна набыць непасрэдна на тэрыторыі фан-зоны. Акрамя таго, мы папросім вас зрабіць кантрольны глыток у нашай прысутнасці. Догляд займае хвіліну на чалавека і столькі ж на ручную паклажу.

Пералік рэчаў, забароненых да праносу, змешчаны на ўваходзе ў кантрольна-прапускны пункт. Нічога новага ў ім няма. А вось цікавая калізія, з якой сутыкнулася некалькі балельшчыкаў, ужо ёсць. Да ІІ Еўрапейскіх гульняў у продаж паступілі сувенірныя сцізорыкі з сімволікай спаборніцтваў. Але з імі ўваходзіць на тэрыторыю фан-зоны і спартыўнага аб'екта нельга. На гэты выпадак ёсць камеры захоўвання, якія абсталяваны ў спецыяльным прычэпе, пастаўленым перад уваходам на кантрольна-прапускны пункт. Працуюць яны бясплатна.

— Тут дзяжураць прадстаўнікі многіх падраздзяленняў РУУС. Гэта ўчастковыя інспектары, супрацоўнікі крымінальнай інспекцыі, групы кадраў, патрульна-паставой службы... Задзейнічаны ўсе, каб ахоўваць усю тэрыторыю звонку па перыметры «Мінск-Арэны», а таксама ажыццяўляць кантрольна-прапускны рэжым унутры, дапамагаць замежным грамадзянам. Нашы супрацоўнікі яшчэ да пачатку гульняў вучыліся на курсах англійскай мовы, — заўважае Святлана Мастыка. — Акрамя таго, нам падчас дзяжурства дапамагаюць супрацоўнікі АМАП.

Міліцыянеры будуць несці варту вакол «Мінск-Арэны» да 4 ліпеня — акурат пасля заканчэння ІІ Еўрапейскіх гульняў будуць арганізаваны масавыя гулянні да Дня Незалежнасці. І кантроль тут вельмі строгі — на вачах аўтара фан-зону літаральна на паўхвіліны пакінуў супрацоўнік тэхнічнай падтрымкі, і, каб ён змог трапіць назад, яго зноў правяралі на кантрольна-прапускным пункце.

Валяр'ян ШКЛЕННІК, фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.