Вы тут

У Мінску абмеркавалі культурнае супрацоўніцтва Беларусі і Узбекістана


У межах Дзён культуры Узбекістана ў Беларусі адбыўся круглы стол, прысвечаны літаратурным сувязям і наогул культурнаму супрацоўніцтву дзвюх краін. Арганізатарамі сустрэчы творчай і навуковай інтэлігенцыі выступілі Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы, Міністэрства інфармацыі Беларусі, пасольства Рэспублікі Узбекістан у Рэспубліцы Беларусь і Выдавецкі дом «Звязда».


...Яшчэ летась у Ташкенце адкрылі помнік класіку беларускай літаратуры Якубу Коласу і аднавілі вуліцу яго імя. А літаральна некалькі дзён таму ў адным са сквераў Мінска з'явіўся бюст вялікага ўзбекскага паэта, мысліцеля і дзяржаўнага дзеяча Алішэра Наваі. І гэта значна больш, чым проста дыпламатычна-культурныя рэверансы паміж дзвюма краінамі. Бо Узбекістан з Беларуссю звязваюць не толькі гады эвакуацыі, якія Якуб Колас з сям'ёй правёў у Ташкенце, але і баявыя подзвігі на франтах Вялікай Айчыннай. Больш як 500 чалавек толькі з Самаркандскай вобласці ўдзельнічалі ў абароне Брэстчыны, 32 ураджэнцы Узбекістана ў баях за вызваленне Беларусі былі ўдастоеныя звання Героя Савецкага Саюза; Узбекістан жа выратаваў ад голаду і смерці звыш 1,5 мільёна эвакуіраваных савецкіх грамадзян, у тым ліку каля 300 тысяч дзяцей-сірот з Беларусі, блакаднага Ленінграда, нават з Польшчы і Іспаніі. (Пры гэтым — унікальны факт! — у дзіцячыя дамы выстройваліся чэргі ахвотных усынавіць асірацелых дзяцей з іншых рэспублік і краін...)

Сучасны Узбекістан — краіна шматнацыянальная і вельмі талерантная. Мяркуйце самі: адукацыя тут вядзецца на сямі мовах, тэле- і радыёвяшчанне, друкаваныя СМІ выходзяць на 12 мовах, у краіне існуе 16 канфесій, і да ўсіх іх як на дзяржаўным, так і на побытавым узроўні ставяцца з аднолькавай павагай і прыязнасцю.

«Нашы краіны ўзаемадзейнічаюць вельмі даўно — яшчэ ў 20—30-я гады мінулага стагоддзя Беларусь, як і іншыя савецкія рэспублікі, дапамагала Узбекістану наладжваць прамысловасць і эканоміку, — нагадаў на круглым стале старшыня камітэта па міжнацыянальных зносінах і сяброўскіх сувязях з замежнымі краінамі пры Кабінеце міністраў Рэспублікі Узбекістан Рустамбек Курбанаў. — Другая магутная хваля міграцыі звязаная з Вялікай Айчыннай вайной і эвакуацыяй. Трэцяя ж — з будаўніцтвам Ташкенцкага трактарнага завода, дзе працавала мноства мінчан, спецыялістаў з МТЗ. І, вядома, Беларусь блізкая і родная для нас краіна яшчэ і таму, што многія нашы землякі склалі галовы ў баях за вызваленне агульнай савецкай Радзімы. Дзякуй вялікі ўсім беларусам за тое, што захоўваеце гэтую памяць». Ён таксама выказаў спадзяванне, што пасля візіту дэлегацыі ў Беларусь папоўніцца новымі кнігамі — падручнікамі па беларускай мове, зборнікамі паэзіі і прозы, перакладамі беларускіх пісьменнікаў — і бібліятэка, створаная пры камітэце па міжнацыянальных зносінах.

«Я ўпершыню прыехаў у Беларусь, убачыў вашу сталіцу і гэты цудоўны музей Янкі Купалы. І, шчыра прызнаюся, глыбока ўражаны той руплівасцю і ўвагай, з якой вы захоўваеце нашу агульную гісторыю, — зазначыў рэктар Ташкенцкага дзяржаўнага ўніверсітэта ўзбекскай мовы і літаратуры імя Алішэра Наваі Шухрат Сіраджыддзінаў. — Я адчуваю паміж нашымі народамі шмат агульнага: наш паэт Алішэр Наваі, як і беларускія паэты Янка Купала і Якуб Колас, выступаў за ўмацаванне нават у самых складаных умовах роднай мовы і культуры, захаванне нацыянальнай ідэнтычнасці...». Шухрат Сіраджыддзінаў расказаў, што цяпер пры ўніверсітэце працуе Цэнтр расійскай культуры, які ў прыватнасці займаецца перакладам узбекскіх класікаў і сучасных аўтараў на рускую мову, і наадварот, і выказаў спадзяванне, што неўзабаве з'явіцца аналагічны Цэнтр беларускай культуры, які дапаможа народам дзвюх краін праз узаемныя пераклады стаць бліжэй адзін да аднаго.

«Асабіста мне прыемна, што ініцыятывы, з якімі выступае наша аб'яднанне, амаль адразу знаходзяць водгук на дзяржаўным узроўні», — сказала старшыня Ташкенцкага гарадскога беларускага нацыянальнага цэнтра «Світанак» Святлана Дудзюк. Так, у 2017 годзе адразу знайшла падтрымку ідэя ўстанаўлення ў Ташкенце мемарыяльнай дошкі і помніка Якубу Коласу, на чарзе — увекавечанне памяці беларускай паэткі Эдзі Агняцвет, якая таксама жыла ва Узбекістане ў эвакуацыі, і пераклад на ўзбекскую мову паэмы Якуба Коласа «Сымон-музыка», якой споўнілася ўжо больш чым 100 гадоў.

