Вы тут

Як эксперты вызначаюць падроблены алкаголь?


На мінулым тыдні Сусветная арганізацыя аховы здароўя агучыла шакуючыя лічбы. Кожны дзень у Беларусі каля 50 чалавек памірае ад хвароб, звязаных са спажываннем алкаголю. На долю менавіта атручэнняў гэтым прадуктам прыпадае 1476 смерцяў штогод. Прыблізна столькі ж, колькі жыве ў самым невялікім горадзе нашай краіны — Дзісне.

Дзясятая частка лятальных атручэнняў мае прычынай няякасны алкаголь або метылавы спірт. Намеснік начальніка аддзела хімічных даследаванняў рэчываў невядомай прыроды Цэнтральнага апарата Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз Павел Шэндзік расказаў «Звяздзе» пра тое, як даследуюцца сурагаты і падробкі.

А дзе этылавы спірт?

— Істотная доля кантрафакту мае небеларускае паходжанне. Але ў чым яго асаблівасць? Па-першае, гэта тэхнічны або сінтэтычны спірт, які проста разбаўлены да патрэбнай моцнасці. У выпадку з гарэлкай — нават не на класічныя 40 % — часцей за ўсё, на 36-37 %. Ніхто ж не будзе замарочвацца ў падпольным цэху, вымяраць арэометрамі працэнтную долю спірту — і так вып'юць. Таму разбаўляюць «на вока». Было і колькі вясёлых момантаў — мы «лавілі» этыкеткі са свежай прадукцыі, у якіх быў пазначаны дзяржаўны стандарт, адменены за некалькі гадоў да таго. Запасы этыкетак засталіся, ну а хто з выпівох будзе правяраць звесткі на адпаведнасць?

Год ад году спецыфіка кантрафактнага алкаголю мяняецца. Звярніце ўвагу на склад, пазначаны на гэтай бутэльцы: вада пітная, цукровы сіроп, натрый двухвуглякіслы і іншае, і іншае... А дзе галоўнае — «спірт этылавы рэктыфікаваны»? Яго тут няма. А ён павінен стаяць на першых пазіцыях у спісе інгрэдыентаў сапраўднай гарэлкі. Спажывец жа задумвацца не будзе і стане лічыць, што гэта якраз і ёсць гарэлка.

Выпадкаў, калі ў продаж паступала прадукцыя з утрыманнем метанолу (як у Іркуцку, калі настойкай глогу насмерць атруцілася каля ста чалавек), у Беларусі не было. Але ўсё-такі на праверку да нас паступае такое спіртное. Аднойчы мы даследавалі ром вядомай маркі, які аказаўся падроблены. Яго пакаштавала дзяўчына. Метанол, на жаль, не пакінуў ёй шанцаў. А небяспека ў тым, што метанол пахне так, як і звычайны спірт. Без адмысловых пазнанняў у хіміі іх адрозніць немагчыма.

Таннае — не заўжды якаснае

— Напрыклад, у гандлі алкаголем у нашай усходняй суседцы сітуацыя часам даходзіць да вельмі цікавых асаблівасцяў, — працягвае Павел Шэндзік. — Напрыклад, за 300 рублёў (прыблізна пяць долараў ЗША ў эквіваленце) прадаецца... дарагі заходні каньяк. Гэтага не можа быць у прыродзе — колькі ён каштуе, вы можаце праверыць у краме.

Праўда, мушу зазначыць, што ў айчыннай рознічнай сетцы гандлю алкаголем існуе вельмі жорсткі кантроль. За адным выключэннем. У нас было некалькі выпадкаў, калі чалавеку ў бары замест дарагога напою налівалі што-небудзь таннае. І здаралася нават, што напой прывозілі проста ў графіне, якім карыстаўся афіцыянт.

Але чым толькі не труцяцца нашы людзі — абмывальнікам, антыфрызам і нават настойкай чамярыцы... Прынцып тут прымітыўны: што знайшлі ў каністры, тое і п'юць. Звычайна гэта або метанол, або, часцей за ўсё, этыленгліколь. Адкуль ён там бярэцца? Кожны аўтамабіліст рана ці позна сутыкаецца з неабходнасцю замены тармазной вадкасці або адпрацаванага антыфрызу. А куды падзець старыя рэчывы? Самы просты, але неэкалагічны варыянт — зліць у пластыкавую бутэльку і выкінуць на сметнік. Калі гэта падабраць і выпіць, то ў найлепшым выпадку чакае інваліднасць. У найгоршым — смерць. Раз у квартал у нас такія даследаванні. Во, паглядзіце, каністра, тут сіняя вадкасць — этанол? Метанол? Этыленгліколь? Штосьці яшчэ? Праверыць гэта можна толькі з дапамогай хімічных рэакцый...

Год ад году колькасць алкаголю, які трапляе да нас на экспертызу, знаходзіцца прыкладна на адным узроўні. Не змяншаецца і пэўная група спажыўцоў, якія не купляюць алкаголь у краме, а шукаюць нейкія абходныя шляхі.

