Лета 2019 года багатае на неспрыяльныя з'явы надвор'я. Афрыканская спякота, праліўныя дажджы, моцны вецер, навальніцы... Нагод для сіноптыкаў чарговы раз абвясціць аранжавы ўзровень небяспекі сёлета вельмі шмат. І хоць ужо больш за тыдзень, як спёка, здаецца, капітулявала, не выключана, што яна можа вярнуцца. Бо ліпень, як вядома, — самы гарачы месяц года. І адначасова з тым — самы багаты на ападкі.
— Гарачы чэрвень моцна падбавіў працы ратавальнікам , — кажа афіцыйны прадстаўнік Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Віталь Навіцкі. — Працяглы перыяд спякоты, якая перасягнула трыццаць градусаў, і істотны недабор дажджоў стварылі ідэальную абстаноўку для пажараў. Так, па стане на 9 ліпеня ў краіне адбылося ажно 2448 пажараў у экасістэмах. З іх 1875 прыпала на долю травы і хмызняку. У гэтую лічбу ўваходзяць і пажары, якія літаральна «пракаціліся» ў красавіку падчас выпальвання сухой леташняй травы. 404 узгаранні былі ліквідаваны ў лясах. На долю самых складаных з іх — тарфяных — прыпала 169 пажараў. Нам вельмі дапамагаюць авіятары: за першыя паўгода нашы лётчыкі здзейснілі 226 палётаў. З паветра яны засяклі
102 пажары ў экасістэмах.
Як сябе паводзіць у навальніцу?
Але нярэдкая бывае і такая сітуацыя. Дзень пачынаецца з яркай сонечнай раніцы. Слупок тэрмометра ўпэўнена паўзе ўверх і спыняецца ў раёне трыццаціградуснай адзнакі. Раптам недзе на гарызонце з'яўляецца чорная хмара. Яна набліжаецца і павялічваецца ў памерах. І праз колькі хвілін пачынаецца моцны дождж з ветрам пад акампанемент грому і з навальнічнай «падсветкай»...
Разам з тым не ўсё так сумна. Знянацку навальніца ўжо не застане. У красавіку на сайце mеtеоіnfо.bу аднавілася праца дальнабойнага метэарадара, размешчанага на тэрыторыі Нацыянальнага аэрапорта Мінск. Радыус ахопу прылады — 200 кіламетраў. Гэта значыць, што радар «пакрывае» большую частку тэрыторыі Беларусі. Яму дапамагаюць меншыя радары, размешчаныя ў Брэсце і ў Гомелі. Усходнія раёны Беларусі, куды не дасягае радар, «прыкрываюць» комплексы, якія працуюць у расійскіх Вялікіх Луках і Смаленску.
Дзякуючы ім можна літаральна за некалькі секундаў паглядзець навальнічную абстаноўку ў краіне, ацаніць напрамак, у якім будзе рухацца атмасферны фронт, і... загадзя падрыхтавацца да гэтай небяспечнай для жыцця з'явы надвор'я.
23 чэрвеня трагедыя адбылася ў Кармянскім раёне Гомельскай вобласці. Прыкладна ў 13.40 два пастухі заганялі жывёл на лузе каля вёскі Струмень. Ударыла маланка, і адзін з пастухоў тут жа ўпаў. Напарнік падбег да яго і паспрабаваў прывесці ў прытомнасць, ды безвынікова. Мужчына выклікаў хуткую дапамогу. Але ўрачы толькі канстатавалі смерць.
Акрамя таго, у ноч на 27 чэрвеня электрычныя разрады падпалілі чатыры пабудовы на Магілёўшчыне. Час быў літаральна адзін і той жа — ад поўначы да чацвёртай гадзіны раніцы.
Часцей за ўсё маланкі б'юць у высокія кропкі, металічныя канструкцыі і ваду. Сіла току ў іх дасягае неверагодных значэнняў — да 500 тысяч ампер, а напружанне вымяраецца дзясяткамі мільёнаў вольт. Параўнайце гэта з класічнымі 220 вольтамі ў звычайнай бытавой разетцы.
— Таму лепш за ўсё навальніцу перасядзець дома, — раіць Віталь Навіцкі. — Зачыніце ўсе вокны і коміны, каб не прыцягваць шаравую маланку. Падчас «святламузыкі» за акном лепш трымацца далей ад антэн і электраправодкі. Электрапрыборы выключыце. Калі ж навальніца заспела вас у аўтамабілі, галоўнае — зачыніць вокны і нікуды з яго не выходзіць. Але калі вы сутыкнуліся з навальніцай у адкрытым полі, то сітуацыя ўскладняецца. Тут трэба прысесці і ахапіць калені рукамі — так вы будзеце менш выдзяляцца на агульным фоне і мінімізуеце плошчу магчымага кантакту. Тое ж датычыцца і лесу — маланкі часцей за ўсё б'юць у старыя высокія дрэвы. Распаўсюджаная памылка — класціся на зямлю: справа ў тым, што калі побач з вамі стукне маланка, то ўдар вы прымеце ўсёй плошчай цела. Таксама навальніца вельмі небяспечная каля вадаёмаў — дзякуючы таму што вада з'яўляецца ідэальным правадніком электрычнасці, ток можа распаўсюджвацца на даволі вялікія адлегласці.
З балконаў, з двара прыбярыце рэчы, якія могуць быць падхоплены парывамі шквалістага ветру і кагосьці траўміраваць. Ад ліній электраперадачы, будаўнічых канструкцый варта трымацца далей. Калі ж вы ўбачылі, напрыклад, абарваны дрот — адразу ж тэлефануйце нам. Няважна, што гэта — лінія электраперадачы, кантактная сетка тралейбуса ці нешта яшчэ. Так, у грамадстве існуе меркаванне, што, магчыма, хтосьці ўжо патэлефанаваў і паведаміў пра тое, што адбылося. Мы, у сваю чаргу, прытрымліваемся думкі, што няхай лепш да нас паступіць 50 званкоў, чым ніводнага. У любым выпадку дыспетчар задасць некалькі пытанняў, якія ўдакладняць сітуацыю, і пераадрасуе званок у патрэбную структуру.
Адыходзіць ад дрота, які можа быць пад напружаннем, таксама трэба правільна. Калі ісці звычайным крокам — вас ударыць токам. Таму трэба адступаць вельмі павольна, ледзь-ледзь прыўздымаючы ступні над зямлёй.
Валяр'ян ШКЛЕННІК
Сумесныя праекты ядзерных тэхналогій.
У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.