«Ужо больш за 60 гадоў няма з намі вялікага паэта, але сувязь з Узбекістанам захоўваецца, і гэта цудоўна, — падкрэсліла намеснік дырэктара Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа Настасся Трафімчык. — Хоць з Ташкентам звязаныя даволі трагічныя старонкі ў жыцці паэта, але ён захаваў надзвычай цёплыя ўспаміны пра сонечную краіну, якая выратавала жыццё ягонай сям'і і падарыла сяброўства з узбекскімі паэтамі, ён прысвяціў нямала вершаў Узбекістану і да канца сваіх дзён з цеплынёй і ўдзячнасцю згадваў праведзены там час. Таму вельмі важна, што і сёння працягваюцца ініцыятывы, звязаныя з перакладам твораў Якуба Коласа на ўзбекскую мову».

«Мы ва Узбекістане вельмі любім і шануем як Якуба Коласа, так і іншых беларускіх паэтаў і пісьменнікаў, з творчасцю якіх знаёмыя яшчэ са школы, — запэўніў старшыня Саюза пісьменнікаў Узбекістана, народны паэт Сіраджыддзін Саідаў. — Але адна рэч — ведаць адзін пра аднаго на адлегласці, а іншая — сустрэцца вочы ў вочы, абмеркаваць шляхі супрацоўніцтва і сумесныя планы. А я ўпэўнены, што іх будзе шмат, бо Мінск і Ташкент цяпер вельмі блізка: наш вялікі паэт Алішэр Наваі навечна «прапісаўся» ў Мінску».

Старшыня Акадэміі мастацтваў Узбекістана Акмал Нурыддзінаў і кіраўнік Саюза мастакоў Беларусі Рыгор Сітніца ў працяг тэмы аднадушна пагадзіліся, што плённае супрацоўніцтва ў галіне літаратуры трэба пашыраць і на іншыя сферы культуры. «Я вельмі хацеў бы папрацаваць з вашымі мастакамі і паказаць ім не толькі сталіцу, але таксама іншыя рэгіёны Узбекістана, зрабіць сумесную выстаўку ў Ташкенце, а таксама прывезці творчую дэлегацыю ў Беларусь, бо нам ёсць чаму павучыцца — напрыклад, у галіне скульптуры, ліцейнай школы, якая ў вас цудоўна захавалася», — сказаў Акмал Нурыддзінаў.

Канкрэтныя прапановы па супрацоўніцтве прывёз на гістарычную радзіму і прафесар кафедры рускай мовы і літаратуры Узбекскага дзяржаўнага ўніверсітэта сусветных моў Анатоль Ліхадзіеўскі (дарэчы, сын беларускага паэта і перакладчыка Сцяпана Ліхадзіеўскага, які значную частку жыцця правёў ва Узбекістане) — магчыма, неўзабаве дамову аб супрацоўніцтве ў галіне філалогіі падпішуць Узбекскі ўніверсітэт сусветных моў і Белдзяржуніверсітэт. Акрамя таго, Анатоль Сцяпанавіч прэзентаваў калегам свае распрацоўкі — спецкурс лекцый і семінараў «Літаратура славянскіх народаў», належнае месца ў якім займаюць беларускія паэты і пісьменнікі, і выказаў упэўненасць, што ў недалёкай будучыні гэты курс будзе пашыраны і дапоўнены імёнамі сучасных беларускіх літаратараў.

Падчас сустрэчы, натуральна, гучалі не толькі разважанні і практычныя прапановы аб супрацоўніцтве, але і вершы на розных мовах — узбекскай, рускай і беларускай — у выкананні паэта, публіцыста, тэлевядучага Навума Гальпяровіча, маладой узбекскай паэткі Малікі Абідавай, праўнучкі народнага паэта Беларусі Якуба Коласа і супрацоўніцы аднайменнага літаратурнага музея Васіліны Міцкевіч. Таксама на круглым стале прэзентавалі кнігу «Перамога адна на ўсіх. Беларусь—Узбекістан». Яна расказвае пра подзвігі ўзбекістанцаў, якія змагаліся ў гады Вялікай Айчыннай вайны з нямецка-фашысцкімі захопнікамі на тэрыторыі Беларусі, і з'яўляецца часткай маштабнай кніжнай серыі «Беларусь памятае: у імя жыцця і міру».

«Звыш тысячы імёнаў ураджэнцаў Узбекістана, якія загінулі на тэрыторыі Беларусі ў 1941—1944 гадах, нам удалося ўстанавіць і ўнесці ў спіс памяці. Даследчая работа ў архівах, перапіска са сваякамі загінулых салдат працягваецца, некаторыя сакрэтныя матэрыялы цяпер раскрываюцца, таму, мяркую, спіс яшчэ будзе дапоўнены», — адзначыў дырэктар выдавецтва «Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі» Уладзімір Андрыевіч. Акрамя таго, рыхтуецца да выдання ў 2020 годзе сумесны праект Інстытутаў гісторыі Беларусі і Узбекістана, прысвечаны ўзбекам і ўраджэнцам Узбекістана, якія вызвалялі Беларусь і набліжалі агульную Перамогу.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК

Фота Канстанціна ДРОБАВА


Сімвалы дружбы: у жніўні 2018 года ў Ташкенце ўрачыста адкрылі помнік беларускаму паэту Якубу Коласу, які знаходзіўся з сям'ёй ва Узбекістане ў гады Вялікай Айчыннай вайны, а сёлета адзін са сквераў Мінска ўпрыгожыў бюст-помнік геніяльнага паэта і гуманіста, заснавальніка ўзбекскай літаратуры Алішэра Наваі.

Фота БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.