Колькі часу займае адно даследаванне?

— Гледзячы што шукаць. Калі, напрыклад, стаіць задача высветліць, што ў гэтай каністры, то не больш за дзве-тры гадзіны. Але фальсіфікацыя алкаголю можа адбывацца на розных узроўнях. Вось, напрыклад, чаму каньяк вытрымліваюць у дубовых бочках? Таму што адзін з яго кампанентаў — рэчыва, якое экстрагуецца менавіта з гэтага дрэва. А на адным прадпрыемстве неяк вырашылі пайсці больш простым шляхам і накідалі ў каньяк бярозавых клёпак.

Сярод нашых асноўных метадаў — газавая храматаграфія і мас-спектраметрыя. Калі, напрыклад, узяць арыгінальны каньяк, то там павінны прысутнічаць кампаненты, якія бяруцца з сыравіны — вінаграднага дыстыляту. У народзе ён завецца «сівуха». Гэта сукупнасць вышэйшых спіртоў. Але калі каньяк па сутнасці — хімічны «суп» з розных араматызатараў, разбаўленых прапіленгліколем у падфарбаванай вадзе са спіртам, то гэта прыбор адразу ўбачыць.

— Якое даследаванне вам запомнілася больш за іншыя?

— Была ў нас неяк вельмі цікавая экспертыза. Адзін з заводаў закупляў вінаматэрыял для сваёй вытворчасці ў адной з рэспублік Паўночнага Каўказа. Але нешта там адбылося не па тэхналагічным працэсе, і ў вінаматэрыяле пайшоў некантраляваны працэс браджэння. У выніку пачаў утварацца воцат. І канцэнтрат, адпаведна, аказаўся сапсаваны. Здавалася б, дарога для яго адна... Але навошта выкідваць, калі можна прадаць? Вось на гэты самы завод і быў заказаны гэты вінаматэрыял. Аднак, разабраўшыся, што закупілі прадукт некандыцыйны, не сталі вяртаць прадукцыю. Спачатку тэхнолагі вырашылі пазбавіцца ад паху воцату і разбавілі вінаматэрыял водна-спіртавым растворам так, каб не ўпаў яго мацунак. Але ад гэтага змяніліся іншыя параметры, якія кантралююцца згодна з Дзяржстандартамі — канцэнтрацыя цукру, колер, кіслотнасць... Тэхнолагі пачалі сыпаць адзін сродак за другім, каб параметры адпавядалі заяўленым. Для падняцця кіслотнасці ўвогуле задзейнічалі лімонную кіслату. Ну а скончылася гэта ўсё візітам байцоў Аддзела па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі і сур'ёзнай крымінальнай справай.

У канцы нулявых гадоў у дыспансерах для дэзінфекцыі выкарыстоўваўся сродак пад назвай «Экстрасепт». І ўсё б было нічога, але яго прызвычаіліся спажываць, скажам так, людзі з нізкай сацыяльнай адказнасцю. Набыць той «Экстрасепт» было не так складана, тым больш што яго везлі ў Беларусь грузавікамі, пасля таго як знік легендарны шклоамывальнік «Максімка». У склад яго ўваходзіў «Біяпаг-Д» (полігексаметыленгуанідынгідрахларыд), якім і труціліся людзі. Давялося літаральна з чыстага аркуша распрацоўваць методыку па вызначэнні «Экстрасепту».

Але пад што толькі не хавалі «палены» спірт. У архіве ДКСЭ захаваліся газетныя рэкламы амаль пятнаццацігадовай даўніны. Яго маскіравалі нават пад размарожвальнік замкоў...

Валяр'ян ШКЛЕННІК

Загаловак у газеце: Ром з метанолам

Выбар рэдакцыі

Грамадства

У 72-м аб'яднаным вучэбным цэнтры юнакі атрымліваюць і грамадзянскія спецыяльнасці

У 72-м аб'яднаным вучэбным цэнтры юнакі атрымліваюць і грамадзянскія спецыяльнасці

72-і аб'яднаны вучэбны цэнтр, што ў Печах, — самая вялікая воінская часць у Беларусі. 

Грамадства

Распавядаем, як арганізавана меддапамога ў Паставах

Распавядаем, як арганізавана меддапамога ў Паставах

Самым аддаленым ад абласнога цэнтра раёне краіны.

У свеце

Чаму Дональд Трамп захацеў набыць Грэнландыю?

Чаму Дональд Трамп захацеў набыць Грэнландыю?

Цяпер гэтая аўтаномная тэрыторыя ўваходзіць у склад Каралеўства Данія.

Грамадства

Школы Гомельшчыны прайшлі праверку на гатоўнасць да навучальнага года

Школы Гомельшчыны прайшлі праверку на гатоўнасць да навучальнага года

Сё­ле­та ў да­школь­ныя ўста­но­вы ра­ё­на прый­дзе 2 700 ма­лых.